Першая рэвалюцыя пакалення Z. Дасье ў карыкатурах

Пратэсты моладзі ў Непале, выкліканыя блакіроўкай сацсетак, прывялі да адстаўкі прэм'ер-міністра краіны. І гэта можа быць толькі пачаткам. Расказваем, што адбылося, пры дапамозе карыкатур.

Такім чынам, 4 верасня ўрад Непала распарадзіўся заблакаваць шэраг сацыяльных сетак і іншых сайтаў, у тым ліку YouTube, X, Reddit, LinkedIn, WhatsApp, Facebook, Instagram. Афіцыйныя падставы: яны не зарэгістраваліся ў адпаведнасці з новымі правіламі Мінсувязі. Зрэшты, усім было зразумела, што галоўнай прычынай забароны з'яўлялася крытыка непатызму і карупцыі чыноўнікаў у тых самых сетках. Нядзіўна, што мясцовыя мастакі выяўлялі, як прэм'ер Кхадга Прасад Шарма хоча займець каралеўскі трон.

photo_2025_09_15_19_25_18.jpg

Не будзем забывацца на цяжкую сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне, ахвярай якой з'яўляецца моладзь. Кожны чацвёрты непалец — жабрак. Не выпадкова на гэтым малюнку непальскага прэм'ера скідае з Гімалаяў юнак, які працуе кур'ерам — тыповая прафесія маладых людзей.

photo_2025_09_15_19_25_21.jpg

8 верасня ў сталіцы Непала Катманду тысячы маладых людзей выйшлі на акцыі пратэсту супраць крыміналізацыі сацсетак. Пратэстоўцы будавалі барыкады і закідвалі паліцыю рознымі прадметамі. У адказ паліцыянты адкрылі агонь, забіўшы як мінімум 20 чалавек. Атмасферу ў непальскай сталіцы ў гэтыя дні перадае гэты малюнак. 

photo_2025_09_15_19_25_25.jpg

У выніку 9 верасня было паведамлена аб адмене блакіроўкі сацыяльных сетак. Адразу пасля гэтага прэм'ер-міністр Кхадга Прасад Шарма Олі пайшоў у адстаўку. Аднак аглядальнікаў безумоўна цікавіць іншае. Пратэсты ў Непале — першая рэвалюцыя, якую арганізавалі прадстаўнікі пакалення «зумераў» — тэрмін, што ўжываецца ў свеце для пакалення людзей, якія выраслі ва ўмовах доступу да Інтэрнэту з ранняга ўзросту. Сацыёлагі і псіхіятры лічаць, што гэта негатыўна ўплывае на псіхіку. Таму часта «зумераў» выяўляюць як кагнітыўна недалёкіх людзей. На гэтым малюнку «зумеры» не ведаюць як адкрыць кнігу.

photo_2025_09_15_19_25_27.jpg

Але на прыкладзе Непала мы бачым, што «зумеры» здольныя на перавароты. І наўрад справа абмяжуецца адным Непалам. Рэвалюцыя ў Катманду адгукнецца рэхам у сацыяльных сетках «зумераў» па ўсім свеце і адаб'ецца на іх калектыўнай самаідэнтычнасці. Не дарма, адразу пасля Непала пачаліся беспарадкі ў Шры-Ланцы. А на гэтай карыкатуры прэм'ер Індыі тэрмінова патрабуе панізіць кошты на інтэрнэт, каб супакоіць мясцовых «зумераў».

photo_2025_09_15_19_25_31.jpg

Яшчэ далей ідзе аўтар гэтай карыкатуры. Ён лічыць, што справа не абмяжуецца азіяцкім рэгіёнам. На малюнку палітыкі з розных куткоў планету ў жаху назіраюць за трансляцыяй з Непала.

photo_2025_09_15_19_25_35.jpg