Польшча адмаўляе «памылку» расійскіх беспілотнікаў і закрыла мяжу з Беларуссю

Дональд Трамп нібы пацвярджае свой статус «сябры Пуціна» і мяркуе, што масіраваны залёт расійскіх дронаў у Польшчу мог быць «памылкай» — насуперак меркаванням экспертаў. Польшча адмаўляе версію пра «памылку», закрыла мяжу з Беларуссю і будзе супрацоўнічаць з Украінай у супрацьдзеянні дронам. Ідуць 1297-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

546559891_1136568235322920_6427866341915045684_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 195 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 12 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 60 наступальных дзеянняў расіян ў Шахава, Уладзіміраўкі, Мікалаеўкі, Новаўкраінкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 33 атакі паблізу Паддубнага, Ялты, Сасноўкі, Іванаўкі, Філіялу, Зялёнага Гаю, Маліеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 21 раз, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі, Торскага, Дробышава, Студні і іншых.

На Северскім кірунку за мінулыя суткі армія РФ здзейсніла 18 атак у раёнах Рыгараўкі, Серабранкі, Дронаўкі, Выемкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 13 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Свірнавага і ў напрамку Атраднага.

На Тарэцкім кірунку зафіксавана 12 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Кацярынаўкі, Русінага Яру, Маяку, Сафіеўкі, Палтаўкі.

* * *

У ноч на 12 верасня Расія атакавала Украіну 40 ударнымі БПЛА. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 33 БПЛА.

Адзін чалавек загінуў у горадзе Сумы ў выніку расійскага ўдару дронамі раніцай 12 верасня.

Два чалавекі загінулі і яшчэ 5 атрымалі раненні ў выніку расійскага ракетнага ўдару па Быціцкім старастаце ў Сумскай вобласці раніцай 12 верасня.

У ноч на 12 верасня ў РФ заявілі аб масіраванай атацы беспілотнікаў. У прыватнасці, выбухі чулі ў Смаленску і пад Масквой. Відавочцы заяўляюць пра атаку беспілотнікаў на аб'екты расійскай нафтавай кампаніі «Лукойл».

* * * 

547503527_1137353648577712_1043411472639034085_n.jpg

* * *

З паўночы чацвярга ўсе памежныя пераходы Польшчы з Беларуссю закрытыя да далейшых зносінаў. Рух паміж межамі ў абодвух напрамках прыпынены.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў пра закрыццё ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю. Ён растлумачыў, што гэта звязана з агрэсіўнымі расійска-беларускімі вайсковымі вучэннямі «Захад-2025», якія пачаліся 12 верасня.

Падчас паўночнай прэс-канферэнцыі ў Тэрэспалі міністр унутраных спраў Польшчы Марцін Кервінскі заявіў, што гэтыя манеўры накіраваныя непасрэдна «супраць Польшчы і Еўрапейскага Саюза».

Прыпыненне памежнага руху з Беларуссю дзейнічае ў абодвух напрамках. Гэта тычыцца як аўтамабільнага транспарту, так і грузавых цягнікоў.

Нагадаем, у ноч на 10 верасня падчас масіраванай атакі РФ па Украіне каля 20 расійскіх дронаў заляцелі ў паветраную прастору Польшчы. СПА ўдалося збіць толькі 4 беспілотнікі. Адзін з дронаў упаў на тэрыторыю вайсковай базы.

Дроны ў Польшчу ляцелі ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Раней Агенцтва польскай авіяцыйнай навігацыі заявіла, што абмежавала авіяцыйны рух ва ўсходняй частцы Польшчы ўздоўж мяжы з Украінай і Беларуссю з 10 верасня па 9 снежня з меркаванняў нацыянальнай бяспекі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у каментары журналістам у чацвер у Белым доме заявіў, што ўварванне расійскіх беспілотнікаў у паветраную прастору Польшчы магло быць «памылкай»: «Гэта магло быць памылкай, але, нягледзячы на гэта, я не задаволены тым, што звязана з усёй гэтай сітуацыяй. Але, спадзяюся, усё гэта скончыцца».

Трамп таксама дадаў, што асудзіць Расію «нават за тое, што яна наблізілася да гэтай лініі». Ён заявіў, што яму гэта «не падабаецца»: «Я не ў захапленні ад гэтага».

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адказаў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу ў сетцы Х, катэгарычна напісаўшы: «Не, гэта не была памылка».

Таксама Радаслаў Сікорскі ў інтэрв'ю PBS заявіў, што «Трампу ўжо час убачыць, што Пуцін насміхаецца з яго».

«Замест спынення агню, на якое спадзяваліся перад самітам на Алясцы, і сур'ёзных мірных перамоваў Пуцін запускае толькі больш і больш беспілотнікаў — спачатку супраць Украіны, а цяпер і супраць NATO», — падкрэсліў міністр.

Кіраўнік МЗС Польшчы спадзяецца, што ў канцы гэтага працэсу «мы ўбачым сур'ёзныя скаардынаваныя дзеянні для таго, каб Пуцін усвядоміў, што ягоны экзатычны праект адраджэння Расійскай імперыі не мае шанцаў».

Сікорскі адзначыў, што Польшча паважае спробы спыніць расійска-ўкраінскую вайну дыпламатычным шляхам, але «на нашу думку, Пуцін адрэагуе толькі на моцныя крокі. Пуцін занадта доўга злоўжываў добрай воляй прэзідэнта Трампа», падкрэсліў польскі міністр.

* * *

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча дамовілася аб сустрэчы з украінскім бокам і будзе працаваць разам з Украінай для максімальнай абароны ад расійскіх дронаў.

«Усе ставяцца да гэтага як да агульнай справы. Дзякуючы гэтай салідарнасці прагучалі не толькі словы падтрымкі, але і адназначныя заявы аб непасрэднай дапамозе Польшчы. Я чуў гэта ад лідараў Францыі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Нідэрландаў. Мы таксама будзем супрацоўнічаць з Украінай у стварэнні максімальна эфектыўнай абароны ад дронаў. Мы дамовіліся аб сустрэчы ў бліжэйшыя гадзіны для абмеркавання і абмену вопытам», — сказаў Туск.

Сёння ж віцэ-прэм'ер-міністр, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі пачаў свой візіт ва Украіну. На кіеўскім чыгуначным вакзале яго сустрэў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

* * *

ЗША будуць аказваць ціск на краіны G7, каб ударыць па Індыі і Кітаю рэзка падвышанымі тарыфамі на куплю расійскай нафты, каб прымусіць РФ да мірных перамоваў з Украінай, піша Financial Times. Пра гэта выданню распавялі чатыры крыніцы, дасведчаныя аб гэтых планах.

На гэтым тыдні Трамп заклікаў ЕС увесці 100%-ныя пошліны для Кітая і Індыі, а цяпер ён хоча прыцягнуць да гэтага саюзнікаў па G7.

«Кітайскія і індыйскія закупкі расійскай нафты фінансуюць вайсковую машыну Пуціна і працягваюць бессэнсоўнае забойства ўкраінскага народа», — заявіў прадстаўнік Міністэрства фінансаў ЗША.

Спікер адмовіўся назваць лічбу планаваных тарыфаў, але людзі, знаёмыя з сітуацыяй, кажуць, што ЗША прапанавалі ўзроўні ад 50 да 100 адсоткаў.

* * *

Брытанскі міністр замежных спраў Івет Купер прыедзе ў Кіеў у пятніцу 12 верасня. Гэта будзе яе першая замежная паездка пасля прызначэння на пасаду, піша Reuters.

У рамках візіту яна абвесціць аб выдзяленні Украіне 142 млн фунтаў (193 млн даляраў) зімовай падтрымкі.