Еўропа занепакоеная слабой рэакцыяй Трампа на залёт расійскіх дронаў у Польшчу
Рэакцыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на ўварванне расійскіх дронаў у Польшчу выклікала занепакоенасць у еўрапейскіх сталіцах, піша Reuters. Некаторыя чальцы NATO нават ставяць пад сумнеў гатоўнасць Трампа абараняць іх у выпадку рэальнага нападу Расіі, а таму рыхтуюцца збіваць дроны яшчэ над Украінай. Ідуць 1300-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з rbc.ru
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 187 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 58 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Ніканараўкі, Мірнаграду, Радзінскага, Сухецкага, Лісоўкі, Удачнага, Шахавага, Вольнага, Зверава, Філіі, Дачнага і іншых.
На Сіверскім кірунку ўкраінскія войскі адбілі 25 атак у раёнах Серабранкі, Грыгораўкі, Дронаўкі, Выемкі.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 21 атаку паблізу Іванаўкі, Ялты, Уваскрасенкі, Маліеўкі, Талстога, Аляксандраграду, Тэрнаў і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 19 разоў паблізу Шандрыгалава, Дэрылава, Калодзязяў, Дробышава, Торскага.
На Тарэцкім кірунку адбіта 14 атак у раёнах Плешчыеўкі, Катарынаўкі, Аляксандра-Калінавага, Палтаўкі, Шчарбініўкі, Сафіеўкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 11 баявых сутыкненняў. На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 10 баёў паблізу Ваўчанска і ў кірунку Адраднага.
На Купянскім і Краматорскім кірунках зафіксавана па дзевяць атак расіянаў на кожным.
* * *
УСУ і Нацгвардыя Украіны на Дабрапольскім кірунку вызвалілі Панкоўку і прылеглыя населеныя пункты ў Данецкай вобласці, паведамляе 1-ы корпус НГУ «Азоў». «Сілы абароны Украіны прыкладаюць усе намаганні, каб спыніць прасоўванне ворага і не дапусціць прарыву абароны», — адзначылі ў корпусе.
* * *
У ноч на 15 верасня Расія атакавала Украіну трыма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300, а таксама 84 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, «Гербера» і дронамі іншых тыпаў. Сіламі супрацьпаветранай абароны было знішчана або падаўлена 59 БПЛА.
Расійцы масіравана атакавалі дронамі Нежын Чарнігаўскай вобласці. Пад ударам аказаліся ратавальнікі, якія тушылі пажар на прадпрыемстве. Траўмаваныя чацвёра супрацоўнікаў ДСНС. Акрамя таго, раненні атрымаў 59-гадовы жыхар адной з вёсак Нежыншчыны.
У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку начнога абстрэлу атрымала раненні жанчына, узніклі пажары на аб'ектах інфраструктуры і ў прыватных дамах.
Расійскія войскі нанеслі два ракетныя ўдары па тэрыторыі сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Барамлянскай абшчыне Ахтырскага раёна Сумскай вобласці. Мэтай стала поле, дзе працавала сельскагаспадарчая тэхніка. У выніку атакі пацярпелі людзі, якія збіралі ўраджай. Раненні атрымалі 12 работнікаў, адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане. Пашкоджана 30 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі.
У ноч на 15 верасня ў Запарожжы была чутная серыя выбухаў. Папярэдне, без пацярпелых.
* * *

* * *
Заходнія чыноўнікі падтрымліваюць украінскую ініцыятыву Sky Shield, каб Еўропа збівала дроны і ракеты РФ над заходняй часткай Украіны, піша Le Monde.
Выданне адзначае, што пасля інцыдэнту з дронамі ў Польшчы, Еўропа не можа спадзявацца на абарончую стратэгію, якая палягае толькі ў збіванні беспілотнікаў над яе тэрыторыяй. Тым больш, калі чакаць, пакуль расійскія ракеты парушаць аднойчы еўрапейскія межы, гэта фактычна значыць перадаць ініцыятыву праціўніку. Таму Le Monde прапануе змяніць гэтую логіку і засяродзіць абарону на больш высокім узроўні.
Гаворка ідзе пра перахоп расійскіх цэляў ва ўкраінскай паветранай прасторы да таго, як яны дасягнуць еўрапейскіх межаў, адначасова абараняючы насельніцтва Украіны. Такому падыходу адказвае ініцыятыва Sky Shield.
«Ініцыятыва "Skyshield", распрацаваная украінскай грамадскай арганізацыяй "Кошт свабоды" і падтрыманая некалькімі сотнямі еўрапейскіх і амерыканскіх палітычных дзеячаў і высокапастаўленых афіцэраў, якраз адказвае гэтай двайной патрэбы», — піша Le Monde.
Выданне паказвае, што гэтая ініцыятыва дазволіла б Еўропе збіваць расійскія ракеты і дроны над тэрыторыяй Украіны, адначасова абараняючы крытычна важную інфраструктуру, атамныя электрастанцыі, украінцаў і тэрыторыю Еўропы.
Le Monde падкрэсліла, што такое ўмяшанне ніякім чынам не будзе лічыцца агрэсіяй супраць РФ, паколькі міжнародныя канвенцыі аб гуманітарнай дапамозе, ядзернай абароне і грамадзянскай авіяцыі цалкам апраўдваюць падобныя меры.
Акрамя таго, пры такім раскладзе Расія была б больш схільная да перамоваў аб спыненні агню, мяркуе выданне.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв'ю Fox News не выключыў сустрэчы паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, але мяркуе, што арганізаваць яе будзе нялёгка.
«Перамовы будуць. Але верагодна, мне давядзецца ўмяшацца. Пуцін і Зяленскі настолькі ненавідзяць адзін аднаго, што практычна не могуць гаварыць. Яны проста не здольныя гаварыць адзін з адным», — дадаў Трамп.
Пры гэтым Трамп назваў санкцыі краін ЕС супраць Расіі досыць слабымі і заклікаў еўрапейскіх партнёраў да больш жорсткіх абмежаванняў. «Санкцыі, якія яны (еўрапейцы) ўводзяць, недастаткова жорсткія. Я гатовы ўвесці санкцыі, але яны павінны ўзмацніць свае санкцыі ў адпаведнасці з тым, што раблю я. Думаю яны гэта зробяць, але пакуль яны толькі кажуць, а не дзейнічаюць», — сказаў Трамп.
Нагадаем, цягам апошніх некалькіх месяцаў прэзідэнт ЗША актыўна пагражае ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі за нежаданне расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна весці перамовы аб спыненні вайны, і нават усталёўваў некалькі дэдлайнаў для Пуціна. Аднак пасля заканчэння гэтых дэдлайнаў санкцыі ён так і не ўводзіў.
* * *
Рэакцыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на ўварванне расійскіх дронаў у Польшчу выклікала занепакоенасць у еўрапейскіх сталіцах, піша Reuters.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, турботы паўсталі з-за адмовы Трампа публічна заклікаць Маскву да адказу за інцыдэнт, а таксама адсутнасць удзелу ЗША ў яго прадухіленні. У публікацыі гаворыцца, што публічны каментар Трампа быў успрыняты як яшчэ адзін прыклад ягонага падыходу «Амерыка вышэй за ўсё», які заклікае еўрапейскіх хаўруснікаў узяць на сябе вялікую адказнасць за ўласную бяспеку і выдаткі на дапамогу Украіне ў яе абароне ад Расіі.
Многія чальцы NATO ўжо ставяць пад сумнеў гатоўнасць Трампа абараняць іх у выпадку рэальнага нападу Расіі, адзначае агенцтва.
У той жа час прадстаўнік Белага дома на ўмовах ананімнасці заявіў, што Трамп «хоча, каб гэтая вайна скончылася як мага хутчэй», і што Расія і Украіна павінны спыніць канфлікт, а Еўропа павінна «ўнесці свой уклад, аказваючы эканамічны ціск на краіны, якія фінансуюць вайну».
* * *
Санкцыі супраць Расіі малаэфектыўныя, таму еўрапейскія дзяржавы павінны далучыцца да ЗША ва ўвядзенні санкцый супраць Індыі і Кітая, якія купляюць расійскую нафту. Пра гэта заявіў сенатар-рэспубліканецЛіндсі Грэм у інтэрв'ю NBC News.
Паводле яго, усе магчымыя санкцыі супраць Расіі ўжо былі ўведзеныя, аднак Масква навучылася іх абыходзіць. Менавіта таму новы санкцыйны законапраект Грэма і дэмакрата Рычарда Блюметаля прадугледжвае абмежаванні для краін, якія да гэтага часу купляюць расійскія тавары, у прыватнасці нафту.
Грэм падкрэсліў, што еўрапейскія краіны павінны ўвесці санкцыі супраць Індыі і Кітая, як гэта заклікаў зрабіць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
У той жа час спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан заявіў у інтэрв'ю для CBS News, што неабходнасць у санкцыях наспела ўжо даўно, але Кангрэс не будзе прымаць новыя санкцыі супраць Расіі без узгаднення з Дональдам Трампам.