У Беларусі памілавалі 25 чалавек — сярод іх палітвязні. Хронікі рэпрэсій 16 верасня
На праўладных каналах з'явілася інфармацыя, што падпісаны ўказ на памілаванне 25 чалавек. Сярод іх ёсць і асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Але хто гэтыя людзі — пакуль невядома.

Сярод памілаваных 12 жанчын і 13 мужчын; 19 чалавек ва ўзросце да 40 гадоў. У многіх з іх ёсць дзеці, а адна асуджаная з'яўляецца шматдзетнай маці. Паведамляецца, што адзін з памілаваных учыніў злачынства ў непаўналетнім узросце.
Пра дэпартацыю вызваленых людзей пакуль нічога не паведамляецца.
Былы палітвязень Дзмітрый Семчанка з'ехаў з Беларусі з сям'ёй
«З Воўчых нор я выйшаў з воўчым білетам (гучыць надзіва лагічна для ХХІ стагодзя). У Беларусі на гэты час я пазбаўлены элементарных правоў. Не магу нават атрымаць сім-карту, застрахавацца ці адкрыць банкаўскі рахунак. Маўчу ўжо пра магчымась вярнуцца да PR-сферы і маркетынгу, якімі займаўся да арышту.
Пачынаю ўсё з нуля ў Варшаве… Усё ж няслушна казаць “з нуля”, бо ёсць вопыт, розум, рукі, а самае галоўнае - нашыя беларусы, якімі я шчыра ганаруся і ў якіх я не спыняўся верыць нават у начным холадзе ШЫЗА і ўпэўнены, што гэтая вера сагрэе і тут», — напісаў ён у фэйсбуку.
Дзмітрый — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзідэнцкага пула» тэлеканала АНТ. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і асудзілі да 3 гадоў калоніі.
Семчанка цалкам адбыў тэрмін і ў ліпені выйшаў на волю.
Спявак, гід і педагог Аляксей Галіч быў на сутках за «пікет у інтэрнеце»
Учора стала вядома, што перастаў выходзіць на сувязь спявак, гід і педагог Аляксей Галіч — паводле ягоных сяброў, сувязь з Аляксеем знікла каля 2 тыдняў таму, яго тэлефон выключаны.
Як стала вядома, Аляксей адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пасля выхаду на волю мужчына хварэе.
Журналісту Ігару Ільяшу прызначылі 4 гады калоніі за каментары і інтэрв'ю незалежным СМІ
Мінскі гарадскі суд прызначыў палітзняволенаму журналісту Ігару Ільяшу чатыры гады пазбаўлення волі, піша @radiosvaboda. Суддзя Сяргей Кацэр прызнаў Ігара вінаваты паводле арт. 369 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Нагадаем, Ігара Ільяша затрымалі 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый праўладных тэлеграм-каналаў вынікала, што журналіст затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням». Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў «збор звестак для замежных выведак — даваў каментары ўкраінскім выданням».
На «пакаяльным відэа» Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам.
Юрыстку з Мінска асудзілі па «народным» 342-м артыкуле
Таццяне Клачко 37 гадоў. Яна родам з Бабруйска. У 2011-м дзяўчына скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2017 і 2021-м прайшла курсы ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, пракурораў, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.
Таццяна працуе юрыстам з 2010 года. Пасля працы ў розных кампаніях, у тым ліку міжнародных, яна стала партнёрам бюро Lovtsov, Klochko & Partners. З 2014 удзельнічае ў штогадовым даследаванні Сусветнага банка «Doing Business».
Таццяна спецыялізуецца на паслугах бізнэсу. Яна займаецца прававымі спрэчкамі, прававым аўдытам, пытаннямі здзелак па зліцці і паглынанні бізнэсу, а таксама ягонай ліквідацыі. Таццяна бралася за праекты як у Беларусі, гэтак і ў замежжы, піша «Наша Ніва».
Таццяну Клачко асудзілі ў сярэдзіне 2025 года па абвінавачанні ва «ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Ёй прысудзілі «хатнюю хімію».