170 «выйшлі», 283 «зайшлі». Хронікі рэпрэсій 17 верасня

З 18 студзеня ў Беларусі адбыліся 9 хваляў памілавання палітзняволеных — агулам было вызвалена 170 чалавек. Але палітвязняў сярод іх магло быць менш. За гэты час 283 чалавекі атрымалі статус палітвязня. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўзросту і сацыяльнага статуса, якія абвінавачваюцца па шэрагу палітычных артыкулаў.

1_1097_1.png

У Беларусі +17 новых палітвязняў

Гэта Аліна Шаўцова, Ілля Ходас, Віталь Цынкель, Віктар Турчэнік, Людміла Шрубок, Алена Жукава, Вольга Пракопчык, Наталля Краўчук, Лілія Юруць, Ірына Дабрыновіч, Леанід Шпец, Іван Замяцін, Аляксандр Варабей, Кірыл Пазняк, Раман Сарока, Аляксей Друпаў, Надзея Ляшук.

Пяць гадоў за кратамі Марфа Рабкова

Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення і велізарнага штрафу.

Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію.

Amnesty International Polska збірае подпісы ў падтрымку Марфы — іх хочуць перадаць кіраўніку МЗС Польшчы, каб ён узнімаў пытанне вызвалення беларускай палітзняволенай на міжнароднай арэне. Падпісаць петыцыю можна па спасылцы.

Месца ўтрымання: ПК № 4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Марфа (Марыя) Аляксандраўна Рабкова

У глыбоцкай калоніі адмаўляюцца пацвердзіць, што Мікалай Статкевіч у іх

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісала Марына Адамовіч.

«У Глыбокім адмаўляюцца пацвердзіць, што Мікалай Статкевіч у іх. Была на асабістым прыёме. 

"Адказ на зварот атрымаеце ў пісьмовым выглядзе ў 15-цідзённы тэрмін"».

Нагадаем, 69-гадовы экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч высадзіў нагою дзверы аўтобуса і выйшаў у нейтральнай зоне між Беларуссю і Літвой, калі яго спрабавалі дэпартаваць 11 верасня. Пазней з'явілася інфармацыя, што палітвязня вярнулі ў глыбоцкую калонію.

Па «справе Гаюна» затрымана не менш за 67 чалавек

Паводле звестак «Вясны», у Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Людзям інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.

Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў па гэтай справе — фігурантам прызначаюць ад «хіміі» да калоніі. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрымання пад вартай на некалькі месяцаў.

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 67 пацверджанага фігуранта «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.

Палітзняволеную расіянку асудзілі да 3 гадоў калоніі

Грамадзянку Расіі Яраславу Храмчанкову 9 верасня прызналі вінаватай паводле арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэксу. Гомельскі абласны суд прызначыў дзяўчыне тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Гомельская Вясна».

Яраславе 27 гадоў. Яна грамадзянка Расіі, але жыве ў Мазыры. Яе затрымалі 23 красавіка з іншымі мазырцамі і жыхаром суседняга Ельску. Верагодна, яе асудзілі па справе «Беларускага гаюна».