У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — цэнтр «BEROC». Хронікі рэпрэсій 18 верасня
«BEROC» — вядучы незалежны даследчы цэнтр у галіне эканомікі, створаны ў 2008 годзе. З 2021-га працуе з-за мяжы. Паводле КДБ, дачыненне да «BEROC» маюць Данэйка Павел, Крук Дзмітрый, Барнукова Кацярына, Лузгіна Анастасія, Марозаў Радзіон, Мазоль Алег.

У Людзей слова ў турмах канфіскуюцца рукапісы...
Філосаф і эсэіст Уладзімір Мацкевіч, вызвалены 11 верасня разам з іншымі палітзняволенымі, у інтэрв'ю «Нашай Ніве» закрануў важную тэму:
«У некаторых сітуацыях, калі мяне пакідалі ў спакоі, мяне наведвала, скажам гучнымі словамі, натхненне. І мне здаецца, некаторыя старонкі, некаторыя сшыткі, якія я напісаў — адны з лепшых з таго, што я нарабіў у філасофіі, у сваіх даследаваннях. І, на жаль, гэта ўсё ў мяне забралі».
Пра канфіскацыі рукапісаў паведамлялі іншыя былыя палітзняволеныя, піша Беларускі ПЭН. Напрыклад, у Ігара Карнея перад вызваленнем пазабіралі ўсе запісы, дзённікі і сшыткі: «Даглядалі паўтары гадзіны: кожны шоў, кожны ліст, усе запісы (тады забралі мой нататнік, астатнія былі знішчаны яшчэ ў Шклове)».
У Рыгора Кастусёва забралі чарнавік кнігі.
Ёсць цэлы пласт такіх не заўважаных гісторый, калі літаратарам і іншым палітзняволеным не дазваляюць перадаваць родным на волю свае напрацоўкі, тэксты і рукапісы. У кагосьці атрымліваецца абысці турэмную цэнзуру, каб у нейкім выглядзе яны ўсё ж дайшлі, а чыесьці працы дасюль «вывучае» следчы.
Гэта знішчае частку беларускай культуры. Мы страчваем кнігі, ідэі, словы, якія застануцца ў турмах і, магчыма, ніколі не трапяць да сваіх чытачоў. Гэта парушае права на свабоду слова і свабоду выказвання для людзей за кратамі. На волю павінны выйсці ўсе палітзняволеныя людзі і кнігі», — адзначае ПЭН.
Мінтранс можа атрымаць права збіраць даныя аб пасажырах міжнародных аўтобусных рэйсаў
Міністэрства транспарту і камунікацый можа атрымаць права збіраць звесткі аб пасажырах міжнародных аўтобусных рэйсаў. Такі законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў 10 верасня, піша «Люстэрка».
Законапраект, унесены ў Палату прадстаўнікоў, прадугледжвае папраўкі ў Закон «Аб дзяржаўнай мяжы». У выпадку прыняцця дакумент абавяжа перавозчыкаў перадаваць персанальныя даныя пасажыраў у інфармацыйную сістэму Мінтранс.
Раней Мінтранс збіраў звесткі толькі аб пасажырах самалётаў і цягнікоў.
Як адзначае выданне, калі дакумент будзе прыняты, інфармацыю аб пасажырах будзе нашмат прасцей атрымліваць сілавікам — абыходзячы перавозчыкаў, наўпрост ад Мінтранса.
Значыць, можна будзе кантраляваць, хто куды плануе з'ехаць.
Дзяўчыну, чый голас гучыць у афіцыйнай версіі гімна Беларусі, асудзілі за ўдзел у пратэстах
Марыне Рапавец 42 гады. Родам яна з Бабруйска. У 2007‑м скончыла аддзялення харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Засталася жыць у Мінску.
Больш за 15 гадоў Марына займаецца педагагічнай дзейнасцю. Яна выкладала ў дзіцячай вакальнай студыі пры БДУ і дзіцячых музычных школах Мінска. Таксама кіруе ансамблем «Pretty bend» і выкладае ў музычнай школе Веранікі Яноўскай, якой таксама нядаўна прысудзілі «хатнюю хімію».
Голас Марыны Рапавец гучыць у афіцыйным запісу гімна Беларусі. Яго запісвалі ў пачатку 2000‑х сіламі аркестра Узброеных сілаў і акадэмічнага хора Беларускага радыё і тэлебачання, піша «Наша Ніва».
Жанчыну нядаўна асудзілі за ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК) і далі «хатнюю хімію».
Блізкія Дзяніса Івашына мяркуюць, што ён зноў быў у ШІЗА
Жонга вязня Вольга Івашына напісала, што «на 15-ты дзень адсутнасьці карэспандэнцыі можна й без пацьверджаньня ўпэўнена казаць, што Дзяніс Івашын, на жаль, знаходзіцца ў ШЫЗА. Такі перапынак у ліставаньні наш ваяр сабе ніколі не дазваляе паводле ўласнае волі, бо ведае, як мы за яго хвалюемся.
Калі лічыць пачаткам дадатковага "пакараньня" дзень, наступны за тым, у які напісаны папярэдні ліст, то прамінула ўжо 15 содняў. Паводле наяўных правілаў гэта максымальная колькасьць, якую могуць выпісаць вязьню паводле рапарту працаўнікоў вязьніцаў ці калёніяў. Вядома, магчымыя розныя варыянты. Таму мы зараз мы чакаем новых паштовак і лістоў ад Дзяніса, якія ён напіша адразу па выхаду з ШЫЗА».
Журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын у палоне рэжыму ўжо 1651 дзень.