У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» чарговыя кнігі. Хронікі рэпрэсій 15 верасня
Гаворка пра друкаваныя выданні Германа Гота «Крах операции "Барбаросса"» і Вільгельма фон Лееба і Франца Гальдэра «Ленинградский "Блицкриг" 1941-1942». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Заводскага раёну Мінска 10 верасня.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:
- Старонкі ў Instagram «esinaaskandarova», «alexkaroza», «pilip1959», «arturo.arturio», «batumiby.gе», «olowekdruk», «barys.haretski», «yury_liashenka», «ermakdimati», «vs_vitaliy», «vitalrymasheuski», «chernika.julia», «sverigesbelarusier», «hetamybelarusy», «dabradzeya»;
- Друкаванае выданне Райнэра Цытэльмана «Гитлер. Мировоззрение революционера»;
- TikTok-старонка «belarus_nat.cоn».
Амаль два тыдні блізкія не атрымліваюць лістоў ці паштовак ад Дзяніса Івашына
«Такая затрымка ў ліставаньні можа сьведчыць пра тое, што Дзяніс зьмешчаны ў ШЫЗА, бо наўрад ці на пачатку восені цэнзар жодзінскай турмы раптам зноўку пайшоў у адпачынак», мяркуе жонка вязня Вольга Івашына.
Журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын у палоне рэжыму 1648 дзён.
Марына Адамовіч падала ў міліцыю заяву аб знікненні Міколы Статкевіча
Пра гэта яна распавяла «Новай газеце».
«Заяву яны прынялі. Праўда, гэта было вельмі доўга, пратрымалі мяне тры гадзіны ў нядзельны вечар. І пакуль я сядзела, назірала: там цяпер усе такія маладыя-зялёныя, што проста страшна».
Таксама яна распавяла, што Мікола патэлефанаваў ёй з мяжы:
«Мікола змог мне патэлефанаваць — з чужога тэлефона на чужы. Гэта было неверагодна — той жа голас, тая ж упэўненасць, тая ж любоў. Ён сказаў: «Нас спрабуюць вывезці, але я гэтага ім не дазволю, я вяртаюся ў Беларусь».
На жаль, мы змаглі паразмаўляць вельмі коратка. Побач з ім, па словах тых, хто знаходзіўся ў аўтобусе, стаялі двое гэбістаў — яны правільна стаялі, на камеры назірання ня трапілі. Іх не відаць».
Перастаў выходзіць на сувязь спявак, гід і педагог Аляксей Галіч
Паводле яго сяброў, сувязь з Аляксеем знікла каля 2 тыдняў таму, яго тэлефон выключаны. Не выходзіць ён на працу і ў сваёй гімназіі.
Генпракурор Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй»
Пра гэта паведамляе само ведамства.
«ЕГУ, пазіцыянуючы сябе ў якасці беларускай ВНУ ў выгнанні, праводзіць мэтанакіраваную работу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, аказвае метадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак і выкарыстоўваецца спецыяльнымі службамі некаторых сумежных дзяржаў для нанясення ўрону інтарэсам Беларусі.
Мэты, якія дэкларуюцца, — падрыхтоўка беларускай моладзі да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, прасоўванне "альтэрнатыўных" трактовак гістарычных, культурных і іншых падзей, так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, ідэй "еўрапейскасці"».
Ілью Дубскага прымусілі самастойна выдаліць татуіроўку з Пагоняй у калоніі — фотафакт.
Жыхар Асіповічаў Ілья Дубскі быў затрыманы ўвосень 2020 года, пазней яго асудзілі па арт. 130 КК («распальванне варожасці»). У выніку Ілья атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі.
У калоніі ён падвяргаўся псіхалагічнаму і фізічнаму ціску. Асобны выпадак сведчыць пра бесчалавечныя ўмовы, калі адміністрацыя загадала яму прыбраць татуіроўку, інакш пагражалі «зніжэннем статусу» і тым, што ён «ніколі не выйдзе на волю». У выніку Ілья быў вымушаны самастойна выразаць татуіроўку лязом, што пакінула вялікі рубец на руцэ, паведамляе dissidentBY.

Такія дзеянні з’яўляюцца не толькі прыкладам катаванняў і прыніжэння чалавечай годнасці, але і могуць разглядацца ў кантэксце міжнароднага права як праявы этнацыду. Згодна з Канвенцыяй аб прадухіленні злачынства генацыду і пакаранні за яго, гвалтоўныя дзеянні, накіраваныя на знішчэнне культурнай ідэнтычнасці, у тым ліку прымус да знішчэння знакаў, сімвалаў ці іншых элементаў самавыяўлення, супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы.
11 верасня 2025 года стала вядома, што 52 чалавекі (з іх 37 грамадзянаў Беларусі і 1 чалавек без грамадзянства) былі гвалтоўна вывезеныя рэжымам Лукашэнкі на мяжу з Літвой. Сярод іх быў і Ілья Дубскі, які на момант прымусовага перамяшчэння адбыў амаль увесь прызначаны тэрмін.
Сяргей Раманаў быў этапаваны ў ПК № 9
Пасля прысуду да дадатковага тэрміну ў 1,5 года паводле арт.411 Крымінальнага кодэкса анархіста Сяргея Раманава перавялі ў адну з самых суровых калоній Беларусі — ПК-9 г. Горкі, паведамляе АЧК-Беларусь. У 2023 годзе Сяргей ужо знаходзіўся ў гэтай калоніі, дзе яго змяшчалі ў ПКТ і блакавалі перапіску.
Нагадаем, анархіст быў затрыманы восенню 2020 года каля беларуска-ўкраінскай мяжы і асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі за шэраг акцый прамога дзеяння. У зняволенні яго не аднойчы змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ і ўжо тройчы судзілі па арт.411 КК. Агульны тэрмін Сяргея складае 24 гады і 5 месяцаў.
У няволі Сяргей малюе, хоць яго пастаянна пазбаўляюць прыладаў для гэтага, а самі малюнкі не выпускаюць з засценкаў.
Адрас для лістоў:
Раманаў Сяргей Аляксандравіч
ПК № 9, вул. Дабралюбава, 16
г. Горкі, 213410