Затрыманы журналіст Кірыл Пазняк. Хронікі рэпрэсій 13 верасня
Як стала вядома «Позірку», 4 верасня, у дзень прызнання ютуб-канала «Платформа 375» «экстрэмісцкім фармаваннем», быў затрыманы прызнаны датычным да яго журналіст Кірыл Пазняк.

Рашэнне прызнаць канал, зарэгістраваны ў красавіку 2021 года, з 4 тысячамі падпісчыкаў і 3,41 млн праглядаў, у тым ліку з эфірамі з удзелам праўладных прапагандыстаў, «экстрэмісцкім фармаваннем» прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
У 2021-2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 снежня 2022 з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Мінску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмен) — у Варшаве.
Для палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша пракурор запрасіў 4 гады зняволення
Пра гэта ў Facebook напісаў журналіст і дзед жонкі Ільяша Сяргей Ваганаў.
Ігару Ільяшу было дадзена апошняе слова, у якім ён адхіліў усе абвінавачанні ў інкрымінаваных яму злачынствах, а сваю віну не прызнаў. Наступнае пасяджэнне прызначана на 16 верасня. На ім, найхутчэй, будзе вынесены прысуд.
Нагадаем, Ільяша абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 КК РБ) і ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361–4 КК РБ). Паводле санкцый гэтых артыкулаў журналісту пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Гамельчука вызвалілі ад адказнасці за ўдзел у пратэстах праз тое, што ўжо прайшло пяць гадоў. Але дадалі ў «спіс экстрэмістаў»
Андрэя Хрысціна вырашылі не судзіць — «вызвалілі ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення». Але яго імя ўсё роўна дадалі ў міліцэйскі спіс экстрэмістаў.
Андрэю Хрысціну 36 гадоў. Ён гамяльчук. Вядома пра яго няшмат — пасля вучобы працаваў у розных сферах, некаторы час жыў у Расіі. У 2022-м адпачываў у Грузіі, дый агулам любіць падарожжы.
Андрэя мусілі судзіць увосень 2025 года за ўдзел у пратэстах. Але паўнавартаснага суда не было. Андрэя вызвалілі ад пакарання, бо скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці па артыкуле 342 КК — «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». То-бок прайшло не менш за пяць гадоў з дня марша, у якім ён удзельнічаў
Але Хрысціна ўсё роўна ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў», які вядзе МУС.
Гэта першы публічна вядомы выпадак вызвалення ад пакарання па «народным» 342-м артыкуле з 2020 года. Але, па інфармацыі «Нашай Нівы», такіх выпадкаў ужо шмат.
Як бачым, гэта не ратуе тых, супраць каго прайшоў тэрмін даўніны, ад унясення ў спісы «экстрэмістаў» і ўсё роўна можа ствараць праблемы, напрыклад, пры працаўладкаванні.
З 52 вывезеных з краіны чалавек было 40 палітзняволеных
Як паведамляе ініцыятыва dissidentBY, сярод вызваленых 11 верасня вязняў 40 чалавек былі «палітычнымі»:
- 2 замежныя грамадзянкі — Юлія Фенер (Вялікабрытанія) і Алена Раманаўскене (Літва)
- 37 грамадзян Беларусі і 1 чалавек без грамадзянства.
Астатнія 12 чалавек былі асуджаны па артыкулах, не звязаных з палітыкай.