Дзе Мікалай Статкевіч дагэтуль невядома. Хронікі рэпрэсій 12 верасня

Мікола Статкевіч не з'явіўся дома. Пра гэта напісаў у фэйсбуку яго паплечнік Сяргей Марцалеў пасля размовы з жонкай палітвязня Марынай Адамовіч.

1_1097_1.png

«У мяне цяплілася надзея, што ўлады дадуць яму магчымасць жыць на волі, у Мінску, хай і пад паліцэйскім наглядам. Пакуль абставіны паказваюць на тое, што Мікалай Віктаравіч зноў арыштаваны. Хоць фармальна закрыць яго няма за што».

 «Люстэрка» задало пытанні пра лёс палітвязня Юрыю Васкрасенскаму — чальцу «камісіі па вяртанні».

«Я асабіста не ведаю, дзе ён знаходзіцца. Але калі ён на тэрыторыю Беларусі прыйшоў — натуральна, ён паедзе назад у месца адбыцця пакарання. І таксама будзе ў рэжыме інкамунікада», — сказаў Васкрасенкі.

Нагадаем, Мікола Статкевіч учора адмовіўся ад прымусовай дэпартацыі ў Літву і захацеў вярнуцца ў Беларусь. Далейшы яго лёс невядомы.

На дадзены момант вядома пра 10 палітвязняў, у якіх забралі пашпарты

Пра гэта на сённяшняй прэс-канферэнцыі расказала Святлана Ціханоўская.

«Зараз нам трэба крыху часу, каб сабраць даныя якія дакументы ёсць на руках у людзей. Трэба зрабіць часовыя дакументы тут, у Літве. Людзі не будуць пакінутыя сам-насам. Кожны атрымае і дапамогу, і легалізацыю».

Яна дадала, што пытанне спрабуюць вырашыць з урадамі і Літвы, і Польшчы. У тым ліку каб абысці Дублінскі рэгламент, які прадугледжвае, што статус уцекача даюць у краіне першага ўезду. Гэта можа быць праблемай для тых, хто захоча паехаць у Польшчу ці іншую краіну.

Былы палітвязень Вячаслаў Лазараў расказаў пра Андрэя Паднябеннага, які загінуў ад удушша

«Ёсць людзі, якія знаёмыя з ім. Казалі, што ў яго псіхалагічны стан дастаткова добры. Адназначна, што ён не пайшоў бы на самагубства. Былі людзі, якія знаходзіліся ў ШІЗА ў гэты час. Казалі, што не было такога, каб яго спрабавалі выратаваць, што гэта замоўчвалася. Доўга гэтую інфармацыю прыхоўвалі. У калектыве былі добрыя стасункі».

Нагадаем, 8 верасня стала вядома, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках яго маці. Андрэя двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады.

Зняволены прафсаюзны дзеяч Вячаслаў Арэшка ў калоніі страціў зрок

Пра гэта на прэс-канферэнцыі расказаў Аляксандр Манцэвіч.

«Удзень ён пытаецца: ці сёння сонца на небе ёсць? Самае страшнае, што ён уначы вымушаны навобмацак хадзіць у туалет. Падае, разбіваецца ў кроў».

Паводле інфармацыі «Вясны», у Вячаслава сур'ёзныя праблемы са зрокам, ён амаль нічога не бачыць, але інваліднасць у калоніі яму аформіць не даюць.

Прысуд Мікіту Самарыну пакінулі ў сіле

«Гарадзенскай праваабароне» стала вядома, што 4 верасня прайшоў разгляд апеляцыйнай скаргі ў абласным судзе па крымінальнай справе гарадзенца Мікіты Самарына. Ранейшы прысуд пакінуты ў сіле – 6 гадоў узмоцненага рэжыму ў калоніі.

Нагадаем, Самарына прызналі вінаватым паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да міліцыянтаў), а таксама арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Пра затрыманне палітвязня стала вядома 27 сакавіка. Як паведаміла МУС, мужчыну спынілі ў Гродне — дакументаў пры ім не было, таму яму прапанавалі прайсці ў пастарунак. Беларус нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з іх руку.

У Беларусі +9 новых палітвязняў

Праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ дзевяць чалавек: Максіма Дзергачова, Маргарыты Шчырэц, Васіля Садоўскага, Вячаслава Бераставога, Дзмітрыя Патырына, Кірыла Нгуена, Уладзіслава Анічкіна, Ігара Клачко, Алясандра Шкрадава. Усе яны абвінавачаны ці ўжо адбываюць пакаранне па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 5770 чалавек

12 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі маці палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча Таццяну Францкевіч, а таксама яе сястру Наталлю Лабацэвіч — маці былога палітвязня Іллі Лабацэвіча. 

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне»

Гэта «Платформа 375», прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем» 4 верасня.

Паводле ведамства, дачыненне да яе мае Кірыл Пазняк.