Журналісты выявілі месца, дзе ў Беларусі можа быць размешчана база «Орешника»
На поўдзень ад Менску ў Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка актыўна ідзе будаўніцтва аб’екта, які экспэрты называюць «стратэгічным» у вайсковым пляне для беларускіх уладаў і нават робяць дапушчэньне, што тут можа быць разьмешчаны расейскі балістычны ракетны комплекс «Орешник», паведамляе Свабода.

Агульны выгляд новага вайсковага аб’екта каля вёскі Паўлаўка на спадарожнікавым здымку 31 жніўня 2025 году
Гэта высьветлілі журналісты Беларускай службы Радыё Свабода, аналізуючы спадарожнікавыя здымкі кампаніі Planet Labs у межах супольнага праекту з камандай «Схемы» Ўкраінскай службы Радыё Свабода і эстонскімі выданьнямі Delfi Estonia і Eesti Ekspress.
Будаўніцтва на гэтым месцы пачалося амаль год таму, у чэрвені 2024 года. На гэты час плошча забудовы складае больш за 2 квадратныя кілямэтры. Гэта каля 280 футбольных палёў. Аб’ект мае чатыры асобныя часткі — асноўную і тры амаль роўныя па плошчы паміж сабою побач. Усе яны злучаюцца новапабудаванымі дарогамі.
Паколькі будаўніцтва яшчэ не завершанае, экспэртам складана ацаніць, які менавіта вайсковы аб’ект тут паўстане. Аднак можна зрабіць выснову, што праект робіцца ў таямніцы. Свабода не знайшла ніякіх згадак пра пачатак будаўніцтва ў публічных афіцыйных дакумэнтах, ня пішуць пра яго ў мясцовых мэдыя, няма сьвежых пазнакаў і ў кадастравых мапах аб выдзяленьні зямельных надзелаў для будаўніцтва такога кшталту аб’ектаў. Ані Аляксандар Лукашэнка, ані яго чыноўнікі таксама не анансавалі нічога падобнага.

Заходні, самы буйны ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту каля вёскі Паўлаўка 13 жніўня 2025 году
Але яшчэ ў траўні 2024 года ў сюжэце дзяржаўнага «ВаенТВ» гэтае месца выглядала вось так:

Заходні, самы буйны ўчастак, дзе цяпер вядзецца будаўніцтва вайсковага аб’екту каля вёскі Паўлаўка ў сюжэце «ВаенТВ» 28 траўня 2024 года. Скрыншот зь відэа
Сакрэтная савецкая вайсковая база з ядзернай зброяй
Месца, дзе ідзе будоўля, мае вайсковае мінулае. Менавіта ў гэтых лясах з канца 1959 да 1993 года разьмяшчаўся вайсковы гарадок слуцкага 306-га ракетнага палку стратэгічнага прызначэньня. З 1960 года пры ім стварылі 1057-ю рамонтна-тэхнічную базу, якая займалася «ядзерна-тёхнічным забясьпячэньнем» гэтага падразьдзяленьня.
Ракеты, якія знаходзіліся тут у савецкі час, несьлі пагрозу спачатку ўсёй Эўропе, а пазьней і Злучаным Штатам Амэрыкі.
Спачатку гэта былі ракеты сярэдняй дальнасьці наземнага базаваньня Р-12(SS-4) з радыюсам дзеяньня да 2,1 тысячы кілямэтраў, з 1981 года тут зьявіліся самаходыя баявыя комплексы РСД-10м «Пионер»(SS-20) з дальнасьцю дзеньня да 5 тысяч кілямэтраў. З 1989 года полк прайшоў пераўзбраеньне на стратэгічныя ракетныя комлпексы «Тополь»(SS-25) з дальнасьцю дзеяньня да 11 тысяч кілямэтраў.
У 1993 годзе Беларусь далучылася да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Яна стала першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад магчымасьці валоданьня зброяй, якая засталася ў краіне пасьля распаду СССР. У тым жа годзе слуцкі 306-ы полк быў зьняты з баявога дзяжурства і перадысьлякаваны ў Расею, дзе пазьней быў расфармаваны.
У верасьні 1996 года тут яшчэ знаходзілася артылерыйскай база боепрыпасаў, на якой адбыўся пажар з дэтанацыяй снарадаў. Як пішуць мясцовыя мэдыя, выбухі гучалі некалькі дзён, а чулі іх ажно за 20 кілямэтраў, у Слуцку.
Пасьля таго здарэньня вайсковы аб’ект пад Паўлаўкай прыйшоў у занядбаньне. А ў адной зь яго частак у 2005 годзе нават адкрылі Лячэбна-працоўны прафілякторый № 3. У якім 10 жніўня 2020 года спрабавалі зрабіць нешта падобнае на канцэнтрацыйны лягер для пратэстоўцаў.
Але на іншых участках былой сакрэтнай базы дасюль яшчэ захоўваліся ў занядбаным выглядзе фартыфікацыі, стартавыя пляцоўкі ракет, шахты, бункеры, ангары і іншыя вайсковыя збудаваньні.

Вайсковы гарадок «Паўлаўка» у 2007 годзе. Каляж з фота, узятых з форума сталкераў guns.allzip.org
У 2019 годзе адзін з прадпрымальнікаў хацеў пабудаваць на адным зь невялікіх участкаў вайсковага гарадку прадпрыемства для перапрацоўкі нафтазабруджаных грунтоў. У канцы 2020 года гэты зямельны надзел намагаўся забраць слуцкі райвыканкам, але яму адмовіў Вярхоўны суд. Чым скончылася гісторыя, невядома. Але выглядае маларэальным, каб невялікая прыватная кампанія магла арганізаваць будаўніцтва на такой вялікай тэрыторыі.
«Другое жыцьцё» вайсковага гарадка
Прыкладна зь вясны 2024 года тэрыторыю распачалі «асвойваць» па-новаму. Спачатку сюды прыехалі сапёры супрацьміннага цэнтру Ўзброеных Сілаў для расчысткі тэрыторыі ад снарадаў. Працы доўжыліся амаль усю вясну і скончыліся толькі 7 чэрвеня 2024 года. Як паведамілі вайскоўцы, за гэты час яны зьнішчылі 2800 боепрыпасаў на плошчы каля 2,5 квадратных кілямэтры.

Сапёры падчас разьмінаваньня вайсковага гарадку «Паўлаўка» ў траўні 2024 года.
З 16 чэрвеня 2024 года тут пачалася расчыстка тэрыторыі ад лесу і земляныя работы. Самы актыўны пэрыяд будаўніцтва прыпаў на 2025 год.
За гэты час у заходняй часты аб’екта высеклі больш за квадратны кілямэтар лесу і ўзьвялі 13 складоў боепрыпасаў памерам 30 на 20 мэтраў, акружаных абарончымі сьценамі. Тут таксама пабудавалі тры ангары даўжынёй 100 мэтраў, заклалі падмуркі рознага кшталту будынкаў, адзін зь у форме літары «П» даўжынёй амаль 270 мэтраў. Усе гэтыя пабудовы злучае сетка аўтамабільных дарог, на большасьці зь якіх ужо ляжыць асфальт.

Заходні, самы буйны ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту каля вёскі Паўлаўка. Спадарожнікавы здымак 13 жніўня 2025 году
Паўночны ўчастак будаўніцтва каля вёскі Паўлаўка разьмешчаны на землях, якія яшчэ летась былі задзейнічаныя ў сельскай гаспадарцы. Цяпер тут ужо відаць 8 каркасаў будынкаў, падобных на ангары.

Паўночны ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту каля вёскі Паўлаўка. Спадарожнікавы здымак 13 жніўня 2025 году
На самым усходнім участку будаўніцтва бачны каркас будынка даўжынёй амаль 150 мэтраў, будуюцца земляныя насыпы.

Усходні ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту каля вёскі Паўлаўка. Спадарожнікавы здымак 13 жніўня 2025 году
На паўднёва-усходнім участку будаўніцтва яшчэ вядуцца зямельныя работы, бачна фармаваньне некалькіх дарог. Магчыма, ён невыпадкова знаходзіцца на самым высокім узгорку Слуцкага раёна, што можа сьведчыць пра верагоднае разьмяшчэньне тут, напрыклад, сыстэм супрацьпаветранай абароны.
На форумах сталкераў можна знайсьці такое апісаньне гэтага месца:
«Гара Сыгнальная — самае высокае месца Слуцкага раёну, вышка належала роце сувязі ракетчыкаў»

Паўднёва-ўсходні ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту каля вёскі Паўлаўка. Спадарожнікавы здымак 13 жніўня 2025 году
Што ўсё гэта значыць
Каб разабрацца, што ўсё ж за аб’ект будуюць у Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка, журналісты зьвярнуліся да вайсковых экспэртаў і аналітыкаў. Усе яны сыходзяцца ў меркаваньні, што аб’ект асаблівы і можа мець стратэгічнае значэньне.
Конрад Музыка, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца дасьледаваньнем і аналізам бясьпекі на постсавецкай прасторы, адзначае ў камэнтары Свабодзе, што ўсе аб’екты злучаныя паміж сабой дарогай і паміж імі «існуе істотная сувязь».
«На маю думку, гэтыя аб’екты зьвязаныя зь нейкім абсталяваньнем стратэгічнага ўзроўню, якое можа быць разгорнутае ў Беларусі. Ці то „Орешник“, ці нешта іншае. Магчыма, гэта будзе ядзерная зброя, бо ў гэтым месцы могуць выкарыстоўвацца збудаваньні, якія выкарыстоўваліся для захоўваньня такога кшталту ўзбраеньня падчас Халоднай вайны», — кажа Конрад Музыка.
Адстаўны маёр Марка Эклунд, які больш за 20 гадоў аналізаваў расейскую армію ў фінскай выведцы і цяпер працуе са спадарожнікавымі здымкамі, у інтэрвію Eesti Ekspress таксама адзначае, што гэты аб’ект падобны менавіта на стратэгічную ракетную базу: «Не магу сказаць, што гэта яшчэ можа быць. Калі б тут павінна была зьявіцца база „Орешника“, яна якраз магла б падысьці для гэтай ролі».