Крым: кропка незвароту. Частка 2
Аналіз рэгіянальных канфліктаў на постсавецкай прасторы сведчыць, што сістэмная прысутнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі краіны-ахвяры з’яўляецца ключавым фактарам рэалізацыі палітыкі ўплыву. У кожным выпадку Масква выкарыстоўвала спадчыну СССР як інструмент умяшальніцтва. У гэтым артыкуле мы на прыкладзе Крыма працягваем разглядаць, як Расія будуе гібрыдную акупацыю перад ваеннай інтэрвенцыяй.

Ілюстрацыйная выява. Фота Жовта стрічка
Заканчэнне. Пачатак тут.
«Ідэйны» крыміналітэт
22 лютага ў Харкаве адбыўся з’езд дэпутатаў паўднёва-ўсходніх абласцей і Крыма. У з’ездзе ўдзельнічалі: губернатары Харкаўскай, Данецкай, Луганскай, Днепрапятроўскай абласцей, кіраўніцтва Крыма і Севастопаля, дэпутаты Вярхоўнай Рады, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў і грамадскіх арганізацый. Акрамя таго, прысутнічала расійская дэлегацыя, у тым ліку дэпутаты Дзярждумы і члены Савета Федэрацыі РФ, губернатары памежных з Украінай расійскіх абласцей і генеральны консул РФ у Харкаве.
Маскоўская дэлегацыя хацела ацаніць сітуацыю і свае магчымасці. Шмат людзей, якія выступалі супраць падпісання Пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам, насамрэч мелі цесныя сувязі з Расіяй, у тым ліку крымінальнага характару. Ідэалогія была толькі прыкрыццём для іх злачынстваў і нелегальнага бізнесу.
Вадзім Калеснічанка выступіў з прамовай з заклікамі: «За дружбу з Расіяй! Эканамічную, духоўную, веравызнаўчую!», што суправаджалася скандаваннем «Расія! Расія!» у зале. Вадзім Калеснічанка — адзін з галоўных аўтараў моўнай палітыкі Партіі рэгіёнаў, якая ўмацоўвала пазіцыі рускамоўнага ядра ва Украіне — выступаў за распаўсюджванне рускай мовы па ўсёй тэрыторыі Украіны, а не толькі ў рэгіёнах з рускамоўнымі супольнасцямі. За прарасійскую актыўнасць у падтрымцы расійскай культуры за мяжой Калеснічанка атрымаў Ордэн Дружбы (РФ, 2008) і медаль Пушкіна (2013).
Лідар харкаўскага ўтварэння «цітушак» Яўген Жылін на з’ездзе заклікаў ствараць узброеныя народныя дружыны. Яго сепаратысцкая арганізацыя «Аплот» была актыўнай прарасійскай структурай падчас унутрыпалітычнага крызісу 2014 года. З «Аплоту» выйшаў адзін з лідараў данецкіх баевікоў — Аляксандр Захарчанка. У Харкаве пад брэндам «Аплот» існавала цэлая бізнес-імперыя. Жыліна абвінавачвалі ў сувязях з мясцовай і расійскай злачыннасцю, а таксама з расійскімі спецслужбамі. Служба бяспекі Украіны ў 2014 годзе апублікавала матэрыялы праслухоўвання, з якіх вынікала, што Яўген Жылін каардынаваў сваю дзейнасць з памочнікам прэзідэнта РФ Сяргеем Глазьевым.
Механізм постсавецкіх канфліктаў
Аналіз рэгіянальных канфліктаў на постсавецкай прасторы сведчыць, што сістэмная прысутнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі краіны-ахвяры з’яўляецца ключавым фактарам рэалізацыі палітыкі ўплыву. У кожным выпадку Масква выкарыстоўвала спадчыну СССР як інструмент умяшальніцтва.
У Прыднястроўі, Абхазіі і Крыме менавіта прысутнасць расійскіх вайскоўцаў стварала аснову для далейшага ўмяшальніцтва.
Так, расійскія войскі заставаліся ў Прыднястроўі яшчэ з савецкіх часоў і адыгралі вырашальную ролю ў працэсе аддзялення рэгіёну ад Малдовы на пачатку 1990-х гадоў. Падобная сітуацыя назіралася ў Абхазіі падчас вайны з Грузіяй у 1992–1993 гадах. Захаванне вайсковых кантынгентаў пасля распаду Савецкага Саюза дазваляла Маскве падтрымліваць псеўданезалежныя ўтварэнні ў зоне свайго ўплыву, імітуючы мясцовую ініцыятыву, але фактычна кіруючы працэсамі з цэнтра.
Сцэнар у Крыме развіваўся па аналагічнай логіцы. У 2014 годзе анексія паўвострава была забяспечана праз хуткае прыцягненне расійскіх вайскоўцаў і так званых «зялёных чалавечкаў», якія ўжо знаходзіліся на тэрыторыі Крыма ў межах расійскай ваенна-марской базы ў Севастопалі.
Глядзіце таксама

«Народны мэр» — электрык Крамля
23 лютага 2014 года ў Севастопалі адбыўся мітынг прарасійскіх актывістаў, на якім абвясцілі «народным мэрам» Аляксея Чалага — мясцовага прадпрымальніка і грамадзяніна Расіі. Гэта стала першай адкрытай спробай сфармаваць альтэрнатыўную прарасійскую ўладу ў Крыме пасля ўцёкаў Януковіча і перамогі Рэвалюцыі годнасці.
Выбар Чалага быў прафанацыяй: натоўп складаўся ў асноўным з работнікаў яго прадпрыемства «Таўрыда Электрык». Чалы выйшаў на сцэну пад апладысменты натоўпу, які патрабаваў аддзялення ад Кіева і больш цеснай інтэграцыі з Расіяй. Частка супрацоўнікаў Чалага была задзейнічана ў стварэнні акупацыйных «пераходных адміністрацый». Лідар партыі «Русский блок» Генадзь Басаў абвясціў на мітынгу пра стварэнне сілавых атрадаў самаабароны з ліку добраахвотнікаў.
«Выбар» Чалага не меў ніякай законнай сілы, аднак стаў сімвалічным крокам у кірунку далейшай анексіі. У наступныя дні гэтае рашэнне падтрымалі некаторыя мясцовыя чыноўнікі, а горад пачаў фактычна выходзіць з-пад кантролю ўкраінскай дзяржавы.
На ўездзе ў Севастопаль па ялцінскай шашы з’явіліся супрацьтанкавыя «яжы». У Севастопаль зганялі бранятэхніку з расійскімі нумарамі. 24 лютага расійскія вайскоўцы перакрылі ўезды ў Севастопаль.
Глядзіце таксама

І тут мы вяртаемся да «народнага мэра». Яго прадпрыемства «Таўрыда Электрык» — гэта не проста кампанія, што вырабляла выключальнікі. У кантэксце акупацыі Крыма яно адыграла важную ролю ва ўмацаванні кантролю Масквы над паўвостравам. Яго дзейнасць у той «пераходны перыяд» лічыцца экспертамі паказальным прыкладам выкарыстання прыватнага бізнесу ў геапалітычных мэтах.
Пасля анексіі Крыма ўзнікла крытычная праблема з забеспячэннем паўвострава электраэнергіяй. Да таго часу Крым амаль цалкам залежаў ад паставак току з мацерыковай Украіны. «Таўрыда Электрык» мела падрабязныя тэхнічныя схемы рэгіянальных электрасетак і магла аператыўна падключацца да перападключэння аб’ектаў да часовай энергасістэмы.
Аляксей Чалы як уласнік кампаніі пасля таго, як абвясціў сябе «народным мэрам» Севастопаля, ініцыяваў стварэнне альтэрнатыўных каналаў электразабеспячэння, удзельнічаў у перамовах з Масквой наконт тэрміновага будаўніцтва энергамоста з Краснадарскага краю і фактычна перадаў інфраструктурныя магчымасці сваёй кампаніі пад кантроль акупацыйнай улады.
Чорны флот: На хвалі гібрыднай вайны
У другой палове лютага 2014 года расійскія вайсковыя караблі пачалі канцэнтравацца ў Севастопальскай бухце. Вяртанне эскадры Чарнаморскага флоту РФ у Севастопаль стала адным з ключавых этапаў расійскай вайсковай аперацыі, якая маскіравалася пад «самаабарону» і «ўнутраны крымскі пратэст». Фармальна база Чарнаморскага флоту РФ арэндавалася Расіяй у адпаведнасці з пагадненнем з Украінай, але расійская прысутнасць там з самага пачатку перавышала заяўленыя ліміты. Пасля лютаўскіх падзей флот пачаў хутка нарошчваць сваю прысутнасць і вайсковую актыўнасць.
Расійскія баявыя караблі стваралі ўражанне легітымнага ўзмацнення аховы ўласнай базы. Па моры дастаўлялі ўзбраенне, тэхніку, а з караблёў маглі высаджвацца сілы спецпрызначэння. Хуткае вяртанне эскадры з баявым узбраеннем стварала атмасферу поўнай перавагі Расіі, дэмаралізуючы ўкраінскіх вайскоўцаў, якія не мелі загаду страляць. Новая ўлада ва Украіне яшчэ не сфармавалася. Вайсковыя базы былі акружаныя або заблакіраваныя расіянамі. У многіх частках адсутнічала ясная камандная сувязь, і вайскоўцы не ведалі, як дзейнічаць ва ўмовах нявызначанасці. Адкрыццё агню з боку Украіны магло быць выкарыстана як падстава для поўнамаштабнай інтэрвенцыі (як у Грузіі ў 2008 годзе), да якой Украіна ў той момант не была гатова. Ключавыя вузлы Крыма бралі пад кантроль рэгулярныя войскі РФ.
Расія дзейнічала без афіцыйнага абвяшчэння вайны, таму на першы погляд сітуацыя выглядала «двузначнай». Крэмль спадзяваўся, што ўкраінцы першымі адкрыюць агонь, каб потым апраўдаць поўную інтэрвенцыю.
З дэпартацыі пад акупацыю: крымскія татары

Фота аўтарак
25 лютага 2014 года да старшыні Крымскага парламента прыйшлі крымскія татары і праўкраінскія актывісты на чале з Рэфатам Чубаравым. А на наступны дзень у Сімферопалі ля Вярхоўнай Рады Аўтаномнай Рэспублікі Крым адбыўся масавы мітынг, арганізаваны Меджлісам крымска-татарскага народа. Паводле розных ацэнак у акцыі ўдзельнічалі ад 10 да 20 тысяч крымскіх татараў і праўкраінскіх жыхароў Крыму іншых нацыянальнасцяў. Яны агучылі патрабаванне «захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны». Адбыліся першыя сутыкненні з прадстаўнікамі прарасійскіх сілаў, якія таксама прыйшлі пад парламент. 3 сакавіка 2014 года адбылося першае выкраданне крымскага татарынa Рышата Аметава.
Мы сустрэліся з суседкай Рышата, крымскай татаркай Леранэ. Ёй давялося ўцякаць ад Расіі два разы: пасля анексіі Крыма ў Ірпень, а пасля пачатку паўнамаштабнай вайны — ад рускіх танкаў у Львоў. Цяпер у яе сваё кафэ з нацыянальнай ежай. На сценах у рамках вісяць карціны з гербарыем раслінаў з роднага Крыма.
Леранэ: «Сама таго не планавала, але стала актывісткай і валанцёркай пасля таго, што здарылася з маім суседам, Рышатам Аметавым. Ён бачыў, як усё пачыналася. Выйшаў з дому раніцай трэцяга сакавіка. Апошні яго запіс на старонцы ў фэйсбуку быў: «Заўтра іду на цэнтральную плошчу Сімферопаля. Я не згодны, каб тут быў расійскі бот. Хто са мной?» Ніхто не выйшаў. Ён быў адзін. Вось літаральна ён быў сам за сябе. Адзіночны пратэст. Бо ён не быў вядомым актывістам, не быў членам Меджлісу. Ён не быў палітыкам, проста быў крымскім татарынам. Ён не сказаў жонцы, куды ідзе. А ў іх так прынята, што гавораць. Ён не хацеў яе засмучаць. У іх трое дзяцей, і апошняе малое дзіця тады было чатырохмесячнае. Апошняй, хто яго бачыў з нашых суседзяў, была мая мама. Яна вярталася з начной змены. Ён апынуўся на цэнтральнай плошчы Сімферопаля. Апошнія кадры — як яго сілай зацягваюць у грамадзянскую машыну. То бок нават калі б ён парушаў грамадскі парадак, гэта павінна была б быць машына праваахоўнікаў. А тады і паліцыя «стаяла», і вайсковыя базы. Што адбываецца? Ніхто нічога не разумеў. Цэнтр Сімферопаля быў пусты. І былі толькі так званыя атрады самаабароны і тыя ражаныя казакі. Была група людзей, якія насілі гэты трыкалор па вуліцах — нейкае шапіто-шоў, цырк. «Зялёныя чалавечкі» без распазнавальных знакаў. Я абзваніла ўсе бальніцы. Потым мы клеілі аб’явы на слупы, размяшчалі аб’явы на тэлебачанні».
Цела Рышата Аметава знайшлі толькі праз два тыдні, 15 сакавіка 2014 года, у Белагорскім раёне Крыму. Рукі былі звязаныя, на целе сляды жорсткіх катаванняў. Ён стаў першай ахвярай палітычных рэпрэсій пасля пачатку акупацыі Крыма. У 2018 годзе Рышату Аметаву пасмяротна прысвоілі званне Героя Украіны.
8 сакавіка дзясяткі тысяч жанчын Крыма выйшлі на акцыі пратэсту: яны спадзяваліся, што могуць спыніць гвалт і акупацыю. Але іх мірны пратэст не даў вынікаў: крымскіх татар і іншых прыхільнікаў Украіны працягвалі пераследваць.
16 сакавіка Расія правяла ў Крыме фэйкавы рэферэндум адносна статусу паўвострава без доступу міжнародных назіральнікаў і насуперак украінскім законам. Вынікі не прызналі ні Украіна, ні Еўразвяз, ні ЗША, ні шэраг іншых краін свету. У акупацыі Крыма ўдзельнічалі каля 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Частку з іх пазней перакінулі на Данбас.

18 сакавіка прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў дамову аб прыняцці Крыма і Севастопаля ў склад Расіі. (27 сакавіка Генеральная Асамблея ААН прагаласавала за падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і не прызнала расійскую анексію Крыма і Севастопаля. За — 100 краін, супраць — 11.) Беларусь не прызнала Крым расейскім. Паралельна з анексіяй Крыма расіяне пачалі рыхтаваць уварванне на ўсход Украіны. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін папрасіў у Рады Федэрацыі дазвол на выкарыстанне расійскай арміі на тэрыторыі Украіны. Рада аднагалосна такі дазвол дала.
«Мірныя» акупанты і дэмаграфічны перагруз
За дзесяць гадоў акупацыі насельніцтва Крыма павялічылася прыкладна на 800 тысяч чалавек за кошт перасялення расіянаў, што стварыла сур’ёзны дэфіцыт рэсурсаў і этнічныя змены, якія можна кваліфікаваць як ваеннае злачынства.
Колькі людзей магло выехаць з акупацыі – дакладных даных няма, але па розных ацэнках дзясяткі і сотні тысяч жыхароў Крыма, у першую чаргу прадстаўнікоў крымска-татарскага народа і праўкраінска настроеных грамадзян, вымушаны былі пакінуць паўвостраў у пошуках бяспекі і свабоды.
Глядзіце таксама

Засуха і недахоп вады сталі хранічнымі праблемамі з-за ненатуральнага росту насельніцтва. Расія спрабуе стварыць новую «рэальнасць» праз перапіс насельніцтва, аднак афіцыйная статыстыка міграцыі адсутнічае.
26 красавіка 2014 года Украіна перакрыла Паўночна-Крымскі канал, па якім вада з Дняпра паступала ў Крым. Афіцыйная прычына — акупацыйныя расійскія ўлады не заключылі дамову з Дзяржаўным водным агенцтвам, выкарыстоўвалі ваду бясплатна, а даўгі дасягнулі 1,5 мільёна грывень. Да адключэння канал забяспечваў да 85% патрэбаў Крыма ў прэснай вадзе.
Пакінуць надзею
Нядаўна афіцыйнае расейскае медыя напісала, што ўкраінцаў трэба знішчыць да апошняга чалавека. Але мы ведаем, што апошняй памірае надзея.
Дзесяць гадоў акупацыі прывялі да стомы і расчаравання крымчан у Расіі, аднак адкрыта выяўляць праўкраінскія погляды небяспечна з-за рэпрэсій. Тым не менш антываенны супраціў захоўваецца, што пацвярджаецца мноствам прыкладаў пераследу.
Журналістка Ганна Андрыеўская: «У акупацыі немагчыма правесці паўнавартаснае сацыялагічнае даследаванне. Нельга проста прыйсці да людзей і спытаць: вы за Украіну ці за Расію? Бо мы разумеем, што людзі не змогуць адкрыта адказаць. Немагчыма сфармуляваць рэпрэзентатыўную думку. Я магу сказаць, што да пачатку 2022 года, да поўнамаштабнага ўварвання, мне было зусім незразумела, якая там прапорцыя, хто за каго. І ці сапраўды там хтосьці яшчэ чакае Украіну? Але ўжо з першых дзён, калі нас пачалі бамбіць тут, у Крыме пачаліся антываенныя акцыі. Людзей за гэта пачалі пераследаваць — штрафуюць, адпраўляюць у турму, абвінавачваюць у сувязях з украінскімі спецслужбамі. А людзі ўсё-роўна выходзяць і дэманструюць свае праўкраінскія погляды. І з гэтага мы можам зрабіць выснову: людзі стаміліся ад Расіі.
Для Украіны вельмі важна, што гэтыя людзі застаюцца там, бо гэта тая частка грамадства, якая ў будучыні будзе працаваць на аднаўленне».
Пасля пачатку часовай акупацыі Крыма ў 2014 годзе Прадстаўніцтва Прэзідэнта Украіны ў АР Крым пераехала ў Херсон, а ў 2019 адкрыла дадатковы офіс у Кіеве. Яго асноўныя задачы — падтрымка сувязяў з грамадзянамі Украіны на акупаваным паўвостраве, маніторынг правоў і інтарэсаў, вывучэнне сітуацыі ў Крыме і падрыхтоўка аналітыкі для кіраўніцтва дзяржавы.
Прадстаўніцтва вядзе ўласны ўлік фактаў антываеннага супраціву. Напрыклад, яны адсочваюць штрафы паводле публічнай інфармацыі, якая з'яўляецца ў судовых рэестрах. Але не ўсе даныя пра рэпрэсіі трапляюць у адкрыты доступ. Адпаведна, такіх акцый можа быць значна больш. Ёсць людзі, якія шукаюць тых, хто мае праўкраінскія і антываенныя погляды, і здаюць іх расійскім спецслужбам. Паколькі на гэта ёсць спецыяльныя людзі, то гэты супраціў мае значэнне як мінімум. І гэта сведчыць: за дзесяць гадоў Украіна не страціла Крым. Інакш усяго гэтага проста не было б. Нават у неспрыяльных умовах, пад ціскам расійскай прапаганды, фармуецца новае пакаленне ўкраінцаў; праўкраінскія акцыі і смелыя ўчынкі здзяйсняюцца і цяпер, што даказвае: Крым не страчаны для Украіны.

Крымскія татары. Фота аўтарак
26 чэрвеня ва Украіне адзначаюць Дзень крымскататарскага сцяга. Кожны год крымскія татары збіраюцца ў гэты дзень у розных гарадах Украіны, каб разам падняць свой сцяг.
Леранэ: «Заўтра будзе падняцце сцяга (у Львове), а я ведаю, хто не прыйдзе, бо ім праз два тыдні ехаць у Крым. Яны хочуць праведаць тых, каго не бачылі ўжо пяць гадоў, унукі не бачылі сваіх дзядуляў і бабуляў пяць гадоў. А я ўжо дакладна не паеду. Я занадта публічная. Для мяне гэта «экстрым тур». І гэты «экстрым тур» у адны вароты — у турму.
Аднойчы мая знаёмая збіралася там (у Крыме) на канцэрт. Апранулася сучасна, але на галаву фэску — жаночы традыцыйны ўбор. На прыпынку да яе падышла «панаехаўшая», як мы называем расіян, якія пераехалі ў Крым пасля 2014-га. Іх каля 35 адсоткаў, гэта вельмі многа. І яна пытае: «А што гэта ў цябе за кацялок на галаве?» Мая каляжанка кажа: «Мы, народ Крыма, носім гэты прыгожы галаўны ўбор ужо семсот гадоў. І вы можаце зрабіць так са сваім какошнікам. Што ж вы не носіце?» Не ўсё там гладка, адназначна, але нейкае маналітнае кам’юніці ёсць, якое знешнімі адзнакамі паказвае, хто тут калі і не валадар, то захавальнік. Мы не гаспадары, але мы спадкаемцы».
Сяргей Аксёнаў — расійскі палітык, які з 2014 года з’яўляецца так званым «кіраўніком» акупаванага Крыма ў 2023 годзе стварыў уласную ваенізаваную структуру — ПВК «Канвой», якая ўдзельнічае ў вайне Расіі супраць Украіны. Гэтую ПВК фінансуюць, у прыватнасці, банк ВТБ і Аркадзь Ратэнберг — адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Уладзіміра Пуціна, расійскі мільярдэр, бізнесмен і алігарх, які грае важную ролю ў фінансаванні крамлёўскіх праектаў. Ратэнберг заснаваў і кантралюе будаўнічы холдынг Стройгазмантаж, які атрымліваў велізарныя дзяржаўныя заказы, у тым ліку на будаўніцтва Керчанскага моста паміж Расіяй і Крымам. Паводле ацэнак экспертаў, гэтыя кантракты складаюць ад 3 да 5 млрд долараў.
Глядзіце таксама

Паводле паведамленняў, ПВК «Канвой» таксама займаецца рэпрэсіямі супраць праўкраінскага насельніцтва, контрпартызанскай дзейнасцю і забеспячэннем бяспекі акупацыйнай улады. Наймітам, якія праслужаць год, абяцаюць зямлю ў Крыме ці Абхазіі як сродак матывацыі для баевікоў і як інструмент далейшай каланізацыі акупаваных тэрыторый. ПВК з’яўляецца адным з інструментаў Расіі для ўскоснай ваеннай прысутнасці, што дазваляе афіцыйна адхіляцца ад прамой адказнасці за ваенныя злачынствы і парушэнні правоў чалавека.
З акупацыі Крыма пачалася вялікая вайна і геапалітычная катастрофа для Усходняй Еўропы, а з 2022 года — і для ўсяго кантыненту, які страціў спакой і стабільнасць. Дзе будзе падпісана новая дамова пра трывалы мір і якія высновы мы зробім з памылак мінулага? Няма простых адказаў на складаныя пытанні. Прэцэдэнт для захопу чужых тэрыторый павінен быць спынены. Рэваншызм можа спыніць толькі капітуляцыя.
Эльміра: «Памятаю, я была зусім маленькая, гадоў пяць. Прыходзілі людзі да нас дадому. Бацька адсоўваў фіранкі — правяраў, ці не ідзе міліцыя. І я сабе дала слова, што я ім ніколі нічога не забуду і не дам забыць ні сабе, ні сваёй сям’і, ні сваім дзеткам, ні ўнукам, ні праўнукам. Як будзе магчымасць — усё буду перадаваць.
Летам 2022 я паехала да дачкі ў Літву. І мы з унукам зайшлі ў краму купіць патэльню. Загаварылі з жанчынай у чарзе. Майму ўнуку было 4 гадочкі, і раптам ён кажа: «Я бабулю люблю. Гэтай патэльняй я буду Пуціна біць. Я украінец, я нарадзіўся ў Львове. А мае бабуля з дзядулям і мама з Крыма. Ім там жыць не далі».