Крым захапілі не «ветлівыя людзі», а паранаідальныя садысты
З самага пачатку мне не падабаўся з нечай лёгкай рукі ўведзены ва ўжытак выраз «ветлівыя людзі» ў дачыненні да захопнікаў Крыму.
Андрэй Шчакун (з барадаю) і Юры Шаўчэнка
На мой погляд, ён мог быць часткай інфармацыйнай вайны, якая працавала на агучанае Пуціным цверджанне, нібыта не бывае інтэрвенцый без адзінага стрэлу, а значыць, у Крыме была не інтэрвенцыя. Нешта кшталту аперацыі па навядзенні парадку.
Знаёмаму з гісторыяй чалавеку вядома, што такія інтэрвенцыі бывалі, менавіта гэтак Гітлер узяў Судэты. Але я не пра гістарычныя аналогіі, я пра хлуслівасць «ветлівага» вобразу акупанта. Мне хапіла адной сустрэчы ў херсонскім шпіталі з хлопцамі, якія амаль два тыдні знаходзіліся ў крымскім палоне, каб гэты вобраз рассыпаўся ў прах.
Маіх суразмоўцаў завуць Андрэй Шчакун і Юры Шаўчэнка. Аб'ядноўвае іх толькі пекла крымскага палону, праз якое яны прайшлі, да таго хлопцы былі незнаёмыя.
Андрэй — свядомы ўкраінец, родам з Львоўшчыны, філолаг па адукацыі, апошнія 23 гады жыў у Бахчысараі з жонкай і трыма дзецьмі. Жонка з мясцовых, дзеці нарадзіліся і выраслі ў Крыму. Узначальваў грамадскую арганізацыю «Украінскі дом», змагаўся за ўкраінскую школу, апошнімі месяцамі быў актывістам крымскага Еўрамайдану. Асоба вядомая і публічная. Напярэдадні святкавання 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі ён прыйшоў на вакзал у Сімферопалі, каб забраць пяцьдзесят украінскіх сцягоў, якія перадалі для яго з мацерыковай Украіны. Гэта скончылася для яго амаль двухтыднёвым палонам.
Юрый — зусім малады хлопец з Паўлаграду, што на Днепрапятроўшчыне, без асаблівай цікаўнасці да палітыкі. Магчыма, менавіта гэтая адсутнасць цікаўнасці ледзь не стала для яго фатальнай. Бо ён паверыў свайму крымскаму сябру, што на паўвостраве «ўсё ціха, нармальна», і прыняў яго запрашэнне прыехаць у госці, узяўшы з сабой заплечнік «з рэчамі па сезоне». Ён таксама быў затрыманы на вакзале ў Сімферопалі, бо яго прынялі за «актывіста нейкай радыкальнай арганізацыі».
«Гэта былі вельмі агрэсіўна настроеныя людзі, — распавядае Юрый. — На маё пытанне, міліцыя яны ці хто, мне проста заламалі рукі за спіну, надзелі кайданкі, узялі за каўнер і кінулі ў легкавую машыну. На падлогу паміж пярэднім і заднім сядзеннямі. Крычалі, што ты казёл, урод, прыехаў нам тут усю маліну псаваць. Потым чалавек, які сядзеў на пярэднім сядзенні, дастаў нож, прыгразіў, што зараз парэжуць мяне тут на кавалкі. І адрэзаў кавалак вуха…»
Параненае вуха Юрыя
Юрыя некуды прывезлі, выкінулі на вуліцы, дзе збілі на горкі яблык проста на асфальце, потым перадалі іншай групе. Калі першая падобна па апісанні да так званай «самаабароны Крыму», другая была апранута ў форму «Руская бярозка», людзі ў масках, з рацыямі, узброеныя аўтаматамі. Хтосьці з іх сказаў: «Прастрэльце яму, на хрэн, ногі». І Юрыю сапраўды прастрэлілі абедзьве нагі, кулі даставалі ўжо ў Херсоне, больш чым праз тыдзень.
Ногі Юрыя
Юрыя зацягнулі ў нейкае памяшканне, кінулі тварам на падлогу, дзе ён праляжаў у лужыне ўласнай крыві, пасля чаго распранулі да майткоў, прывязалі скотчам да крэсла так, што варушыцца было зусім немагчыма. Хлопец запытаўся ў сваіх захопнікаў, дзе ён, што з ім…
«А ты падумай, адказвалі яны мне, навошта ты ехаў, што ты планаваў, хіба не разумееш, куды ты трапіў? У такім нахабным тоне ўсё…» — распавядае Юрый.
Адбывалася ўсё, кажа хлопец, як на вайне, нават без стварэння бачнасці захавання законнасці. Хаця гэта толькі ў побыце гаворыцца, што «вайна ўсё спіша», на самай справе злачынства застаецца злачынствам нават ва ўмовах вайны. І за яго, хочацца верыць, вінаватыя аднойчы адкажуць.
Раз-пораз да Юрыя заходзіў чалавек з аўтаматам, моўчкі наводзіў на яго зброю і рабіў выгляд, што зараз стрэліць. Пасля таго, як ён змог вызваліцца ад скотча, яго прыкавалі кайданкамі да батарэі.
«Допыты, допыты, допыты… Ну, мне не было чаго хаваць, я ўсё расказваў, але іх мая простая гісторыя не задавальняла. Яны хацелі расказаў пра баявікоў «Правага сектару», дзе іхныя атрады хаваюцца ў гарах… Ды адкуль мне ведаць?!» — гаворыць хлопец.
Ногі Юрыя
Потым Юрыя прывезлі да астатніх закладнікаў. Тут яны знаходзіліся ўсе з завязанымі вачыма, некалькі дзён іх не выводзілі нават у прыбіральню, даводзілася хадзіць пад сябе…
Юрый дадае, што яму «яшчэ пашанцавала». Праз нанесеныя адразу моцныя раненні яго ўжо асабліва не чапалі, нават дазволілі спаць на матрацы – астатнія неяк туліліся хто на падлозе, хто на крэслах. А вось з хлопца, які быў на Майдане ў Кіеве, здзекваліся пастаянна. Апроч фізічных катаванняў і «трэніровак» («упаў-адціснуўся») прымушалі спяваць расійскі і савецкі гімны, крычаць «Слава Расіі!» і да т.п. Увесь час прыходзілі новыя людзі, каб памучаць яго.
«Хоць я таго хлопца і не ведаў зусім, вы разумееце, душу рвалі гэтыя здзекі з яго, яны ж пры нас усіх адбываліся… а як ён страшна крычаў! Мне падалося, што я навечна трапіў у пекла», — дрыготкім голасам згадвае Юрый.
Праз тыя ж самыя выпрабаванні давялося прайсці і Андрэю Шчакуну разам з сваім паплечнікам, 64-гадовым Анатолем Кавальскім, выкладчыкам аграрнага ўніверсітэту ў Сімферопалі. Адзінае, што яны сапраўды знаходзіліся на вакзале з «палітычнай» мэтай і спачатку былі затрыманыя міліцыяй «для высвятлення». Дакладней, дружыннікамі з чырвонымі павязкамі савецкага ўзору і георгіеўскімі стужкамі, якія адвялі іх у аддзяленне. Але ўжо адтуль іх забралі асобы з невядомым статусам, адвезлі ў нейкі падвал на машыне Анатоля Кавальскага, якую, натуральна, прыўласцілі. Мужчынаў збілі, скруцілі рукі, завязалі вочы і раздзелі дагала…
Да Андрэя і Анатоля ўжываліся ў тым ліку катаванні токам. Чаго дамагаліся? Усё таго ж — базы, паролі, імёны баявікоў «Правага сектару»…
Рука Андрэя
Нейкае прадчуванне бяды прымусіла Андрэя за колькі дзён да акупацыі вывезці сям'ю на мацярык. Але ў Бахчысараі ў яго застаецца трохпакаёвая кватэра. У Анатоля Кавальскага — дом у Сімферопалі. Куды яны не змогуць вярнуцца, пакуль на іх зямлі знаходзяцца «ветлівыя людзі», а калі быць дакладным — паранаідальныя садысты.