УСУ: З пачатку года Расія страціла на вайне ва Украіне амаль 300 тысяч жаўнераў

Узброеныя сілы Украіны адрэагавалі на справаздачу Мінабароны РФ пра «поспехі» падчас летняга наступу. Па меркаванні УСУ, страты арміі РФ несувымерныя з яе дасягненнямі. У той жа час сёння заканчваюцца два тыдні якія Дональд Трамп даваў Зяленскаму і Пуціну для сустрэчы. А Пуцін знаходзіцца ў Кітаі. Ідуць 1286-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота Getty Images

Фота Getty Images

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 190 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 верасня.

Траціна штурмаў прыйшлася на Пакроўскі кірунак — там абаронцы Украіны спынілі 64 атакі расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Маяку, Фёдараўкі, Ніканараўкі, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Сухецкага, Зверава, Котліна, Удалага, Арэхавага, Дачнага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 29 разоў, спрабуючы прарвацца ў раёнах Шандрыгалава, Калодзежаў, Карпаўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у раёнах Філіі, Ялты, Аляксандрагораду, Маліеўкі, Васкрасенкі і Камышавахі.

На Сіверскім кірунку ўкраінскія войскі спынілі 11 атак расіян у раёнах Грыгораўкі і Пераезнага.

Па 10 атак расіян на кожным зафіксавана на Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках. На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 9 атак у раёнах Тарэцку, Дыліеўкі і Палтаўкі.

* * *

Расійскія войскі атакуюць на некалькіх кірунках фронту, УСУ трымаюць абарону і дасягаюць поспехаў, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійцам удалося прасунуцца на Тарэцкім кірунку: яны захапілі Русін Яр і прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Сафіеўкі (абедзве на паўночны захад ад Тарэцка). Расійскі блогер заявіў, што расійскія войскі наносяць авіяўдары плануючымі авіябомбамі па Канстанцінаўцы, пры гэтым прызнаў, што ў горадзе застаюцца мірныя жыхары.

Украінскія і расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Новапаўлаўскім кірунку. Геалакацыйныя відэазапісы Генштаба Украіны, апублікаваныя 31 жніўня, сведчаць, што ўкраінскія войскі вызвалілі Дачнае (на паўднёвы захад ад Новапаўлаўкі). Расійскія ж войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Катляроўкі (паўночны ўсход ад Новапаўлаўкі).

На астатніх участках фронту прасоўванняў не зафіксавана.

* * *

Украінскі Генштаб адрэагаваў на справаздачу расійскіх генералаў аб «выніках вяснова-летняй кампаніі 2025 года», назваўшы яе хлуснёй і адзначыўшы, што наступ РФ скончыўся «практычна нічым».

«У яе (справаздачы) аснове — спробы выдаць жаданае за сапраўднае і адкрытая хлусня. Праз тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі Крамля яго чарговая "сезонная" наступальная кампанія скончылася практычна нічым. Нягледзячы на заявы Герасімава, расійскія войскі не атрымалі поўнага кантролю ні над адным буйным горадам. Затое з пачатку года ў бессэнсоўных баях у Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласцях расійцы страцілі амаль 210 тысяч сваіх жаўнераў забітымі і параненымі, знішчана і пашкоджана 2174 баявыя браняваныя машыны, 1201 танк, 7303 артылерыйскія сістэмы і 157 рэактыўных сістэм залпавага агню», — заяўляе Генштаб УСУ.

Фэйкавыя рэляцыі расійцаў аб «зонах бяспекі» ў Сумскай і Харкаўскай абласцях — гэта «спроба схаваць правалы аперацый, якія абярнуліся для ворага тупіком і дзясяткамі тысяч страт», — падкрэслівае Генштаб УСУ і адзначае, што ад пачатку года толькі ў аперацыйнай зоне УВ «Курск» УСУ ліквідавалі 19.080 жаўнераў РФ, яшчэ больш за 25 тысяч атрымалі раненні.

Украінскія вайскоўцы адзначаюць, што лічбы расіян па захопленых тэрыторыях «істотна завышаныя», але дадаюць, што «100% пацвердзілі» страты Расіі — больш за 291 тысячу жаўнераў забітымі і параненымі з пачатку 2025 года.

* * *

540900964_1128807202765690_7586875974124570496_n.jpg

* * *

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць актывізацыю Крамлём інфармацыйных кампаній з мэтай аслабіць падтрымку Украіны з боку Захаду і падарваць удзел еўрапейскіх краін у працэсе мірнага ўрэгулявання. 

Эксперты ISW заўважылі, што расійскія спікеры выкарыстоўваюць тры ключавыя наратывы, накіраваныя на ўплыў на рашэнні заходніх дзяржаў у выгадным для Крамля кірунку. Гэта абвінавачванні еўрапейскіх краін у садзейнічанні зацягванню вайны ва Украіне, пагрозы прымянення ядзернай зброі, а таксама беспадстаўныя сцвярджэнні аб непазбежнасці перамогі Расіі ў ваенным канфлікце.

Эксперты звяртаюць увагу, што прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў і кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў актыўна прасоўваюць тэзіс, што еўрапейскія краіны наўмысна зацягваюць вайну ва Украіне. Гэты наратыў накіраваны на падрыў даверу паміж ЗША і ўрадамі Еўропы.

Асабліва часта Крэмль прыцягвае Дзмітрыева для распаўсюджвання сваіх паведамленняў па англамоўных каналах, напрыклад, па пытаннях мірнага працэсу або санкцый супраць Расіі. Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў нядаўна выступіў у англамоўным акаўнце сеткі X з крытыкай прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца з-за іх супрацоўніцтва з ЗША ў выкананні міратворчых намаганняў.

Мядзведзеў абвінаваціў лідараў Францыі і Германіі ў пагардзе ўрокамі Другой сусветнай вайны і намякнуў на магчымасць паўтарэння гістарычных падзей, згадваючы амерыканскія атамныя бомбы. Таксама ён казаў пра расійскія поспехі як пра «дрэнныя навіны» для кіраўнікоў гэтых краін.

ISW адзначае, што ўсе гэтыя інфармацыйныя намаганні цесна пераплятаюцца са спробамі Мінабароны Расіі стварыць ілжывае ўражанне аб прагрэсе і непазбежнай перамозе расійскіх сіл. МА РФ распаўсюджвае перабольшаныя звесткі пра вынікі ваенных аперацый, якія экспэрты ISW уважаюць за недакладныя.

Аналітыкі падкрэсліваюць, што падобныя манеўры Крамля выкліканыя абмежаванымі поспехамі на фронце, якія не апраўдваюць значныя чалавечыя страты і фінансавыя выдаткі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нагадаў, што два тыдні таму прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даў Расіі два тыдні для праявы гатоўнасці да рэальных перамоваў.

«Два тыдні таму ў Вашынгтоне прагучала, што менавіта да гэтага часу расійцы павінны быць гатовыя да рэальных перамоваў, да сустрэчы на ўзроўні лідараў. Украіна бясспрэчна гатовая да гэтага. Але адзінае, што робіць Расія — гэта ўкладаецца ў далейшую вайну. Усе сігналы ад іх менавіта пра гэта», — сказаў Зяленскі.

Зяленскі адзначыў, што кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін, які прыляцеў у Кітай на 4 дні для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, «зноў будзе выкручвацца – гэта яго спорт нумар адзін».

«Усе ў свеце заяўлялі, што трэба спыніць агонь, усе настойвалі, што вайна павінна скончыцца. Такая была пазіцыя ўсіх: Кітая, мы гаварылі пра гэта з прэм'ер-міністрам Індыі, таксама з іншымі лідарамі, якія цяпер там на саміце — Турцыя, Азербайджан, Казахстан, амаль усе астатнія ў свеце таксама за спыненне вайны... Адзіны, хто хоча вайны — гэта Расія», — сказаў Зяленскі.

«Мы разлічваем, што ніхто не будзе трываць зацягванне вайны, разлічваем на моцную пазіцыю ЗША, Еўропы, краін "дваццаткі"», — дадаў ён.

* * *

Па звестках Financial Times, еўрапейскія лідары збяруцца ў Парыжы ў чацвер, 4 верасня, каб працягнуць перамовы высокага ўзроўню аб будучых гарантыях бяспекі для Украіны.

Паведамляецца, што сярод удзельнікаў сустрэчы будуць канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, генеральны сакратар NATO Марк Рутэ і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Урсула фон дэр Ляен у інтэрв'ю выданню паведаміла, што еўрапейскія сталіцы працуюць над «дастаткова дакладнымі планамі» патэнцыйнага разгортвання войскаў ва Украіне ў рамках пасляваенных гарантый бяспекі, якія будуць мець падтрымку ЗША. Паводле яе слоў, існуе «выразная дарожная карта» для магчымага разгортвання.

* * *

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у інтэрв'ю каналу ZDF заявіў, што расійска-ўкраінская вайна можа працягвацца яшчэ вельмі доўга.

«Мы стараемся скончыць яе як мага хутчэй. Але дакладна не коштам капітуляцыі Украіны», — заявіў Мерц. Паводле яго слоў, вайна можа скончыцца заўтра, калі Украіна капітулюе, здасца, і краіна страціць сваю незалежнасць.

«Толькі тады паслязаўтра наступіць чарга наступнай краіны. А праз дзень пасля гэтага наступіць наша чарга. Гэта не варыянт», — заявіў Мерц.

Адказваючы на пытанне, ці спадзяецца ён, што перамір'е будзе дасягнута ў наступным годзе, Мерц сказаў: «Я не губляю надзеі, што мы зможам гэтага дасягнуць. Але я таксама не маю ілюзій».