Крым і два Аксёнавы
Раман Васіля Аксёнава «Выспа Крым» у свой час меў шалёную папулярнасць. Спачатку ён выйшаў у самвыдаце, яго тэкст агучвалі заходнія станцыі. І толькі дзесьці напрыканцы 1980-х гадоў «Выспу Крым» надрукаваў чаcопіс «Юнацтва».
Сюжэт рамана аўтар пабудаваў на фантастычным дапушчэнні, што арміі Урангеля ўдалося адбіцца ад бальшавікоў. Выпадковы стрэл з карабельнай гарматы, зроблены англійскім лейтэнантам Бейлі-Лендам, спыніў іх наступ на Крым.
Усё астатняе ў рамане выглядае навуковай рэстаўрацыяй гісторыі, якая магла б адбыцца. За паўстагоддзя ў Крыме была пабудавана дэмакратычная квітнеючая дзяржава, якая мела ўсе перавагі над Саветамі. Але аднойчы яна сур’ёзна захварэла: сярод крымчан сталі папулярнымі ідэі партыі САЛ (Саюза агульнага лёсу) аб аб’яднанні, поўным зліцці Крыма з СССР.
У Аксёнава гэта ідэя рэалізуецца з выкарыстаннем правакацый «ваўканосцаў» (эўфемізм — чарнасоценцы). І вось аднойчы, як тыя, хто быў супраць, так і тыя, хто рыхтаваўся да «зліцця», былі пастаўлены перад фактам: Савецкі ўрад «ідучы насустрач» заяве САЛа, пачынае ваенную аперацыю па вызваленні крымчан ад іх уласнай дзяржавы. Маўляў, мы вам дамо іншую і лепшую.
Ну адзін да аднаго, што адбываецца сёння. Крымскі сцэнар Аксёнава ўрэшце прыняты да пастаноўкі, але не ў жанры фэнтэзі, а суровай пуцінскай рэал-палітык. Расійскія дэсантнікі ўжо грукаюць у дзверы.
Дзея першая ўжо пачалася. Як лакальная аперацыя па абароне расійскіх грамадзян, што жывуць у Крыме. Пасля ўзялі пад абарону тых, хто прынцыпова не паважае ўкраінскую мову. «Моўныя» прэтэнзіі пашыраюцца і перарастаюць у этнаграфічныя і геапалітычныя. Далей болей. Дэсантнікі абяцаюць прыняць пад свой патранат не толькі рускіх, але і ўкраінцаў, якім пагражаюць украінскія нацыяналісты.
Так, па даўняй звычцы, інтэрнацыяналісты становяцца шавіністамі. Роля вядучых жахлівага спектакля належыць Пуціну і Мядзведзеву, якія на пару і па чарзе зачышчалі Каўказ ад нацыяналістаў, гвалцілі Грузію праз анексію Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
Тое ж рыхтуецца і ў Крыме. Ці выпадкова, ці карты так ляглі, але новаспечаным прарасійскім крымскім прэм’ерам стаўся чалавек з прозвішчам Аксёнаў — Сяргей Аксёнаў. Зразумела, нічым не падобны на пісьменніка Васіля Аксёнава.
Рэальны Сяргей Аксёнаў, абраны кімсьці на ролю галоўнага героя рэальнай крымскай драмы, кіруецца толькі рэальнымі выгодамі. Хаця таксама наўрад ці ўяўляе, чым для яго можа закончыцца гульня. Сяргей Аксёнаў скончыў ваенную вучэльню, але ў арміі не служыў, пайшоў у «кааператары». Стаў «бізнэсмэнам», потым кінуўся ў палітыку, узначаліў партыю «Рускае адзінства», якая набрала блізу 3 працэнтаў галасоў на выбарах у крымскі парламент. Ну і яшчэ ён, як паведамляюць СМІ, спасылаючыся на дадзеныя міліцыі, у крымінальным свеце вядомы пад прозвішчам Гоблін.
Бачна, што персона шматзначная, як з пункту гледжання маралі, так і палітыкі. Вось такі лідар. Вы чакалі? Не важна, атрымлівайце!
Што далей? Звычайны расійскі сацыяльна-палітычны кругазварот. Правадыры, масы, героі народа і ворагі народа, рэпрэсіі і рэабілітацыі. Заўсёдныя акалічнасці, якія замінаюць паўсядзённай працы і пераможнаму маршу ў лепшую будучыню.
Як зараз у Крыме. Адны імкнуцца ствараць справядлівы Крым для сваіх, іншыя ахвотна дапамагаюць у надзеі, што і ім з панскага стала якія дробязі зваляцца. І ўсе памыляюцца, бо тая армія, якая прыйшла ўжо ў Крым, прывяла з сабой і сваіх алігархаў.
Гэта ў выпадку, калі рэалізуецца пуцінскі сцэнар.