«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў
3 верасня ў магілёўскай калоніі №15 быў знойдзены мёртвым палітвязень Андрэй Паднябенны. Афіцыйная прычына смерці — удушша. Яе звычайна ўказваюць, калі чалавек павесіўся. «Наша Ніва» даведалася ў былых вязняў той калоніі, што гэта быў за чалавек.

Андрэй Паднябенны. Фота: spring96.org
Гамельчука Андрэя Паднябеннага затрымалі 5 лістапада 2021 года. Мужчыну абвінавацілі ў падпале машыны начальніка гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні тэлеграм-канала і чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Паднябеннага асудзілі па сямі цяжкіх артыкулах, у тым ліку і па артыкуле «акт тэрарызму». Спачатку яму далі 15 гадоў зняволення, пазней прысудзілі яшчэ год і восем месяцаў.
Андрэй апынуўся ў калоніі ў Магілёве ў жніўні-верасні 2023 года. Ужо праз некалькі дзён, успамінаюць знаёмыя хлопца па калоніі, яго накіравалі ў ШІЗА, куды потым зноў і зноў вярталі. Хутчэй за ўсё, у суме хлопец правёў у ШІЗА не менш за 50 сутак.
Глядзіце таксама

У гутарках з іншымі вязнямі гамяльчук расказваў пра тую машыну сілавіка, у падпале якой яго абвінавацілі. Паводле слоў Андрэя, ён ішоў міма той машыны, у якой былі пабітыя вокны, і кінуў у гэтае акно непатушаны бычок. Ад гэтага загарэлася сядушка ў машыне.
Спачатку, гаварыў Андрэй, ён за тую сядушку заплаціў штраф. А праз паўгода па хлопца прыйшлі, і ён апынуўся за кратамі.
Далёка не ўсе вязні камунікавалі з Андрэем у калоніі. Баяліся, што за кантакты з «тэрарыстам», які мае такі вялікі тэрмін, іх могуць неяк пакараць. Аднойчы кіраўніцтва калоніі пабачыла, што Андрэй часта камунікуе з некаторымі вязнямі, і перакінула яго ў іншы атрад. Гэта быў атрад 18, у якім большасць — вязні-пенсіянераў.
У тым атрадзе хлопец атрымаў магчымасць не хадзіць працаваць на прамзону — замест гэтага ён падмятаў тэрыторыю калоніі і прыбіраў снег. Адзін з вязняў успамінае, што ў Андрэя была нейкая хранічная хвароба, таму Паднябенны сам імкнуўся знайсці больш лёгкую працу, якая пасавала б яму па здароўі. Таксама ён часта хадзіў у медчасць калоніі.
Пры гэтым Андрэй імкнуўся сачыць за здароўем — адзін з вязняў успамінае, як ён адціскаўся.
У калоніі Андрэю было цяжка, і справа не толькі ў ШІЗА, дзе ён часта бываў.
Хлопца часта пазбаўлялі пасылак, таму іншыя вязні яго падкормлівалі і дзяліліся з ім рэчамі. Таксама Андрэй расказваў знаёмым, што былы начальнік ПК-15 Аляксей Лазарэнка збіваў яго.
Адзін з вязняў успамінае Андрэя як аднаго з самых добрых і разумных вязняў, з кім меў справу ў той калоніі. Паводле яго, Андрэй быў вельмі ветлівым чалавекам, ад якога ён не чуў ні слова лаянкі.
«Ён верыў, заўжды казаў, што будзе ісці да канца. Я плакаў сёння, калі даведаўся — настолькі добры ён быў чалавек. Андрэй казаў, што пройдзе праз усё… Ён быў моцны чалавек», — успамінае загінулага вязня яго знаёмы.
У Андрэя засталося трое дзяцей.