Каля 145 кніг забароненыя ў Беларусі. Але Мінінфарм лічыць, што гэтага мала. Хронікі рэпрэсій 9 верасня
Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі заявіў на ток-шоў «Па сутнасці», што спіс кніг, забароненых для рэалізацыі і распаўсюду ў Беларусі, «не такі вялікі» — каля 145 кніг. «Не трэба дазваляць прадаваць, увозіць тое, што можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, і мы гэта робім. Іншае пытанне, што за час існавання гэтага заканадаўства, магчыма, мы не так актыўна яго ўжываем», сказаў чыноўнік. «Новы Час» з дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабраў чарговыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі 9 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 9 верасня ў чарговы раз абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго дадалі яшчэ дзевяць чалавек: Юры Рубашэнка, Арцём Сямёнаў, Алег Слабуха, Ірына Шумейка, Андрэй Бесаў, Віктар Яскіч, Яўген Грук, Віктар Мека, Сяргей Тулінаў.
Цяпер у спісе 1335 чалавек, з іх больш за 639 — беларусы.
Па «справе Гаюна» затрыманы мінімум 64 чалавека
Паводле звестак «Вясны», у Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну» — апошнія з іх адбыліся на гэтым тыдні. Людзям інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.
Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў па гэтай справе — фігурантам прызначаюць ад «хіміі» да калоніі. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрымання пад вартай на некалькі месяцаў.
«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 64 пацверджанага(!) фігуранта «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш — палітычны пераслед 64 чалавек, пра які мы пішам, быў цалкам верыфікаваны і пацверджаны
Актывістку Святлану Каваленка асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах
Пра гэта паведамляе «Аб'яднаная Грамадзянская Партыя». Святлане быў інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
На мінулым тыдні Святлану дадалі ў «спіс экстрэмістаў».
Раней Каваленка пераследавалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расійскай Федэрацыяй, збор подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты, а таксама затрымлівалі нібыта за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».
Былую кіраўніцу піяр-службы МТС асудзілі за ўдзел у пратэстах
Марыі Пазняк 39 гадоў. Яна мінчанка. Гадуе дачку, якая цяпер у малодшых класах школы.
Марыя амаль 20 гадоў працуе ў маркетынгу — прыйшла туды адразу пасля сканчэння ўніверсітэта. У 2020-м яна ўзначаліла піяр-групу МТС Беларусь, а ў 2023-м перайшла ў Kaspersky Group на пасаду старшага менеджара па маркетынгу.
Падчас працы яна зрабіла шмат вялікіх праектаў, прысвечаных ахове дзяцей. За адзін з іх, #інтэрнэтбезбулінга, яна атрымала некалькі прэстыжных узнагародаў — Effie Belarus, ADMA і UN Global Compact. Уваходзіць Марыя і ў топ-30 найбольш эфектыўных маркетолагаў Беларусі, а ў 2022-м яна заняла 14-е месца, піша «Наша Ніва».
Марыю Пазняк асудзілі ў сярэдзіне 2025 года па ч. 1 арт. 342 КК — «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Сутнасць абвінавачанняў, як і прысуд — невядомыя. Вядома толькі, што Марыі прызначылі хатнюю хімію.
У Гродне па крымінальнай справе затрымалі актывістку Валянціну Навумаву
«Гарадзенскай Праваабароне» стала вядома, што ў Гродне ў мінулую пятніцу, 5 верасня, затрымалі вядомую грамадскую актывістку Валянціну Навумаву. Яна знаходзіцца пад арыштам. Супраць яе распачата крымінальная справа: дакладна вядома, што ў ёй фігуруе арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), магчыма выстаўлены і іншыя абвінавачванні.
Валянціна Навумава доўгі час была сябрам партыі левых «Справядлівы свет». У 2017 годзе яна была аштрафаная на 15 базавых велічынь па адміністрацыйнай справе за ўдзел у акцыі «недармаедаў».
Добрая навіна: выйшаў на волю гісторык Ігар Мельнікаў
Асуджаны за садзейнічанне «экстрэмісцкай» дзейнасці гісторык Ігар Мельнікаў выйшаў на волю – у яго ТікТок з'явіліся новыя відэа, заўважыла «Медыязона».
13 верасня 2024 года стала вядома, што Мельнікава прысудзілі да 4 гадоў калоніі па артыкуле аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (Частка 1 артыкула 361-4 КК). Гісторыка абвінавацілі ў тым, што 26 студзеня 2022 года ён даў інтэрв'ю «экстрэмісцкім фармаванню» «Еўрарадыё». МУС прызнала «Еўрарадыё» «экстрэмісцкім фарміраваннем» у ліпені 2022 года, праз 5 месяцаў пасля інтэрв'ю.
Некалькі дзён таму ў ТікТок-акаунце Мельнікава з'явіліся новыя відэа. Ён выйшаў на волю раней за тэрмін, верагодна, па памілаванні.
Ігар Мельнікаў — кандыдат гістарычных навук, нарадзіўся ў 1980 годзе ў Бабруйску. Ён спецыялізуецца на ваеннай гісторыі і перыядзе знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў 1921-1939 гадах. Супрацоўнічаў з «Новым Часам». Пра затрыманне Мельнікава стала вядома ў ліпені, да таго моманту ён ужо паўгода знаходзіўся ў СІЗА. У жніўні яго кнігі прызналі «экстрэмісцкімі».
Ігар Мельнікаў-кандыдат гістарычных навук, нарадзіўся ў 1980 годзе ў Бабруйску. Ён спецыялізуецца на ваеннай гісторыі і перыядзе знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў 1921-1939 гадах. Пра затрыманне Мельнікава стала вядома ў ліпені, да таго моманту ён ужо паўгода знаходзіўся ў СІЗА. У жніўні яго кнігі прызналі «экстрэмісцкімі».