32 палітзняволеных замежніка ўтрымліваюцца за кратамі ў Беларусі. Хронікі рэпрэсій 5 верасня
Нягледзячы на гучныя памілаванні, якія адбыліся напрыканцы чэрвеня пры садзейнічанні ЗША, і ў выніку якіх на волю выйшлі адразу некалькі палітзняволеных замежнікаў, беларускія ўлады працягваюць пераследаваць іншаземцаў. Нядаўна стала вядома пра затрыманне грамадзяніна Польшчы па абвінавачванні ў «шпіянажы» і пераслед грамадзянкі Вялікабрытаніі, асуджанай за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Сёння за кратамі ўтрымліваюцца тры дзясяткі чалавек — гэта грамадзяне Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі, Польшчы і іншых краін. Паводле звестак «Вясны», з 2020 года палітычна матываваны пераслед закрануў не менш за 88 замежнікаў. Сярод іх жанчыны, людзі пенсійнага ўзросту і нават асобы з цяжкімі захворваннямі.
Так, 52-гадовую грамадзянку Брытаніі асудзілі ў Беларусі да 7 гадоў калоніі паводле пратэсных артыкулаў. Юлію Феннер затрымалі вясной мінулага году пры перасячэнні беларускай мяжы. Жанчыну абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзеле ў пратэстах» і асудзілі да калоніі. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Учора дзяржаўныя прапагандысцкія медыя распаўсюдзілі інфармацыю пра затрыманне ў Лепелі 27-гадовага грамадзяніна Польшчы Гжэгажа Гавела з Кракава. Яго абвінавачваюць у «шпіянажы» (арт. 358 КК) — нібыта за атрыманне плана беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025».
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Рафал Басацкі ў тэлевізійным эфіры паведаміў, што інфармацыя пра затрыманне Гжэгажа Гавела беларускім КДБ цяпер правяраецца. Ён падкрэсліў, што гэта можа быць правакацыя альбо сфальсіфікаваная гісторыя.
Басацкі адзначыў, што Польшча і краіны NATO з трывогай назіраюць за вучэннямі «Захад-2025», дзе адпрацоўваюцца розныя маштабныя сцэнары. Паводле яго беларускія ўлады ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі правакацыі ў адносінах да Польшчы, таму і цяпер неабходна спакойна ацаніць сітуацыю.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск таксама пракаментаваў затрыманне ў Лепелі «польскага шпіёна, піша «Наша Ніва».
«Абвінавачанні беларускага боку абсурдныя. Паводле версіі Беларусі, польскі манах павінен быў атрымліваць матэрыялы, звязаныя з вучэннямі «Захад». Не можа быць і гаворкі пра тое, каб мы прынялі такі від правакацый».
Паводле яго слоў, Польшча падрыхтуе адпаведныя меры, калі справа хутка не праясніцца.
«Я дагэтуль не ўпэўнены, які быў характар візіту нашага манаха. Па маёй інфармацыі, ён наведваў свайго знаёмага, святара, які жыве ў Беларусі. На дадзены момант вядома толькі гэта.
Вядома, мы прымаем дыпламатычныя крокі, але, як вы ведаеце, Лукашэнка не найлепшы партнёр для гэтага. Не варта чакаць з таго боку добрай волі. Мы рыхтуем, скажу прама, адпаведныя меры, калі гэтая сітуацыя не зменіцца. І ў вельмі кароткія тэрміны».
Прэзідэнт Польшчы абмеркаваў з Папам Рымскім лёс польскіх зняволеных у Беларусі
Падчас візіту 5 верасня 2025 года ў Ватыкан прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падняў пытанне пра зняволеных палякаў у Беларусі, піша «Люстэрка». У ліку іншых ён згадаў Анджэя Пачобута, каталіцкіх святароў і нядаўна затрыманага манаха-кармеліта Гжэгажа Гавела.
Наўроцкі паведаміў, што ў гутарцы з кардыналам Дзяржсакратарыята Ватыкана падкрэсліваў: абарона палякаў, якія апынуліся ў турмах у Беларусі, з'яўляецца адной з яго задач на пасадзе прэзідэнта. «Я маю намер прыкладаць намаганні на міжнароднай арэне, каб заступацца за іх», — сказаў ён.
У судовым працэсе над журналістам Ігарам Ільяшом абвешчаны перапынак да 12 верасня
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» дзядуля жонкі палітвязня Сяргей Ваганаў, піша «Позірк».
Паводле яго слоў, чарговыя пасяджэнні па крымінальнай справе журналіста прайшлі ў Мінскім гарадскі судзе 4 і 5 верасня. Гэтымі днямі суд заслухаў «вынікі псіхалінгвістычнай экспертызы 15 аналітычных артыкулаў Ільяша, якую на працягу некалькіх месяцаў падрыхтаваў загадчык кафедры БДУ, доктар філалогіі Сяргей Лебядзінскі», адзначыў Ваганаў.
Таксама, дадаў ён, былі заслуханы тлумачэнні Лебядзінскага «ў адказ на пытанні пракурора, адваката і падсуднага, а таксама тлумачэнні і заўвагі Ільяша адносна вынікаў экспертызы».
У жніўні праваабаронцы зафіксавалі 72 выпадкі палітычных рэпрэсій
У жніўні «Вясна» зафіксавала 72 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, гаворыцца ў чарговым Аглядзе сітуацыі з правамі чалавека. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій у 2025 годзе звязана з адсутнасцю доступу да публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе.
Увогуле за мінулыя пяць гадоў праваабаронцы зафіксавалі больш за 100 000 фактаў рэпрэсій.
Нягледзячы на штодзённы працэс вызвалення палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну, змены меры стрымання і ў парадку памілавання, іх колькасць у Беларусі па-ранейшаму крытычна высокая: на канец жніўня ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 187 палітвязняў (з іх 180 — жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 37 чалавек. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 081 чалавек.
«Вясне» вядома пра больш чым 7 400 асуджаных (у тым ліку 34 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года.
На волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання ўжо знаходзяцца 2 894 чалавекі, з якіх 597 — жанчыны.
На канец месяца вядома пра 46 палітвязняў, якім тэрмін пазбаўлення волі, прызначаны прысудам суда, быў адвольна падоўжаны з выкарыстаннем арт. 411 КК за сукупнасць дысцыплінарных спагнанняў, многім неаднаразова. Агулам такім мерам падвяргаліся не менш за 66 чалавек, некаторыя з іх ужо вызваленыя.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Telegram-канал «Telegram Беларусь», YouTube-канал «Эх, Саня!», старонка ў Threads «Belsat TV», а таксама TikTok-старонкі «Витёк», «Fresh Novosti», «UHODI OFFICIALLY», «Self-Proclamed St.Lukeria».
За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» асудзілі маладую маці з Віцебска
У 2023 годзе маладую маці, праграмістку і мадэль Таццяну Маханёк ужо штрафавалі за «распаўсюд экстрэмізму». Тады суддзя Міхаіл Юрчанка прызначыў ёй штраф у 925 рублёў, піша @vitebsk_info.
Але зараз яе імя з'явілася і ў «спісе экстрэмістаў». Таццяну асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 ст. 361-4 КК. Пазначана, што судзімасць не пагашана — верагодна, жанчына атрымала «хімію».
У Беларусі +14 новых палітвязняў
Гэта Вольга Нікалаева, Раман Весялоўскі, Андрэй Матусенка, Кірыл Лескець, Аляксандр Дулеба, Алеся Вяроўкіна, Ірына Кішкурна, Таццяна Мінец, Ігар Караткоў, Дзмітрый Трухан, Юлія Феннер, Таццяна Стасева, Аляксандр Рыбчанка, Кірыл Худзякоў.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 68 прозвішчаў — цяпер у ім 5745 чалавек
5 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У спіс дадалі грамадзяніна РФ Альберта Карстэна, блогерку Паліну Зыль і 36 чалавек, асуджаных паводле «народнага» арт. 342 КК.
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.