«Cпіс экстрэмістаў» у жніўні папоўнілі 118 чалавек, пераважна ўжо асуджаных. Хронікі рэпрэсій 3 верасня

У Беларусі працягваюцца затрыманні па «справе Беларускага Гаюна», і папаўняецца «спіс экстрэмістаў» —праваабаронцы паглядзелі, каго ў яго дадалі ў жніўні. Тым часам у ЕС узнікаюць дыскусіі адносна ініцыятывы Дональда Трампа па вызваленні беларускіх палітзняволеных 

12_122.png

У Беларусі працягваюцца затрыманні па «справе Гаюна».

Праваабаронцам вядомыя як мінімум 54 пацверджаных фігурантаў справы. Цяперашняя колькасць затрыманых значна большая, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, апошнія затрыманні прайшлі на мінулым тыдні. Людзей затрымліваюць па артыкуле 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

«Гэтую норму выкарыстоўваюць выключна рэпрэсіўна: людзям інкрымінуюць перадачу фатаграфій або паведамленняў, якія не маюць прыкмет гвалту і тычацца значнай для грамадства інфармацыі. Такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду атрымання і распаўсюджвання інфармацыі. Гэта парушэнне як уласнай канстытуцыі, так і міжнародных абавязацельстваў Беларусі», — удакладняюць праваабаронцы.

Таксама вядома пра некалькі судоў па «справе Гаюна». Фігурантаў прысуджаюць да пазбаўлення волі ў калоніі або «хіміі».

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочвае вайсковую актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створаная перад пачаткам расійска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам. У пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ у чат праекта. Пасля гэтага праект абвясціў аб спыненні працы.

118 асуджаных, 42 з якіх — жанчыны: каго ў жніўні дадалі ў «Cпіс экстрэмістаў»

З 2022 Міністэрства ўнутраных справаў увяло рэгулярную практыку: абнаўленне "Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" (Спіса экстрэмістаў). Цяпер у яго ўключаны 5 677 чалавек, якіх асудзілі па палітычных справах. За жнівень у Спіс дадалі 118 чалавек, сярод якіх 42 — жанчыны.

"Вясна" прааналізавала жнівеньскія абнаўленні і распавядае, хто трапіў у "Спіс экстрэмістаў".

85 чалавек з абноўленага Спісу былі асуджаныя паводле «народнага» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Поводле дакументу, толькі 22 чалавекі былі асуджаныя да пазбаўлення волі, астатнія — да абмежавання волі. Але дадзеныя могуць быць недакладныя праз частыя памылкі ў Спісе.

За мінулы месяц у Пералік дадалі 76 мужчын і 42 жанчыны. Сярод асуджаных — восем чалавек, старэйшыя за 60 гадоў, у тым ліку 78-гадовая актывістка Ніна Багінская.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1756 дзён, Дзяніс Івашын — 1636 дзён.

Cайт «Вясны» — у кароткім спісе намінантаў на прэмію імя Алеся Адамовіча

Беларускі ПЭН абвясціў кароткі спіс намінантаў на прэмію імя Алеся Адамовіча за 2024 год. У ліст з сямі прэтэндэнтаў увайшоў сайт праваабарончага цэнтра «Вясна».

Сёлета з поўнага спіса былі адабраныя фіналісты, чые працы найбольш моцна адгукаюцца на сённяшнія выклікі і балючыя пытанні. У кароткі спіс увайшлі творы, што не толькі фіксуюць наш досвед, але і надаюць яму мастацкую і этычную вагу.

Сёлета прэмія ўручаецца не толькі за кнігі, але і за іншыя фарматы творчага выказвання: публіцыстыку, падкасты, дакументальнае кіно, відэапраекты. Мэта застаецца нязменнай — ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і адзначэнне найлепшых твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці.

Апроч сайта «Вясны» ў спіс увайшлі яшчэ два творы, прысвечаныя падзеям 2020 года ў Беларусі і рэпрэсіям пасля іх. Гэта «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» Вольгі Вялічка (выдавецтва «Gutenberg Publisher»), і «Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции» Таццяны Шчытцовай (выдавецтва «Логвінаў»).

Член камісіі Сейма Літвы па міжнародных справах Эмануэліс Зінгерыс папракнуў адміністрацыю Дональда Трампа за тое, што ў ініцыяваны імі працэс вызвалення палітвязняў у Беларусі не ўключаныя краіны ЕС

Парламентарый на штогадовым «Эканамічным форуме» ў Карпачы (Польшча) 2 верасня падзякаваў Вашынгтону за намаганні па вызваленні палітзняволеных, у прыватнасці, Сяргея Ціханоўскага, аднак дадаў: «Але павінны быць салідарныя кансультацыі, калі ідзе размова пра спадара Лукашэнку, паміж ЗША і саюзнікамі. Калі гэта ідзе над нашымі галовамі — гэта не з’яўляецца найлепшым рашэннем», — сказаў ён.

Член Нацыянальнага сходу (ніжняя палата) парламента Францыі Фрэдэрык Пеці ў кантэксце кантактаў прэзідэнта ЗША з Лукашэнкам заявіў, што «адміністрацыя Трампа не мае паняцця, чым сёння з’яўляецца свет». Адзначыўшы, што ЗША — гэта «вялікая дэмакратыя», Пеці папракнуў Трампа ў адсутнасці культуры пры такіх перамовах.

«Памылкі — гэта тое, што мяне больш за ўсё непакоіць наконт адміністрацыі Трампа», — дадаў парламентарый.