Суд над журналістам Ігарам Ільяшом адновіцца 4 верасня. Хронікі рэпрэсій 1 верасня
«Некалькі месяцаў спатрэбілася на псіхалінгвістычную экспертызу аналітычных тэкстаў Ігара, які абвінавачваецца ў "садзейнічанні экстрэмізму" і ў "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь». Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook дзядуля жонкі палітвязня Сяргей Ваганаў. Ён падкрэсліў, што пакуль не ведае, ці выявіў эксперт-лінгвіст з БДУ «доказы, якія адпавядаюць абвінавачанням», піша «Позірк».

Судовы працэс у Мінскім гарадскім судзе быў прыпынены 12 сакавіка. Прашэнне Ігара пра тое, каб экспертыза прайшла ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў.
Нагадаем, Ільяша абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 КК РБ) і ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361–4 КК РБ). Паводле санкцый гэтых артыкулаў журналісту пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1754 дні, Дзяніс Івашын — 1634 дні.
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да блогера Максіма Шабуцкага — яго збіраюцца судзіць завочна
41-гадоваму Максіму інкрымінаваная ажно 18 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.
Палітзняволеную Алену Маліноўскую не выпусцілі па заканчэнні тэрміну — супраць яе распачалі новую справу
Алену Маліноўскую затрымалі 31 студзеня 2022 года і асудзілі ў верасні таго ж года. Жанчына праходзіла па адной справе з яшчэ двума палітзняволенымі — Ліліяй Ананян і Анатолем Латушкам, стрыечным братам палітыка Паўла Латушкі.
Алена атрымала 4 гады калоніі па ч.2 арт. 339 КК (хуліганства) і арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна малявала ў пад'ездах праз трафарэты герб «Пагоня» і спаліла дзяржаўны сцяг.
Некалькі дзён таму Алена мусіла выйсці на волю, але яе так і не выпусцілі. Як расказалі «Нашай Ніве» сябры Алены, жанчыну перавезлі ў Мінск, дзе завялі на яе новую крымінальную справу, у гэты раз па артыкуле 342 — верагодна, па абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах.
Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай.
Пенсіянерка ў Бярозе хацела паскардзіцца Лукашэнку на малую пенсію — яе арыштавалі на 10 сутак
Як стала вядома @viasna_brest, падчас прыезду Лукашэнкі 13 чэрвеня ў Бярозаўскі раён мясцовыя жыхары атрымалі загад не выходзіць са сваіх дамоў.
А адна з пенсіянерак хацела ўжывую паскардзіцца Лукашэнку на малыя пенсіі. Атрымаць аўдыенцыю не атрымалася, жанчыну пасля выхаду з дома затрымалі і змясцілі ў ІЧУ Бярозаўскага раёна на 10 сутак.
КДБ выклікае беларусаў, якія прыязджаюць дадому з-за мяжы, на размовы пра дзяржаўную здраду
Жыхарка Гродзенскай вобласці распавяла DW, што пасля вяртання дадому яе па тэлефоне выклікалі на размову ў мясцовае ўпраўленне КДБ.
Суразмоўца прызнаецца, што супрацоўнік КДБ адразу папярэдзіў: яўка абавязковая, інакш прыцягнуць да адказнасці. Падчас размовы яе распытвалі, чым яна займаецца за мяжой, з кім кантактуе, ці спрабавалі яе вербаваць мясцовыя спецслужбы, ці чытае яна забароненыя ў Беларусі рэсурсы, як ставіцца да дзеючай улады і чаму аддае перавагу жыць за мяжой.
«Потым супрацоўнік спытаў, ці ведаю я, што такое здрада дзяржаве. Я адказала, што чула пра такое толькі ў савецкіх фільмах. Тады ён з аркуша зачытваў, якія дзеянні могуць расцэньвацца як здрада, якая за гэта прадугледжана адказнасць. І я павінна была падпісаць дакумент, што мне ўсё гэта патлумачылі».
Вядома, што на такія ж размовы выклікаюць і ў мінскі КДБ, асаблівая ўвага надаецца тым, хто прыязджае ў Беларусь рэдка, некалькі разоў на год.