Спецслужбы Беларусі шчыльна заняліся дыскрэдытацыяй і запалохваннем дэмакратычных лідараў. Хронікі рэпрэсій 2 верасня
Фэйкавыя лісты ад імя Сяргея Ціханоўскага, пагрозы Паўлу Латушку, вярбоўка актывістаў праз Фэйсбук — усё гэта цяпер адбываецца ў дэмакратычным асяроддзі. Падобна на тое, што гэта скаардынаваная кампанія спецслужбаў. Тым часам ў Беларусі працягваюць караць па «народным» артыкуле і вытрасаць з людзей грошы.

Пракуратура Мінскай вобласці дала справаздачу, колькі заяваў аб «экстрэмісцкіх матэрыялах» пададзена ў суды
Паведамляецца, што ў 2024 годзе пракуратурай Мінскай вобласці накіравана ў суды 450 заяў аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў «экстрэмісцкімі». З іх задаволена 443.
Сёлета ўжо пададзена 237 заяў, з якіх задаволена 226. Усяго з 2021 года пракуратурай Мінскай вобласці накіравана ў суды больш за 1100 такіх заяў.
Таксама адзначана, што значную працу па прызнанні рэсурсаў і публікацый «экстрэмісцкімі» правялі пракуратуры Маладзечанскага, Барысаўскага, Мінскага і Дзяржынскага раёнаў, паведамляе Вясна.
Прэзідэнта Польшчы папрасілі падняць пытанне на сустрэчы з Трампам пра зняволеных у Беларусі журналістаў
Прадстаўнікі беларускіх і польскіх СМІ звярнуліся да прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага напярэдадні ягонага візіту ў ЗША з просьбай падняць пытанне аб вызваленні Анджэя Пачобута і 11 журналістаў тэлеканала «Белсат», што знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі.
Ліст каралю Наўроцкаму быў адпраўлены 1 верасня галоўнай рэдактаркай тэлеканала «Белсат» Алінай Коўшык.
Ліст падпісалі не менш за 16 прадстаўнікоў беларускіх і польскіх СМІ. Вядома, што афіцыйная рабочая сустрэча прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага і Дональда Трампа адбудзецца ў Белым Доме 3 верасня.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі ў турме знаходзяцца 36 прадстаўнікоў СМІ.
З аўкцыёну прадаюць калекцыю карцін Віктара Бабарыкі
З малатка прадаюць 19 твораў мастацтва з калекцыі Віктара Бабарыкі на 344 тысячы рублёў. Аб'явы апублікаваныя на сайце «Белюрзабеспячэння», што займаецца продажам канфіскаванай маёмасці.
Самыя танныя лоты — пяць гравюр з выдання «Old and New London: Narrative of its History, Іs People and its Places» («Стары і Новы Лондан: апавяданне аб яго гісторыі, людзях і месцах») канца XIX стагоддзя. Пачатковы кошт продажу кожнай з іх 165 рублёў.
Самы дарагі лот — твор «Арлекін» беларуска-французска-польскага мастака Яўгена Зака. Яго выставілі па стартавым кошце 99 312 рублёў.
Хутчэй за ўсё, гэтыя карціны з прыватнай калекцыі Бабарыкі. Нагадаем, дзякуючы экс-банкіру свая мастацкая калекцыя з'явілася ў «Белгазпрамбанка». Натхніўшыся прыкладам замежных банкаў, ён у пачатку 2010-х пачаў збіраць працы мастакоў, звязаных з Беларуссю.
Мэтай было вярнуць у краіну імёны, якіх няма ў музейных сховішчах — ад Суціна і Шагала да менш вядомых аўтараў накшталт Бакста. Калекцыя вырасла з ідэі «Вярнуць страчанае мастацтва» і стала буйным культурным праектам.
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1755 дзён, Дзяніс Івашын — 1635 дзён.
«Maria Pulkovskay» не спыняецца — спецслужбы працягваюць пісаць беларусам у Facebook
11 чэрвеня праваабаронцы паведамлялі пра тое, што беларускім актывістам за мяжой пішуць у Facebook і прапаноўваюць супрацоўніцтва. Некаторым абяцалі бяспеку іх родных у Беларусі ў абмен на інфармацыю для беларускіх спецслужбаў.
Усе паведамленні былі зафіксаваны з аднаго акаўнта — Maria Pulkovskay.
Як стала вядома праваабаронцам, пасля апублічвання гэтай інфармацыі дзейнасць акаўнта не спынілася — ён працягвае даваць людзей у сябры і пісаць ім, узгадваючы іх родных у Беларусі і запрашае «паразмаўляць пра супрацоўніцтва».
Калі вам пісаў гэты акаўнт, калі ласка, паведамляйце праваабаронцам на @ViasnaSOS.
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска асудзілі актрысу і мадэль Кацярыну Явід. Дзяўчыну пакаралі па артыкуле 342 КК за ўдзел у пратэстах. Яна атрымала «хатнюю хімію».
Кацярыне 30 гадоў. Яна мінчанка. Мяркуючы па звестках у сацсетках, працуе ў кампаніі па продажу керамічнай пліткі. Апроч таго, Кацярына вядомая як мадэль, а таксама перыядычна здымаецца ў фільмах і серыялах.
Яна паўдзельнічала ў 12 праектах, пераважна гэта эпізадычныя ролі. Найлепшы з серыялаў, у якіх грала Кацярына Явід, мае на IMDB рэйтынг 7,7 — гэта расійскі дэтэктыў «Змеі і лесвіцы» (2020). Апошні з праектаў выйшаў у мінулым годзе, гэта меладраматычны серыял «Рыбка па імені Люба».
Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, атрымаў чарговае паведамленне з запалохваннямі на электронную пошту
У лісце палітыка папярэджваюць пра «экзекуцыю», магчымы замах і «ліквідацыю». Аўтар паведамлення прапануе яму тэрмінова пакінуць Польшчу і пераехаць у «больш бяспечную краіну».
«Наступная кнопка, якую націсне Лукашэнка, будзе «ліквідацыя». Што гэта будзе — сказаць цяжка. Можа быць, якое-небудзь ДТЗ, але якім-небудзь кавідам таксама дагэтуль можна заразіцца, і наколькі я ведаю, падчас піку эпідэміі КДБ пад гэтую марку зліквідаваў пэўную колькасьць ворагаў рэжыму», — піша Латушку нехта па-беларуску.
Латушка заявіў, што мэтай такіх паведамленняў з’яўляецца вывесці яго з псіхалагічнай раўнавагі і прымусіць спыніць барацьбу. Аднак падкрэсліў, што такія спробы ціску на яго не ўдаліся раней і будуць марныя надалей.
Аб правядзенні «масавай кампаніі» супраць былога палітвязня Сяргея Ціханоўскага паведаміў 2 верасня галоўны дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка
Паводле яго слоў, ад асобы Ціханоўскага рассылаюцца «фэйкавыя мэйлы і паведамленні розным чыноўнікам, палітыкам, дзяржаўным органам».
«Мы цяпер знаходзімся на міжнародным форуме ў Блэдзе, аказалася, што некаторым удзельнікам форуму пісаў “Ціханоўскі” з прапановамі супрацоўніцтва», — адзначыў Вячорка.
Ён нагадаў, што раней у літоўскую пракуратуру таксама быў адпраўлены ліст нібыта ад Ціханоўскага, які ў наглядным ведамстве «прынялі за арыгінал» і «пачалі расследаванне».
На думку Вячоркі, за рассылкай стаіць Камітэт дзяржбяспекі Беларусі, які цяпер «відавочна працуе па ўсіх франтах».
Трэцяга ліпеня прэс-служба Ціханоўскай паведаміла пра спробы ўкараніць інфарматараў у каманду, якую збірае яе муж Сяргей Ціханоўскі. Прэс-служба назвала гэтую сітуацыю правакацыяй і не выключыла іншых падобных дзеянняў.
7 ліпеня ініцыятыва «Краіна для жыцця» паведаміла пра «з’яўленне і актыўнае распаўсюджванне» ў месенджары Тэлеграм фэйкавага канала каманды Ціханоўскага.
25 жніўня стала вядома, што ў Генеральную пракуратуру Літвы паступіў ліст нібыта ад Ціханоўскага з заклікам пачаць расследаванне супраць дэпутата Вітаўтаса Сініцы. Ведамства падроблены ліст зарэгістравала і перадало на разгляд у Сейм, паведамляла LRT.