NATO рыхтуецца ўмацоўваць «усходні фланг Альянса» — не толькі Польшчу

Пасля залёту дзясяткаў расійскіх дронаў у Польшчу NATO рыхтуецца ўмацоўваць «усходні фланг Альянсу», і не толькі Польшчу. А Дональд Трамп у чарговы раз прыгразіў Расіі санкцыямі, — але цяпер на агулам, а некаторым сектарам. У той жа час Расія пачынае абапірацца ў тэхналогіях на сілы свае — і Беларусі. Ідуць 1298-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

545582711_1136568268656250_4673391795760042766_n.jpg

На працягу мінулых суткак ва Украіне зафіксавана 183 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 13 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 наступальных дзеянняў расійцаў у раёнах Уладзіміраўкі, Шахавага, Маяку, Новаэканамічнага, Мікалаеўкі, Міралюбаўкі, Удачнага, Мураўкі, Дачнага і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 23 боесутыкненні ў раёнах Ваўчанска, Амбарнага і ў бок Слабажанскага, Адраднага, Куцькаўкі.

На Сіверскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Серабранкі, Грыгораўкі і ў бок населеных Ямпалю, Дронаўкі, Выемкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакаваліт 17 разоў у раёнах Грэкаўкі, Калодзязяў і ў бок Новаселаўкі, Шандрыгалава, Стаўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 16 атак паблізу Сасноўкі, Маліеўкі, Тэрнаў, Новамікалаеўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак у раёнах Шчарбініўкі, Кацярынаўкі, Аляксандра-Калінава і іншых.

* * *

Аналітыкі праекта DeepState паведамляюць, што расійцы ў трэці раз пасля выпадкаў каля Суджы і ў Аўдзееўцы выкарыстоўваюць трубы газаправодаў для прасочвання сваіх груп.

«Уваходы ў трубу знаходзяцца ў раёне Лімана Першага. Для перамяшчэння ў трубе выкарыстоўваюцца спецыяльна распрацаваныя ляжанкі на колах, а таксама электрасамакаты, дзе дазваляе вышыня. Маршрут да наваколля Купянска займае прыкладна 4 сутак, таму па дарозе зроблены спецыяльныя месцы для адпачынку і запасы правізіі. Такім чынам арганізаваныя групы без сур'ёзных страт дабіраюцца да Радзькоўкі, далей перамяшчаюцца на поўдзень у лес, які кантралююць. Пасля гэтага рассейваюца па Купянску», — паведамляе DeepState.

Праблемай таксама з'яўляецца адсутнасць прымусовай эвакуацыі мясцовых жыхароў, якія знаходзяцца ў адных дамах з праціўнікам, з-за чаго нельга ажыццяўляць паразу.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паказвае на прасоўванне на фронце як расійскіх, так і ўкраінскіх войскаў. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 11 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны захад ад Ставак (на поўнач ад Лімана) Луганскай вобласці. Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на Ліманскім кірунку, паведаміў, што расійскія войскі выкарыстоўваюць тактыку прасочвання і хаваюцца ў падвалах, чакаючы падмацавання, і выкарыстоўваюць беспілотнікі для забеспячэння гэтых вайскоўцаў.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 12 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Сафіеўкі і на ўсход ад Уладзіміраўкі (абодва на паўднёвы захад ад Дружкоўкі) на Краматорскім кірунку.

Геалакацыйныя кадры ад 12 верасня сведчаць, што ўкраінскія войскі нядаўна вызвалілі Філію (на поўдзень ад Новапаўлаўкі). А расійскія войскі нядаўна прасунуліся ва ўсходніх Тэрнах (на паўднёвы ўсход ад Вялікаміхайлаўкі), што ўзгадняецца са справаздачай украінскага вайсковага назіральніка Канстанціна Машаўца ад 11 верасня, і паказвае на тое, што расійскія войскі, верагодна, захапілі як Тэрны, так і Камышаваху (на ўсход ад Тэрнаў).

* * *

Генштаб УСУ пацвярджае даныя ISW пра вызваленне вёскі Філія на мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей. Дзве групы ўкраінскіх штурмавікоў адбілі вёску, пазней у Філію прыбылі падраздзяленні суседніх частак, якія замацаваліся для далейшага ўтрымання пазіцый.

Зараз у Філіі працягваюцца мерапрыемствы па стабілізацыі сітуацыі: праводзіцца праверка мясцовасці на наяўнасць выбухованебяспечных прадметаў, аказваецца дапамога жыхарам, якія перажылі акупацыю.

* * *

У ноч на 13 верасня Расія атакавала УКраіну балістычнай ракетай Іскандэр-М/KN-23 і 164 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта і задушана 137 БПЛА.

* * *

547443398_1138164441829966_4580992458951686859_n.jpg

* * *

У адказ на расійскія беспілотнікі, якія парушылі паветраную прастору Польшчы ў ноч з 9 на 10 верасня, NATO абвясціла аб аперацыі Eastern Sentry, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ і камандуючы Еўрапейскім камандаваннем ЗША і Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ваеннымі сіламі NATO ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч абвясцілі, што NATO пачынае аперацыю Eastern Sentry для ўмацавання ўсходняга флангу NATO і што ў ёй будуць задзейнічаны сілы і сродкі з Даніі, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі і іншых саюзнікаў па NATO.

Грынкевіч заявіў, што непасрэдным аб'ектам гэтай аперацыі з'яўляецца Польшча, але «гэтая сітуацыя выходзіць за рамкі межаў адной краіны», паколькі «тое, што закранае аднаго хаўрусніка, закранае ўсіх нас». Грынкевіч заявіў, што аперацыя аб'яднае паветраную і наземную абарону, пашырыць абмен інфармацыяй паміж саюзнікамі па NATO, уключыць неадзначаныя палепшаныя магчымасці і ўзмоцніць пазіцыю NATO па абароне Альянсу.

Грынкевіч таксама заявіў, што NATO падчас Eastern Sentry хутка выпрабуе і разгорне новыя тэхналогіі, уключаючы датчыкі і сістэмы барацьбы з беспілотнікамі.

Рутэ заявіў, што NATO з'яўляецца абарончым Альянсам, і паўтарыў, што паводзіны Расіі ў дачыненні да Польшчы былі «неразумнымі» і «вельмі небяспечнымі». Рутэ заявіў, што NATO павінна ясна заявіць аб сваёй рашучасці і здольнасці абараняць сваю тэрыторыю ў адказ на парушэнне Расіяй паветранай прасторы NATO.

Раней ISW ацаніла, што Расія, імаверна, запусціла беспілотнікі ў паветраную прастору Польшчы збольшага для ацэнкі магчымасцяў і рэакцыі NATO, каб ужыць атрыманыя ўрокі да патэнцыйных сцэнароў канфлікту з NATO.

* * *

Украінскія спецыялісты заўважылі рост выкарыстання расійскіх і беларускіх кампанентаў у расійскіх ракетах, піша Reuters. Са слоў дарадцы прэзідэнта Украіны і камісара ў санкцыйнай палітыцы Уладзіслава Уласюка, гэта сведчыць, што Расія паступова замяняе заходнія мікрасхемы і дэталі, на якія раней даводзілася спадзявацца праз кантрабанду.

Як вядома, заходнія краіны спрабавалі абмежаваць доступ РФ да сучасных кампанентаў і чыпаў для ўзбраенняў, але Масква знаходзіць спосабы кампенсаваць іх недахоп з дапамогай айчынных і беларускіх тэхналогій. «У новых версіях Іскандэраў значна менш заходніх кампанентаў, а доля расійскіх і беларускіх дэталяў павялічылася ў параўнанні з 2022 годам», — распавёў Уласюк.

Паводле яго слоў, якасць расійскіх і беларускіх мікрасхем пакуль ніжэй заходніх аналагаў, аднак гэта не зніжае баявых характарыстык ракет.

Раней былі апублікаваныя звесткі пра ракету Іскандэр, якая 7 верасня ўдарыла па будынку Кабінета міністраў ў Кіеве. У яе складзе знайшлі больш за 40 кампанентаў замежнай вытворчасці. Сярод іх дэталі, створаныя ў ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Швейцарыі і Беларусі.

* * *

Высокая прадстаўніца ЕС у пытаннях замежнай палітыкі бяспекі Кая Калас у інтэрв'ю Redaktionsnetzwerk Deutschland заявіла, што нават весці размовы аб магчымых тэрытарыяльных саступках Украіны азначае трапіць у расійскую пастку. Так яна пракаментавала нямецкія апытанні, якія паказалі, што большасць немцаў выступаюць за тэрытарыяльныя саступкі Украіны дзеля міру.

Са слоў Калас, класічная расійская тактыка вядзення перамоваў складаецца з трох крокаў: спачатку Масква патрабуе тое, што ёй ніколі не належала, затым ідуць ультыматумы і пагрозы сілай, нарэшце, мабілізуюцца галасы на Захадзе, якія гатовыя прапанаваць Расіі менавіта тое, чаго яна ніколі раней не мела.

«Урэшце, расійцы атрымліваюць больш, чым яны калі-небудзь адважваліся марыць. Гэтая дыскусія аб магчымых тэрытарыяльных саступках з'яўляецца пасткай, і мы не павінны ў яе трапіць. Расійцы хочуць, каб мы абмяркоўвалі, ад чаго Украіна павінна адмовіцца дзеля міру, пры гэтым цалкам ігнаруючы той факт, што сам Крэмль дагэтуль не пайшоў ні на якія саступкі», — заявіла яна.

Са слоў дыпламаткі, Крэмль цяпер прадае як кампраміс, калі ён «толькі» захавае тэрыторыі, якія ён ужо здабыў. «Але гэта не зусім кампраміс, калі да гэтага вылучаліся абсалютна празмерныя патрабаванні. Таму я яшчэ раз кажу: мы не павінны трапіць у пастку Пуціна. Наша мэта павінна заключацца ў тым, каб гэтая вайна не была выгаднай для Пуціна. Узнагародай за агрэсію будзе больш вайны, а не менш», — падкрэсліла Калас.

* * *

ЗША могуць нанесці па Расіі моцны ўдар пры дапамозе санкцый. Мэтай стануць расійская нафта і банкі, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у адказ на пытанне ці заканчваецца ў яго цярпенне ў дачыненні да расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.

«Так, яно заканчваецца і вельмі хутка», — адзначыў Трамп. На яго думку, цяпер Зяленскі хоча міру, а Пуцін — пад пытаннем. І таму ЗША прыйдзецца дзейнічаць вельмі жорстка.

«Ну, гэта будзе моцны ўдар у выглядзе санкцый у дачыненні да банкаў, а таксама меры, звязаныя з нафтай і тарыфамі. Але я ўжо зрабіў гэта. Я зрабіў многае», — сказаў Трамп, каментуючы пытанне, як «даціснуць Пуціна».

Ён адзначыў, што ўвёў 50% тарыфы супраць Індыі, якая была «найбуйнейшым кліентам Расіі». Гэта было «няпростым рашэннем», якое выклікае раскол з Дэлі.

Нагадаем, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагражае Расіі санкцыямі і тарыфамі некалькі апошніх месяцаў. Ён нават усталёўваў для Пуціна некалькі дэдлайнаў, да якіх Расія павінна была заключыць з Украінай перамір'е, але пасля заканчэння тэрміну ультыматумаў Трамп так і не ўводзіў санкцыі і тарыфы.