12 дзён жаху. 60 гадоў Карыбскаму крызісу

У гэтым годзе споўнілася 60 гадоў «Карыбскаму крызісу». У кастрычніку 1962 года пастаўка савецкіх балістычных ракет на Кубу прывяла да найнебяспечнейшай канфрантацыі часоў халоднай вайны паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Савецкім Саюзам. Увесь свет быў пастаўлены на мяжу ядзернай катастрофы.

Кубінскі ракетны крызіс. Хрушчоў супраць Кенэдзі. Карыкатура ў заходняй прэсе 

Кубінскі ракетны крызіс. Хрушчоў супраць Кенэдзі. Карыкатура ў заходняй прэсе 


Кубінская рэвалюцыя

Пасля паспяховай партызанскай вайны і звяржэння рэжыму дыктатара Фульхенсіа Батысты 1 студзеня 1959 года да ўлады на Кубе прыйшоў Фідэль Кастра. Падчас сваёй барацьбы з рэжымам Батысты ў 1950-х камандантэ Кастра некалькі разоў звяртаўся да Савецкага Саюза па ваенную дапамогу, але атрымліваў ад яго адмову. У Маскве скептычна ставіліся як непасрэдна да лідара кубінскіх рэвалюцыянераў, так і да самой будучыні рэвалюцыі на Кубе, лічачы, што ў гэтай краіне занадта вялікі ўплыў ЗША, якім СССР мала што мог супрацьпаставіць. На той момант Кастра яшчэ не быў камуністам, і палітыкі ў ЗША спачатку займалі ў адносінах да кубінскіх падзей пазіцыю асцярожнага чакання.

Але цягам 1959 і 1960 гадоў амерыкана-кубінскія адносіны ўсё больш пагаршаліся. Прычынай стала ўзрослая антыамерыканская рыторыка і палітыка новай кубінскай улады. Хутка стала зразумела, што ўрад Кубы ўсё ж такі мае намер заключыць саюз з СССР. Тады амерыканскі прэзідэнт Дуайт Эйзенхаўэр разарваў дыпламатычныя адносіны з востравам і пачаў рыхтаваць планы на выпадак магчымага звяржэння Кастра і замены яго кімсьці іншым.

У гэтай сітуацыі кубінцы зноў звярнуліся па падтрымку да Савецкага Саюза. Саветы зразумелі, што могуць, нарэшце, атрымаць хаўрусніка ў Заходнім паўшар’і, падпісалі некалькі пагадненняў аб гандлі і дапамозе з Кубай. Яны прадаставілі Кастра зброю і боепрыпасы, а таксама пачалі аказваць усялякую палітычную падтрымку кубінскай дзяржаве ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях.


Пачатак крызісу

Пасля няўдалай спробы зрынуць рэжым Кастра з дапамогай уварвання ў заліве Качынас амерыкана-кубінскія адносіны сапсаваліся канчаткова. Скарыстаўшыся гэтым, у ліпені 1962 года савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў дасягнуў сакрэтнай дамовы з прэм'ер-міністрам Кубы Фідэлем Кастра, якая прадугледжвала размяшчэнне савецкіх ядзерных ракет на Кубе. Такім чынам Кастра хацеў прадухіліць любую спробу амерыканскага ўварвання ў будучыні. Будаўніцтва некалькіх ракетных пляцовак пачалося ў канцы лета. Але выведка ЗША хутка знайшла доказы агульнага нарошчвання савецкага ўзбраення на Кубе, у тым ліку прысутнасць савецкіх бамбардзіроўшчыкаў Іл-28. Гэта атрымалася амаль выпадкова, падчас звычайных аглядальных палётаў, якія час ад часу рабіліся над кубінскай тэрыторыяй амерыканскімі самалётамі.

Радыус пакрыцця ракет, дыслацыраваных на Кубе

Радыус пакрыцця ракет, дыслацыраваных на Кубе


4 верасня 1962 года прэзідэнт Кенэдзі выступіў з публічным папярэджаннем супраць з'яўлення на Кубе наступальных відаў узбраенняў.

Папярэджанне не спрацавала. 14 кастрычніка амерыканскі самалёт U-2 зрабіў некалькі здымкаў, на якіх былі выразна бачныя пляцоўкі для пуску балістычных ядзерных ракет сярэдняй далёкасці (БРСД) на Кубе. Гэтыя выявы былі апрацаваны і на наступны дзень прадстаўлены ў Белы дом.


На парозе вайны

Раніцай 16 кастрычніка ў 8.45 фатаграфіі паказалі прэзідэнту. Кенэдзі заклікаў сваіх бліжэйшых дарадцаў разгледзець магчымасці і вызначыць варыянты дзеянняў Злучаных Штатаў у бягучай сітуацыі. Некаторыя дарадцы, у тым ліку амаль увесь Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў, выступалі за нанясенне авіяўдару па востраве для знішчэння ракет з наступным уварваннем арміі ЗША; іншыя выступалі толькі за суровыя папярэджанні Кубе і Савецкаму Саюзу. Амерыканскі прэзідэнт абраў сярэдні курс. 22 кастрычніка ён аддаў загад аб пачатку ваенна-марскога «каранціна» Кубы. У той жа дзень Кенэдзі накіраваў Мікіту Хрушчову ліст, у якім заявіў, што Злучаныя Штаты не дапусцяць пастаўкі наступальных узбраенняў на Кубу, і запатрабаваў, каб Саветы дэманціравалі ракетныя базы, якія ўжо будуюцца, і вярнулі ўсе наступальныя ўзбраенні назад у СССР. Гэты ліст быў першым у серыі прамых і ўскосных кантактаў паміж Белым домам і Крамлём на працягу ўсяго крызісу.

Пікет арганізацыі «Жанчыны за мір» каля штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, дзе праходзіла спецыяльнае пасяджэнне па Карыбскім крызісе, 23 кастрычніка 1962 года

Пікет арганізацыі «Жанчыны за мір» каля штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, дзе праходзіла спецыяльнае пасяджэнне па Карыбскім крызісе, 23 кастрычніка 1962 года


У той вечар прэзідэнт Кенэдзі таксама выступіў па нацыянальным тэлебачанні, каб праінфармаваць грамадскасць сваёй дзяржавы аб падзеях на Кубе, сваім рашэнні ўвесці ў дзеянне «каранцін» і аб магчымых глабальных наступствах гэтых рашэнняў у тым выпадку, калі крызіс працягне абвастрацца. Тон прамовы амерыканскага прэзідэнта быў суворым: «Палітыка гэтай краіны палягае ў тым, каб разглядаць любы запуск ядзернай ракеты з Кубы супраць любой краіны ў Заходнім паўшар'і як адкрыты напад з боку Савецкага Саюза на Злучаныя Штаты, што прымусіць ЗША да ўдару ў адказ па Савецкім Саюзе». Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў аб'явіў аб стане баявой гатоўнасці DEFCON 3 — гэта значыць да ўзроўню падвышанай баявой гатоўнасці — і паскорыў распрацоўку планаў магчымага ўдару па Кубе. Ваенна-марскія сілы ЗША пачалі блакаду вострава.

24 кастрычніка Хрушчоў адказаў на пасланне Кенэдзі заявай, што «блакада» ЗША з'яўляецца «актам агрэсіі» і што савецкім караблям, якія накіроўваюцца на Кубу, будзе загадана рухацца далей, не зважаючы ні на якія магчымыя перашкоды і наступствы. Тым не менш, на працягу 24 і 25 кастрычніка частка савецкіх судоў усё ж адышла ад лініі каранціну. Некаторыя іншыя савецкія караблі былі спынены ваенна-марскімі сіламі ЗША, але ў іх не было наступальнай зброі, і таму ім было дазволена рухацца далей.

Савецкае гандлёвае судна «Металург Аносаў» ідзе курсам на Кубу. Паралельным курсам ідзе эсмінец ВМС ЗША «Barry»

Савецкае гандлёвае судна «Металург Аносаў» ідзе курсам на Кубу. Паралельным курсам ідзе эсмінец ВМС ЗША «Barry»


Тым часам амерыканскія разведвальныя палёты над Кубай паказалі, што савецкія ракетныя комплексы набліжаюцца да баявой гатоўнасці. Не бачачы магчымасці для мірнага канца крызісу, амерыканскія войскі былі прыведзены ў стан DEFCON 2, што азначала: вайна з удзелам Стратэгічнага авіяцыйнага камандавання лічылася непазбежнай. Пры гэтым астатнія ўзброеныя сілы Злучаных Штатаў у цэлым пакуль што заставаліся на ўзроўні DEFCON 3.

Кіраўніцтва СССР тым часам на міжнародным узроўні працягвала адмаўляць наяўнасць сваіх ракет на Кубе. Калі пытанне аб гэтым было зададзена пастаяннаму савецкаму прадстаўніку ў ААН Валяр'яну Зорыну, аказалася, што ён сам не ведаў аб размяшчэнні ракет. Па адных ім зразумелых прычынах вышэйшыя кіраўнікі краіны Саветаў палічылі неабавязковым паведамляць уласнаму міністэрству замежных спраў аб сваіх вайсковых планах.


26 кастрычніка Кенэдзі сказаў сваім дарадцам, што, відаць, толькі непасрэдны напад ЗША на Кубу зможа прыбраць савецкія ракеты з вострава і забяспечыць небяспеку краіны. Але пры гэтым ён настаяў на тым, каб даць дыпламатычнаму каналу яшчэ крыху часу.


Кампраміс знойдзены

І тут, раптоўна, калі ўвесь свет з жахам чакаў пачатку вялікай вайны, падзеі пачалі прымаць нечаканы абарот. Карэспандэнт «ABC News» Джон Скалі паведаміў Беламу дому, што да яго звярнуўся савецкі агент, які сказаў, што можа быць дасягнута пагадненне, па якім Саветы прыбяруць свае ракеты з Кубы, калі Злучаныя Штаты паабяцаюць не ўрывацца на востраў. Пакуль супрацоўнікі Белага дома спрабавалі ацаніць абгрунтаванасць гэтай прапановы, Хрушчоў увечары таго ж дня адправіў Кенэдзі паведамленне. Ён пісаў: «Мы з вамі не павінны цягнуць за канцы каната, на якім вы завязалі вузел вайны, таму што чым мацней мы абодва будзем цягнуць, тым мацней сцягнецца вузел, і прыйдзе час, калі вузел будзе так туга сцягнуты, што нават той, хто завязаў яго, не ў сілах будзе развязаць, і давядзецца рассячы… Давайце не толькі перастанем цягнуць за канцы каната, але прымем меры да таго, каб вузел развязаць. Мы да гэтага гатовыя».

Хаця амерыканскія эксперты былі перакананыя, што паведамленне Хрушчова было сапраўдным, надзея на хуткае рашэнне крызісу была нядоўгай. На наступны дзень, 27 кастрычніка, Хрушчоў адправіў яшчэ адно паведамленне, у якім указвалася, што любая прапанаваная здзелка павінна ўключаць вывад амерыканскіх ракет «Юпіцер» з Турцыі. У той жа дзень над Кубай быў збіты амерыканскі разведвальны самалёт U-2. Амерыканцам неабходна было неяк адказваць. Было вырашана, што Кенэдзі праігнаруе другое пасланне Хрушчова і адкажа на першае. Той ноччу Кенэдзі выклаў у сваім пасланні савецкаму лідару бачанне ЗША працэсу па вывадзе савецкіх ракет з Кубы пад наглядам ААН і даў гарантыі таго, што Злучаныя Штаты не нападуць на Кубу.

Затым малодшы брат амерыканскага прэзідэнта, генеральны пракурор Роберт Кенэдзі, таемна сустрэўся з паслом СССР у ЗША Анатолем Дабрыніным і ўказаў, што Злучаныя Штаты ў любым выпадку плануюць вывесці ракеты «Юпіцер» з Турцыі і што яны зробяць гэта ў бліжэйшы час. На наступную раніцу, 28 кастрычніка, Хрушчоў выступіў з публічнай заявай, што савецкія ракеты будуць дэманціраваны і вывезены з Кубы.

Пагроза ядзернай вайны мінула. Але ваенна-марскі каранцін працягваўся да таго часу, пакуль савецкае кіраўніцтва не пагадзілася вывесці свае бамбавікі Іл-28 з Кубы. 20 лістапада 1962 гады Злучаныя Штаты пагадзіліся зняць каранцін. Амерыканскія ракеты «Юпіцер» былі вывезены з Турцыі ў красавіку 1963 года.

Дэмантаж ракет 1 лістапада 1962 года.

Дэмантаж ракет 1 лістапада 1962 года.


Аб Карыбскім крызісе, які ў ЗША яшчэ называюць «Кубінскім ракетным крызісам», было напісана нямала работ, і ён, на думку многіх экспертаў і гісторыкаў, да гэтага часу з'яўляецца пікам савецка-амерыканскага супрацьстаяння, за якім, цалкам верагодна, мог бы адбыцца рэальны канфлікт дзвюх ядзерных звышдзяржаў.

 З тых часоў прайшло больш за паўстагоддзя, аднак магчымы ядзерны канфлікт сёння зноў не выглядае неверагодным. Згодна з нядаўнім апытаннем расійскіх сацыялагічных службаў, цяпер большасць рэспандэнтаў у Расіі лічыць, што на сёння паміж ЗША і Расіяй цалкам магчыма вайсковае сутыкненне. Так што, здавалася б, даўно забытая пагроза ядзернай вайны зноў становіцца рэальнай.