Вітольд Дзісько — беларускі мастак, забіты КДБ
Ворагі нацыянальнай ідэі з'явіліся не сёння і не ў 1994 годзе. Год за годам рэжым выбудоўваў карны рэпрэсіўны апарат, які імкнуўся вынішчаць усё вызвольна-беларускае. У гэты дзень у 1964 годзе папярэднікамі Караевых і Карпянковых быў забіты пастаўскі юнак Вітольд.
Вітольд не пасьпеў пакінуць па сабе шмат памяці, бо пражыў усяго 23 гады. У 90-х гадах ягоная сястра Гелена ўзгадвала ў размове з Славамірам Адамовічам:
«Пасьля сьмерці Вітольда мама шмат чаго зь яго папераў зьнішчыла. Застаўся толькі сшытак зь філязофскімі разважаньнямі брата, карціны, кнігі і некалькі фотакартак. Засталася памяць».
Гелена ўзгадвае, што брат пераклаў з польскай кнігу пра паўстанцаў Кастуся Каліноўскага «Пералётныя птушкі», у якой былі гісторыі герояў, кінутых пасьля здушэньня паўстаньня ў Сыбір. Акцэнт быў зроблены на ўдалых выпадках уцёкаў з варожага палону.
Кім быў Вітольд?
Нарадзіўся хлопчык 10 траўня 1941 году ў вёсцы Малая Вольса. Бацькі ажаніліся ў 1940 годзе, напярэдадні вайны. Травень тады быў халодны. Былі ўжо прыляцеўшы буслы, і адзін усё хадзіў каля іх сялібы. Гелена ўзгадвае, што суседзі жартавалі, што гэта бусел прынёс маме Вітэчка. Маці дала сыну імя Вітольд у гонар свайго брата, які загінуў у канцлягеры ў Асташкане на возеры Сэлігер.
Ужо на пачатку свайго жыцьця яму прыйшлося сутыкнуцца зь несправядлівасьцю. Уся сям'я была моцна веруючай. Бацькі забаранілі свайму сыну ўступаць у піянэры.
Вітольдавыя аднаклясьнікі пасьміхаліся зь яго, крыўдзілі за тое, што ходзіць з бацькамі ў касьцёл і моліцца, абзывалі ксяндзом. Але Вітольд ніколі нікому ня скардзіўся, быў цярплівым. Нават фізычны боль пераносіў даволі спакойна. Такія якасьці яму ўжо былі дадзеныя ад Бога.
Гелена ўзгадвае словы бабулі, што калі аднойчы Вітэчак прабіў цьвіком нагу, то ня плакаў, не крычаў, а моўчкі спрабаваў вырваць цьвік зь цела.
Вітольд Дзісько ў школе пачаў пісаць у раённую газэту «Савецкі шлях» пра жыцьцё калгасу, дзе працавалі ягоныя бацькі, знаёмыя. У Вітольда была мара стаць журналістам, але дзеля гэтага трэба было быць камсамольцам і пісаць пра «цудоўную савецкую рэчаіснасьць».
Аднойчы маці паехала да сына ў Паставы, каб завезьці яму прадуктаў. У школе яе выклікалі ў канцылярыю, дзе дапытваліся, чаму сын не ў камсамоле. У тыя часы ў ВНУ можна было паступіць, толькі маючы працоўны стаж ня меншы за 2 два гады. Вітольду прыйшоў час ісьці ў савецкае войска. Бацькоў выклікалі ў сельсавет, пыталіся, ці ходзіць сын у касьцёл, ці не зьбіраецца стаць ксяндзом.
А Вітольд усё лета пасьля школы працаваў у калгасе. У вольны час маляваў пэйзажы, сваіх суседзяў і сястру.
Позьняй восеньню 1959 году, ужо перад самымі Калядамі, Вітольда выклікалі ў ваенкамат разам з адным хлопцам з іх вёскі.
Чаму і за што, ніхто ня ведаў, брат нічога не сказаў. Ён увогуле не любіў растлумачваць свае паводзіны. Тады КДБ і зацікавіўся Вітольдам, які, што праўда, часу дарма не губляў: працуючы ў калгасе, займаўся самаадукацыяй. Выпісваў шмат газэтаў і часопісаў.
У 1960 годзе Вітольд даслаў дакумэнты на факультэт журналістыкі БДУ, але атрымаў адмоўны адказ. Ён ужо быў «неблагонадежный»: не камсамолец, не служыў у войску, верыў у Бога. І яму прыйшлося пайсьці ў іншым кірунку. У 1961 годзе калгас скіраваў яго ў Полацак на курсы электрыкаў, дзе ён і правучыўся зь лютага па сьнежань. Жыў на квартэры, атрымоўваў калгасную стыпэндыю, амаль палову якой траціў на кнігі і падпіску. Выпісваў кнігі з Масквы, Пецярбургу, Польшчы.
Сястра ўзгадвае, што ён любіў прыгожа апранацца, меў добры густ. Нават выпісваў замежныя часопісы з выкрайкамі моднага адзеньня. За гэта ў той час яго называлі «стылягам». Камсамольцы тады вялі барадзьбу з такімі, як ён. Аднойчы з Полацку прыйшоў ліст на імя таты, але паехала мама, бо заўсёды яна займалася дзецьмі. Там яе, як і ў школе, распытвалі пра сына: чым займаўся дома, як вучыўся, як сябе паводзіў.
Камсорг курсаў крычаў на маці, што яна дрэнна выхавала сына, які пакланяецца Захаду, носіць джынсы, рознакаляровыя кашулі і доўгія валасы, сустракаецца з «распуснай» моладзьдзю. Нават хацелі яго адлічыць, але калгас плаціў стыпэндыю, ды і вучыўся Вітольд лепш за ўсіх, і не ўдалося выгнаць.
Пасьля курсаў вярнуўся працаваць у калгас, каб атрымаць тыя неабходныя два гады працоўнага стажу.
КДБ
Неяк у калгас прывезьлі фільм пра «бацьку ўсіх народаў» Сталіна. Зрабілі аб'яву, каб сабраць больш людзей. Вітольд вырашыў выказаць пратэст і адключыў у калгасе электрычнасьць. Вядома, нехта пераказаў пра гэтае здарэньне, і Вітольда пасадзілі на 15 сутак.
Пасьля адсідкі прыйшлося яму пакінуць працу ў калгасе і ўладкавацца ў трэст «Энэргабудмантаж», што было тады ў Маладэчне. Працаваў і адначасова працягваў займацца самаадукацыяй. Пераклаў з польскай мовы раман «Пералётныя птушкі».
Успамінае Гелена: «Раніцай завіталі да нас у хату гэбісты. Мы зь сястрой ляжалі яшчэ ў ложку (былі вясновыя вакацыі), мама біла масла. Прыехалі ўтрох: шафёр, адзін у форме і адзін у цывільным. Вітольд якраз пры іх пабег да студні мыцца. Гэбісты нешта з братам гаварылі, потым брат сеў за стол і стаў пісаць, пісаў досыць доўга. Адзін гэбіст пераглядаў братавыя паперы, што былі складзеныя ў драўляным куфэрку, другі сядзеў насупраць Вітольда.
Гэбісты забралі ўсё, што ён напісаў, забралі нейкія іншыя паперы і частку перапіскі. Думаю, з таго часу гэбісты пільнавалі кожны братаў крок. Як я ўжо казала, Вітольд у вольны час займаўся маляваньнем. Сам зрабіў эцюднік, зь Менску прывез поўную валізку фарбаў.
Аднаго разу летам пайшоў на эцюды і не вярнуўся дадому. Аказалася, што ён маляваў Пастаўскі касьцёл гатыцкага стылю. Расклаў свае прылады на мосьце праз раку Мядзелку, каля яго сабраўся натоўп.
Высунулі абвінавачаньне ў тым, што ён наўмысна сабраў людзей каля культавага будынку. Як гэта ў час разьвітага сацыялізму малады хлапец малюе касьцёл! Гэта можа рабіць толькі псыхічна хворы, ненармальны. І Вітольда адвезьлі ў лячэбніцу, дзе ён прабыў ці ня тыдзень. Ізноў маці паехала выбаўляць сына. Доктарка запрасіла яе ў габінэт. Ад той старой жанчыны яна даведалася пра сынава выказваньне, што
Вітольда ўрэшце выпусьцілі, а гэбісты яшчэ пару разоў наяжджалі ў вёску, распытвалі ў сваіх асьведамляльнікаў пра хлопца.
Восеньню 1963 году сярэдні брат Чэсь ішоў у войска. Быў сонечны дзень, і Вітольд вырашыў зрабіць фотаздымкі. Потым захацеў сфатаграфавацца ўдвух з братам і кажа:
Маці як закрычыць: "Ты што, Вітэчак, здурнеў, што ты гаворыш!"
Усе падумалі, што маці баіцца за Чэся, але хто ж мог падумаць на іншае. Жыць Вітольду заставалася зусім мала.
Тым часам ён інтэнсіўна рыхтаваўся да навучаньня мастацтву ў Вільні. Стаж ужо быў выраблены. На той момант Вітольд з брыгадай мантажнікаў праводзіў электрычнасьць у раёне. Вітольд атрымаў разьлік у канторы і прыехаў дамоў, каб сабраць дакумэнты і патрэбныя рэчы. Каб ён пасьпеў выехаць у Вільню, то напэўна быў бы жывы, бо ў Літве трохі інакш было. Літоўцы не любілі бальшавікоў і не зьбіраліся будаваць «сьветлую будучыню».
18 чэрвеня 1964 году Вітольд паехаў з дому насустрач свайму лёсу. КДБ ня мог дапусьціць, каб Вітольд Дзісько памкнуўся зь іхных лапаў. Па ўсіх правілах была зробленая інсцэніроўка. Ён ішоў на месца працы, у дарожнай валізцы ляжалі жалезныя кіпцюры электрамантажніка, пара кнігаў зь бібліятэкі, грошы і дакумэнты.
Гелена Дзісько ўзгадвае: «Быў сонечны летні дзень. Брат ішоў сьцяжынкай уздоўж рэчкі, як раптам у кустах напароўся на чатырох малойчыкаў, якія хацелі згвалціць дзяўчыну, і кінуўся ратаваць ахвяру. Гэта была пастка. Брата забілі ўдарам кіпцюроў у скроню і ўкінулі ў Дзісенку. Былі і сьведкі гэтага злачынства, але ўсе баяліся за свае жыцьці. У той дзень мама была дома, мы з бабуляю ў полі, а тата на працы. Старэйшая сястра пайшла дамоў па ежу.
На «бобіку» да нас прыехалі начальнік Вітольда, міліцыя і яшчэ нейкія людзі. Сказалі маме, што прапаў Вітольд і яны яго шукаюць. Але адкуль такая апэратыўнасьць? Нехта так хутка сказаў, убачыў тапельца? А мы ж дома добра ведалі, куды зьбіраўся ехаць Вітэчак і калі меўся вярнуцца. Празь якой паўгадзіны на грузавіку заехаў сябра брата і паведаміў маме, што яе Вітольд утапіўся. Тата сам знайшоў свайго сына і дастаў з вады. На пахаваньні было шмат моладзі.
Мама адразу сьцяміла, што нешта ў гэтай справе ня так. Чаго сын у адзеньні і абутку палез у раку? Ён ня быў вар'ятам, ня быў п'яны, што пацьвердзіла экспэртыза. Ды і плаваў ён добра. Мама пайшла ў міліцыю прасіць, каб правялі расьсьледаваньне.
Мама спалохалася за ўсіх нас, зразумела, што ніхто ёй не дапаможа».