«Ідэалістычна лічыла, што нейкі закон яшчэ працуе ў краіне». Праваабаронца — пра прысуд Насце Лойка

Праваабаронца і сяброўка Насты Лойкі Эніра Браніцкая назвала прысуд «асабістай помстай ГУБАЗіКа». Яе словы прыводзіць «Свабода».

Фота Ірыны Арахоўскай

Фота Ірыны Арахоўскай

«Падставай для перасьледу Насты стаў даклад, які яна падрыхтавала ў 2018 годзе, але гэты даклад аб перасьледзе анархістаў і іншых левых актывістаў дагэтуль зьмешчаны на сайце, які не прызнаны экстрэмісцкім. І сам даклад не прызнаны экстрэмісцкім. Наста заўсёды імкнулася абараняць самых неабароненых і рабіла гэта прафэсійна, таму крытычна ацэньвала дзеяньні міліцыянтаў, у прыватнасьці супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, якія перасьледавалі анархістаў. Таму гэты прысуд — яўная помста ГУБАЗіКа за гэту праваабарончую дзейнасьць Насты», — мяркуе Эніра Браніцкая.

У 2022 годзе Наста Лойка адбыла некалькі адміністрацыйных арыштаў на Акрэсьціна, пасьля чаго яе зьмясьцілі на «Валадарку» па крымінальным абвінавачаньні.

«Мы абмяркоўвалі, ці варта ёй было выехаць. Небясьпеку яна ўлічвала, але зыходзіла з таго, што за ёй не было ўдзелу ў шэсьцях падчас масавых пратэстаў, не было іншых дзеяньняў, якія ўлады трактавалі як парушэньні закону. Наста лічыла, што нейкі закон, нейкія нормы яшчэ працуюць у гэтай краіне. Цяпер відавочна, што гэта было ўсё ж ідэалістычнае ўяўленьне».

Праваабаронца спадзяецца, што ў Лойкі хопіць сілаў вытрымаць тэрмін, які ёй прызначыў суд.

«Сем гадоў — гэта жудасны тэрмін, але сёньня можна чакаць чаго заўгодна. Мы будзем яе падтрымліваць і спадзяёмся, што ёй хопіць сілаў і мужнасьці вытрымаць гэтыя выпрабаваньні», — кажа Эніра Браніцкая.

Нагадаем, у Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня вынеслі прысуд па справе палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойкі. Ёй прызначылі сем гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017 — жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя. Прысуд вынесла Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівала Вольга Дзіндзелевіч. Наста заявіла, што будзе абскарджваць прысуд.

Паводле версіі абвінавачання, у адным з праваабарончых дакладаў аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год змяшчаецца негатыўная ацэнка незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, якая стала падставай для ўзбуджэння супраць яе крымінальнай справы. Група, супраць якой нібыта распальвалася іншая сацыяльная варожасць, з'яўляецца прафесійнай сацыяльнай групай супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Як адзначаюць праваабаронцы, такое тлумачэнне артыкула не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, пра што сведчыць практыка міжнародных судовых органаў.

Амаль напачатку судовага пасяджэння працэс зрабілі закрытым. Такое рашэнне было прынята судом па хадайніцтву дзяржаўнай абвінаваўцы Дзіндзелевіч. Яна матывавала яго «мэтай выключэння распаўсюджання інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці, якая змяшчаецца на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных рашэннем МУС экстрэмісцкімі фармаваннямі і рашэннем суда экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Наста і яе адвакатка пярэчылі супраць закрыцця працэсу. Але суддзя ўсё роўна задаволіла заяўленае дзяржабвінаваўцай хадайніцтва.

Усяго па справе адбылося два судовых пасяджэнні, на трэцім агучылі прысуд.