«Я дакладна зразумеў, што ты мяне любіш». Сабака Насты Лойка адказаў на яе ліст

Нядаўна праваабаронца Наста Лойка даслала з-за кратаў шчымлівы ліст свайму ўратаванаму сабаку Эрыку. Эрык прачытаў яго, адказаў — і атрымалася не менш шчымліва і балюча.

Наста Лойка і Эрык. Фота Ірыны Арахоўскай

Наста Лойка і Эрык. Фота Ірыны Арахоўскай


«У мяне ўсё добра, людзікі мяне бяруць у лес кожны дзень, там можна шчасліва ганяць без павадка, нюхаць усё і збіраць кляшчэй (Ганка потым іх хутка знаходзіць, гэта яе хобі). На выходныя любім прагуляцца падалей, я нават ужо ехаў два прыпынкі ў цягніку да суседняй вёскі, і норм — цёця правадніца ў мяне, здаецца, закахалася :) Хаця тут шмат хто мяне прымае за некага ім знаёмага, я яшчэ не ведаю, чаму (кажуць: "Ахой, Ходяку!" — гэта тыпу ходскі пес, так Янэк сказаў). Ну і ладна, я не супраць пабыць зоркай, калі людзі да мяне не лезуць пагладзіцца. Тут нават дзеці выхаваныя, пытаюць у чалавекаў, ці можна мяне пагладзіць. Я трымаю дыстанцыю, яны паважаюць, усім добра :)

Нядаўна было цёпла — аж плюс 16, і я ў лесе выпрабаваў усе горныя рэчкі, класна было ў іх заскочыць і папіць заадно :) Потым, праўда, хацеў у яшчэ адну скочыць, але яна аказалася трошкі багнай, і мяне потым цягнулі, амаль як бегемота з балота, але што — багнавая маска для цела гэта клас, і потым мяне памылі, каб быў араматны і пушысты зноў.

Яшчэ ў мяне ёсць сябар Нэра, мы любім на выходных пабегаць па гарах і лугах, з ім весела. І яшчэ я два разы быў у ветэрынаркі тут — так, зачэкініцца і паглядзець, чаму я чашуся. Доктарка норм, нават дазволіў ёй пагладзіцца. Дала мне смачную гіпаалергенную ежу і сказала, што класна б пахудзець :) То я стараюся, бегаю-гуляю, за першы месяц кіло скінуў ужо (ну, можа, грам дзвесце з іх шэрсці мне Ганка вычасала яшчэ, бо ты ж ведаеш, як я люблю парасчосвацца) :)

Прыязджаў В. да мяне ў госці, я яго пазнаў, канешне, і радаваўся, і ён таксама, сказаў, што я выглядаю спакойна тут. І з кіналагіняй К. мы таксама на сувязі, яна тут людзікам давала пару парад, і мы дамовіліся. Увогуле, яны кажуць, што я класны і што мы з табой вельмі крута навучыліся дамаўляцца і камунікаваць, проста радасць!

Яшчэ яны чыталі мне твой ліст. Я, калі шчыра, не ўсё зразумеў, бо яны ўвесь час плакалі пры гэтым, але дакладна зразумеў — што ты мяне любіш. Я цябе таксама, вельмі-вельмі! Усё астатняе неістотна, я думаю.

Абдымаю і ліжу цябе (ведаю, што нельга, але вельмі хочацца).

Янэк і Ганка, шчыры вам дзякуй!»


Нагадаем, праваабаронцу Насту Лойка затрымалі 14 снежня — пасля таго за кратамі па адміністрацыйных артыкулах яна правяла 60 сутак. На дадзены момант яна ўтрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага па абвінавачанні ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт.342). З-за кратаў Наста даслала свайму сабаку Эрыку такі ліст:

«Дарагі Эрык!

Яшчэ з першых дзён майго знаходжання на маім часовым месцы жыхарства я хацела напісаць табе развітальны ліст, але не знаходзіла сіл, бо гэта балюча і слёзна.

Але мне гэта важна, каб закрыць гештальт адносна нас з табой.

Калі я бачу іншых сабак па тэлебачанні, чорную аўчарку тут у СІЗА, калі прыгадваю гук тваіх крокаў па нашай кватэры, тваю мордачку на маім ложку з просьбай пагладзіць цябе, альбо як ты кладзешся на жывот перад іншымі сабакамі (твой знак прымірэння), або на спінку, каб пагладзіла табе жывот — я пачынаю плакаць! А хочацца, каб гэтыя ўспаміны выклікалі эмоцыі радасці й усмешку. Спадзяюся, гэты ліст дапаможа прайсці гэтую трансфармацыю.

Пра ўспаміны. Я вельмі добра памятаю, як нас знаёміла Марфа ў сабачым прытулку пад Гатава. Ты тады на мяне рычаў ад страху, але потым узяў печыва з рукі. Усю кароткую прагулку ты цягнуў павадок і хадзіў зігзагамі перада мной.

Праз тыдзень мы прыехалі за табой. Іра сказала, што ты страшны й падобны на мяне. Я вельмі смяялася. Але мы ў чымсьці падобныя — цяжкае дзяцінства, не давяраем людзям і не ўсіх блізка падпускаем. І любім любых сабак (акрамя агрэсіўных).

Памятаю, як першыя ночы ты мяне лізаў у твар — і я прачыналася. У гэтым было столькі ўдзячнасці. Потым я адвучыла цябе лізаць мяне, а ты адрываўся на іншых людзях, якіх пераставаў баяцца.

Мне шкада, што першыя месяцы я мала надзяляла табе ўвагі праз працу, кнігі пра сабак і ад’езды. Памятаю пра твой страх гуку грузавых цягнікоў — ад яго прыгаў на шафу і дзверы. Ты хутка навучыўся хадзіць побач, чакаць мяне да вечара.

Праз цябе я нарэшце з'ехала ад маці, вы занадта адна аднаго баяліся. І ў нас пачалося новае жыццё з нашым любімым паркам.

Яшчэ прыгадваю як ты "ахоўваў" тэрыторыю лецішча ў нашы рэдкія заезды, я злавалася ад твайго лаю.

Мне вельмі шкада, што мы з табой больш не пабачымся (табе ў ліпені будзе 7 гадоў, а я буду ў палоне гадоў 7-8). Я адчуваю віну, што не ўберагла сябе для цябе, што змагла прысвяціць табе нават менш за 5 гадоў.

Шкада, што ты/мы больш не пабачым Ральфа, Барэз й іншых нашых любімых сабак на раёне. Але я веру й давяраю людзям і сабакам, якія зараз раздзяляюць тваё новае жыццё.

Іранічна, што пры тваім дварняным і прытулкавым паходжанні (якім я заўжды ганарылася), ты апынуўся на прарадзіме сабак, да якіх ты падобны — багемскіх аўчарак.

Шчасце сабак у тым, каб радаваць свайго чалавека. Прабач, што гэта больш не я.

Я спадзяюся, што рэшта твайго жыцця пройдзе спакойна й радасна. Бо на сваім жыцці я ўжо паставіла пакутлівы крыж.


На развітанне (у апраўданне) я хачу табе кое-што распавесці пра дзень нашай апошняй сустрэчы, 28.10.2022.

Праз 30 хв., як я выйшла з дома ў 15.30, я стаяла ў калідоры на вуліцы Рэвалюцыйная, 3, шырока расставіўшы ногі і ілбом у сцяну (гэта называецца «ластаўка»), акрамя ўдараў у спіну й гуку электрашокера мне сказалі, што цябе ім прыйдзецца забіць — Мікалай Талкачоў «не хацеў рызыкаваць сваімі людзьмі».

Але потым нібыта амапаўцы прапанавалі іншы варыянт — даць мне 20 секунд, каб загнаць цябе ў душавы пакой. Я плакала і баялася, па лесвіцы са мной ішлі людзі з аўтаматамі. Перад дзвярыма мне перасцягалі кайданы з-за спіны — перад тулавам. Рукі трасліся, калі я адчыняла дзверы. Глыбокае дыханне толькі трошкі дапамагло, я чакала, што ты адразу адчуеш небяспеку ў прысутнасці злых людзей, але ты выйшаў у калідор да мяне й радасна махаў хвастом. У кайданках я нават не магла ўзяць цябе за ашыйнік — проста адчыніла дзверы ў душ і стала прасіць цябе зайсці туды.

Ты нічога не разумеў — я амаль ніколі не заганяла цябе ў гэты малы для тваіх памераў пакойчык. У адчаі я крыкнула на цябе й нагамі запіхнула ў душ. Амапаўцы заблакавалі дзверы крэслам з кухні, бо ты рычаў і прыгаў на дзверы ў вузкай прасторы. Падчас «агляду» без майго дазволу кнігі й паперы кідалі на тваю ляжанку й міскі, а я нерухома сядзела на канапе ў поўнай апатыі.

Перад сыходам я доўга прасіла, каб далі цябе вызваліць. Зараз кепска памятаю, што менавіта я казала табе на развітанне, але дакладна папярэдзіла, што сыходжу надоўга. На лесвіцы заплакала. А далей табе лепш не ведаць, што было/будзе са мной.

Бывай, дарагі пёс. Ты — самае дарагое, што ў мяне было ў жыцці. Я буду любіць цябе заўжды».