Хронікі рэпрэсій за 5 красавіка
Агляд галоўных навін краіны за сённяшні дзень.
Пачаўся суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым. У абвінавачанні, агучаным дзяржаўным абвінаваўцам, гаворыцца, што Дзмітрыеў тройчы ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У кожным з названых выпадкаў ён далучаўся да групы грамадзян, якія «груба парушалі грамадскі парадак». Пракурор папрасіў даць экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі два гады пазбаўлення волі. Прысуд абвесцяць ужо заўтра, 6 красавіка.
У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння абвясцілі прысуд рэдактару БТ Кацярыне Броўка, якая абвінавачвалася ва «ўдзеле ў пратэстах». Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Прысуд — тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Адвакат Арцём Сем'янаў зноў арыштаваны на 15 сутак. Ён павінен быў выйсці з Акрэсціна напярэдадні раніцай, аднак паўторна быў затрыманы проста ў ЦІПе ў рамках новай справы. Як стала вядома праваабаронцам, адвакату, як і ў мінулы раз, было прад'яўленае абвінавачанне па арт.24.3 КаАП («Непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі»). Сёння адбылося судовае разбіральніцтва.
Чарговая аблава ў Гомелі. Вядома мінімум пра васьмярых затрыманых. У відэа, распаўсюджаным сілавікамі, яны расказалі, што былі падпісаныя на тэлеграм-каналы, якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі», а таксама пакідалі негатыўныя каментары. Адзін з затрыманых сказаў, што ў яго на руцэ набітая татуіроўка з абразай на адрас міліцыі.
Па выніках праверкі рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» узбуджана шэсць крымінальных спраў.. Як паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю, фінансавай міліцыяй была «спыненая супрацьпраўная дзейнасць» па ўхіленні ад выплаты падаткаў і абавязковых плацяжоў заснавальнікаў рэпетытарскіх цэнтраў Яўгена Лівянта і Аляксея Іванова. Па крымінальнай справе праведзены 23 ператрусы ў Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях. «Падазраваныя ў добраахвотным парадку выплачваюць прычыненую дзяржаве шкоду, цяпер у бюджэт паступіла больш за 630 тысяч рублёў», — паведамілі ў КДК.
З сюжэта, які выйшаў на АНТ, стала вядома пра некаторых затрыманых, якіх абвінавачваюць у тэрарызме, бо яны нібыта дапамаглі Мікалаю Швецу здзейсніць дыверсію ў Мачулішчах. Адзін з абвінавачаных — Максім Лапацін, які падвёз Швеца са Століна на лагойскую трасу. Затрыманая таксама жонка Лапаціна. Ларысу Кучынскую, у якой «дыверсант» Швец афіцыйна здымаў кватэру, таксама абвінавачваюць у «тэрарызме». Знайсці кватэру дапамог Андрэй Сцяпурка. Абодва затрыманыя і прызнаныя вінаватымі па справе аб тэракце.
Стала вядома, што 27 студзеня да 5 гадоў пазбаўлення волі асудзілі супрацоўніка «Белагра» Арцёма Зубракова. Яго прызналі вінаватым паводле ч.3 арт.130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»), ч.3 арт.203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра асабістае жыццё і персанальныя даныя»). Справу ў закрытым рэжыме разгледзела суддзя Алена Бачышча.
У Беларусі плюс 17 новых палітвязняў. Гэта Аляксей Ільінчык, Сяргей Тушынскі, Вячаслаў Аўчук, Дзмітрый Анчукоў, Віталь Рыжанскі, Уладзімір Турнаў, Станіслаў Дзмітрук, Дзмітрый Макараў, Сяргей Кушнераў, Дзмітрый Лагун, Павел Дубаў, Ігар Шумілаў, Аляксандр Шарабайка, Дзмітрый Іваноў, Аляксей Азарка, Дзмітрый Герасімовіч, Вячаслаў Кобрын.
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на дадзены момант у краіне 1486 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1753 чалавек. Сярод іх — 192 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.