Ініцыятыва MALDZIS выкупіла карту Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам і забароненую ў СССР

Карта Смоліча — першая беларускамоўная карта нашай краіны. Паводле інфармацыі з мапы, яна была дазволеная вайсковай цэнзурай Польшчы 27 верасня 1919 года і надрукаваная ў майстэрні «N. Mac i syn» у Вільні.

Фота Аліны Мазавец

Фота Аліны Мазавец

Яе аўтарам лічыцца адзін з бацькоў-заснавальнікаў БНР і першы прафесар геаграфіі ў БССР Аркадзь Смоліч. Мапа мае фізічна-адміністрацыйны характар, які ў шматлікіх дэталях адпавядае падручніку «Географія Беларусі», што быў выдадзены Смолічам увесну 1919-га таксама ў Вільні. 

Глядзіце таксама

Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:

«Гэтая карта ўнікальная тым, што на ёй адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя пражывання беларусаў. Перад намі паўстае краіна, якая тэрытарыяльна пераўзыходзіць большасць еўрапейскіх дзяржаў, хоць па факце яна такой і не паўстала».

Да асаблівасцяў мапы належыць і тое, што яна перадае спрадвечна беларускія назвы ў напісанні геаграфічных аб’ектаў: Вільня, Менск, Горадня ў выпадку гарадоў, а таксама Нямеччына і Маскоўшчына ў выпадку краін.

Фота Аліны Мазавец

Фота Аліны Мазавец

Карта Смоліча была набытая ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Дар’і Сліж і Іллі М. 

У будучыні яна будзе перададзеная ў Клічаўскі краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму карта будзе выстаўляцца за мяжой.

Кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS:

«За савецкім часам мапа Смоліча была забароненая, бо паказвала Беларусь як незалежную дзяржаву. Яна захавалася ў некалькіх асобніках і нам пашчасціла набыць адзін з іх. Мы радыя, што разам з партнёрамі даем магчымасць кожнаму чалавеку набыць копію і такім чынам вярнуць мапу да жыцця». 

Карту можна набыць на сайце выдавецтва Gutenberg.

******

MALDZIS мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы дзеля пошуку каштоўнасцяў, іх набыцця, ушанавання памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртання забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні, нават малога памеру. І такія набыткі, як карта Беларусі Аркадзя Смоліча, «Вялікае майстэрства артылерыі», «Жазло кіравання», Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ці мапа Няпрэцкага, магчымыя менавіта дзякуючы грамадскім ахвяраванням. Падтрымаць MALDZIS можна тут.