Крыніцы: Сілавікі ходзяць па электрычках і правяраюць тэлефоны ў пасажыраў

З надыходам лета, калі пасажыраў у прыгарадных электрычках паболела, супрацоўнікі міліцыі пачалі правяраць у людзей тэлефоны наўпрост у вагонах. Пра гэта паведамляюць чытачы «НЧ».

czyhunka__elektryczka_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg

Паводле атрыманай інфармацыі, праверкай тэлефонаў займаюцца звычайныя патрульныя, якія суправаджаюць электрацягнікі і сочаць за парадкам. Выглядае, што яны атрымалі адпаведны загад.

Увагу сілавікоў прыцягваюць тыя пасажыры, якія падчас падарожжа «сядзяць» у тэлефонах. Такіх людзей людзі ў пагонах выклікаюць у тамбур і патрабуюць разблакіраваць смартфон для «праверкі».

Паводле назіранняў чытачоў «НЧ», такія выпадкі былі заўважаны, прынамсі, на маладзечанскім кірунку з Мінска. Па выніках праверкі тэлефонаў людзей часам адпускаюць, але здараюцца і затрыманні. 

Нагадаем, у апошнія месяцы сілавікі пачасцілі праверкі беларусаў, у тым ліку дагляд змесціва іх смартфонаў. Асабліва актыўна людзей правяраюць пры перасячэнні мяжы з краінамі Еўрасаюза і Расіі. Але, выглядае, дайшла чарга і да грамадскага транспарту.