Гранты «Русского мира»: спроба зьнішчыць беларускую мову

Зараз, калі беларуская мова высілкамі лукашэнкаўскае ўлады загнаная ў глухі кут, расейцы і іх падзельнікі заяўляюць аб тым, што расейская мова ў Беларусі нібыта «мае праблемы». Выснова: сам факт існаваньня беларускае мовы ўспрымаецца імі як пагроза «русскому миру».

2_982.jpg

Адна са са структураў, якая вельмі актыўна прасоўвае русіфікацыю Беларусі — фонд «Русский мир». І ягоная дзейнасьць небясьпечна паспяховая, на жаль.

Зьяўленьне ў грантавых праграмах фонду «Русский мир» беларускіх установаў пачалося прынамсі з 2011 года. Напрыклад, тады Мазырскі універсітэт правёў «Тыдзень расейскае філялёгіі», прысвечаны значным для расейскае культуры юбілейным датам.

А некалькімі гадамі пазьней адзначыўся адзін з асноўных атрымальнікаў грошай фонда «Русский мир» сярод грамадскіх арганізацыяў Беларусі — фонд «Асьвета бязь межаў».

Гэтая арганізацыя, якая называе сябе адукацыйна-культурным цэнтрам расейскае славеснасьці, зарэгістраваная ў чэрвені 2017 года. Фактычна яна была створаная дзеля забеспячэньня дзейнасьці ў Беларусі «Міжнароднага педагагічнага клубу». Згаданы клуб узначальваў прарасейскі калабарант з Украіны Аляксандр Кандракоў. Ягоная памочніца — дырэктарка менскае школы нумар 70 Яўгенія Рудава — стала кіраваць беларускім фондам.

«Міжнародны педагагічны клуб» вядомы як арганізатар шэрагу мерапрыемстваў у падтрымку расейскае моўнае і культурнае экспансіі ва Ўкраіне, у тым ліку ў Херсонскае вобласьці і акупаваным Крыме, а таксама ў краінах Сярэдняе Азіі. Усё гэта робіцца сумесна з агенцыяй «Россотрудничество» і фондам «Русский мир».

У Беларусі пачынаючы з 2015 года «Міжнародны педагагічны клуб» і фонд «Асьвета бязь межаў» правялі:

  • «школу моладзевае дыпляматыі "Дарогі міру — дарогі дабра"» ў 2019 і 2022 гадах;
  • «школу моладзевае журналістыкі» ў 2018, 2021 і 2023 гадах;
  • міжнародны форум «Моладзь Эўразіі — за мір», які адбываецца штогод з 2015 года;
  • міжнародны форум «Расейская мова — аснова ўзаемадзеяньня таленавітай моладзі», які таксама адбываецца штогод, у рамках конкурсу «Крышталёвая чарніліца».

Вельмі імаверна, што пошук і падбор удзельнікаў для згаданых мерапрыемстваў зьдзяйсняецца высілкамі філіялаў агенцыі «Россотрудничество» ў розных краінах.

Практычна аніводная з гэтых падзеяў не адбывалася без наведваньня «Русского дома» ў Менску або расейскае амбасады. 

Напрыклад, у лістападзе 2022 года ўдзельнікі школы моладзевае дыпляматыі «Дарогі міру — дарогі дабра» наведалі «Русский дом» у Менску, і паразмаўлялі зь кіраўніком аддзяленьня «Россотрудничества» ў Беларусі Юрыем Макушыным. Макушын распавядаў суразмоўцам пра свой прафесійны досьвед. Магчыма, ён распавёў у тым ліку пра тое, як яго ў чэрвені таго ж 2022 года выслалі з Баўгарыі як расейскага шпіёна, пасьля чаго ён і ўладкаваўся ў Беларусі. Вельмі яскравы прыклад для моладзі, якую выхоўваюць у прарасейскім дусе. Там жа адбылася дыскусія на тэму «Расейская мова як мова мірнае дыпляматыі».

Удзельнікі «школы моладзевае журналістыкі» таксама сустракаліся зь кіраўнікамі беларускага аддзяленьня агенцыі «Россотрудничество» — у 2023 годзе з Макушыным, а ў 2021 годзе зь ягоным папярэднікам Эдуардам Крусткалнам.

На згаданым вышэй форуме «Моладзь Эўразіі за мір» арганізатары прадэманстравалі, як яны бачаць ідэальны для іх вобраз грамадстваў у краінах, якія кантралююцца Расеяй. Адабраныя агенцыяй «Россотрудничество» ўдзельнікі форуму прадстаўлялі некаторыя элементы сваіх нацыянальных культураў (танцы, адзеньне), пры гэтым падкрэсьліваючы, што яны аб'яднаныя ў абароне расейскае мовы як носьбіта «Русского мира». Прыкладна так, паводле аўтараў мерапрыемства, мусіць выглядаць і Беларусь.

1_1111.jpg

Што тычыцца засноўнікаў «Міжнароднага педагагічнага клубу» і фонда «Асьвета бязь межаў», то вось што пра іх вядома.

Аляксандр Кандракоў быў шматгадовым старшынём заснаванае ва Ўкраіне арганізацыі «Русская школа» і галоўным рэдактарам аднайменнага часопісу, які выпускаўся за рахунак грошай фонду «Русский мир». Нядзіўна, што ён узяў сабе за мэту пастаянна казаць пра нібыта прыгнёт расейскае мовы ва Ўкраіне. У лютым 2015 года Кандракоў у інтэрвью заявіў, што быў вымушаны перанесьці асноўныя мерапрыемствы ў Менск.

Але яшчэ ўвосені 2014 года беларускія настаўнікі (магчыма, зь менскае школы нумар 70), паводле словаў Яўгеніі Рудавай, далучыліся да справаў арганізацыі «Русская школа», наведаўшы Херсон.

У 2021 годзе Аляксандр Кандракоў памёр, хто ўзначаліў «Міжнародны педагагічны клуб» пасьля яго, невядома.

Дырэктарка менскае школы нумар 70 Яўгенія Рудава раней уваходзіла  ў склад расейскае структуры з адрасам у Маскве і назвай «Международная Ассоциация Молодежных Организаций Российских Соотечественников». Нават тагачасны кіраўнік «Русского дома» ў Віцебску Герашчанка ў 2011 годзе сказаў, што Рудава ў Беларусі нікога (маецца на ўвазе з «арганізацыяў суайчыннікаў») не прадстаўляе. Гэта асацыяцыя спыніла сваю дзейнасьць у 2017-м.

Як высьветлілася, на адной з педагагічных канферэнцыяў у Маскве Яўгенія Рудава выказала думку, што расейская мова — гэта «мова маральнасьці і духоўнасьці».

А ў студзені 2017 года яна прымала ўдзел у форуме настаўнікаў расейскае мовы, які адбываўся ў акупаваным Севастопалі, і нават зьвярталася да ўдзельнікаў з прывітальным словам. На тым форуме, апроч прафесійных пытаньняў, абмяркоўваліся пытаньні падтрымкі расейскіх дыяспараў і «русского мира» за межамі Расеі.

Яшчэ адна асоба, што мае дачыненьне да арганізацыі прарасейскіх мерапрыемстваў фонду «Асьвета бязь межаў» — былы настаўнік школы нумар 70 Тодар Прошкін. Зараз ён працаўладкаваўся спартовым каментатарам на тэлеканале «Беларусь 5».

Тодар Прошкін, судзячы па навінах фонда «Русский мир» і здымках, уваходзіць у кола арганізатараў форума «Моладзь Эўразіі за мір». Прынамсі так было ў 2023 годзе.

Апроч згаданых вышэй грамадскіх арганізацыяў, грошы на экспансію «русского мира» зацікавілі шэраг дзяржаўных асьветніцкіх і культурных установаў Беларусі.

У траўні 2024 года Наваполацкі ліцэй атрымаў грант фонду «Русский мир» на правядзеньне «Пушкінскіх дней». Апроч чытаньня вершаў расейскага паэта Пушкіна, у склад тых імпрэзаў увайшла таксама дыскусія аб ролі расейскае мовы, ўдзельнікі якой вырашылі, што расейская мова нібыта «мае патрэбу ў пастаяннай падтрымцы і абароне».

А ў перыяд з кастрычніка 2024 года да траўня 2025 года ў Аршанскім каледжы адбываўся «марафон творчых ідэяў» «Расейскі — з задавальненьнем». На старонцы гэтага праекта падрабязна расьпісана, якія мэты мае згаданы «марафон».

Па-першае — «напаўненьне інтэрнэт-прасторы якасным кантэнтам аб "Русском мире"». Без сумневу, такія мэты, зьвязаныя з пашырэньнем уплыву «Русского мира» на краіны сьвету, маюць усе праекты агенцыі «Россотрудничество», фонда «Русский мир» ды шматлікіх іншых расейскіх структураў. Але публічна яны гэта агалошваюць рэдка, выкарыстоўваючы як прыкрыцьцё мэты культурна-асьветніцкага кшталту.

Па-другое — «павышэньне статуса расейскае мовы, вырашэньне праблемаў функцыянаваньня расейскае мовы ў варунках расейска-беларускага двумоўя». То-бок зараз, калі беларуская мова высілкамі лукашэнкаўскае ўлады загнаная ў глухі кут, расейцы і іх падзельнікі заяўляюць аб тым, што расейская мова ў Беларусі нібыта «мае праблемы». Выснова напрошваецца адна: ім заважае нават фармальны статус беларускае мовы як адной зь дзяржаўных моваў. Сам факт існаваньня беларускае мовы ўспрымаецца імі як пагроза «Русскому миру».

Глядзіце таксама