Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура. Частка 2

У першай частцы расследавання (№41 ад 1 лістапада) мы падалі звесткі пра некаторых прадстаўнікоў сілавога блоку расійскага дыппрадстаўніцтва ў Беларусі і паспрабавалі раскрыць асноўныя мэты і задачы знаходжання ў нашай краіне амбасадара Дзмітрыя Мезенцава. У другой частцы — інфармацыя пра іншых прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, выяўленых чальцоў расійскага казацтва і раскрытых выканаўцаў агентурнай дзейнасці.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Пасля адклікання адыёзнага амбасадара Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча, часова павераным у справах Амбасады РФ у Беларусі стаў дарадца-пасланнік Уладзімір Андрэеў. Функцыі кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва ён выконваў да прыезду ў чэрвені новага амбасадара Дзмітрыя Мезенцава.

Савецкі і расійскі кадравы дыпламат Уладзімір Андрэеў цягам апошняга паўгоду з’яўляўся найбольш каларытнай асобай з каманды Бабіча на дыпламатычнай службе ў Беларусі.

02_rezidentura_rf.jpg


Уладзімір Вадзімавіч Андрэеў нарадзіўся ў 1960 годзе. У 1982-м скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў (МДІМА). З чэрвеня 2005-га па травень 2010-га быў намеснікам дырэктара Дэпартамента па пытаннях новых выклікаў і пагрозаў МЗС РФ. З чэрвеня 2010-га па травень 2013-га Андрэеў працаваў генеральным консулам Расіі ў Сімферопалі, заканчэнне яго паўнамоцтваў на гэтай пасадзе звязана з гучным дыпламатычным скандалам.

У траўні 2013 года Андрэеў у жорсткай форме забараніў расійскай дэлегацыі наведаць у Сімферопалі прэм’ерны паказ фільму рэжысёра Ахтэма Сэітаблаева «Хайтарма», прысвечанага савецкай дэпартацыі крымскіх татараў у 1944 годзе. На просьбу журналістаў патлумачыць сваё рашэнне, Андрэеў не толькі пацвердзіў сваю пазіцыю, але правакатыўна абвінаваціў аўтараў фільму нібыта ў скажэнні гісторыі, а таксама паведаміў, што праўда пра «Вялікую Айчынную вайну» (ВАВ) павінна гучаць разам з тэмай здрады і калабарацыі крымскіх татараў. Падсумоўваючы, ён заявіў, што гэта — афіцыйная пазіцыя Расіі. Апроч таго, ён выказаў перакананне, што дэпартацыя крымскіх татараў была выключна трагедыяй савецкага народу, але не крымскататарскага. Гэтыя заявы сталі падставай да масавых пратэстаў пад сценамі расійскага генконсульства ў Сімферопалі з патрабаваннем прызнаць Уладзіміра Андрэева персонай non grata і выслаць яго з тэрыторыі Украіны.

Акцыя пратэсту пад сценамі Генкансулата РФ у Сімферопалі, травень 2013 года

Акцыя пратэсту пад сценамі Генкансулата РФ у Сімферопалі, травень 2013 года


Лідары крымскіх татараў абвінавацілі Андрэева ў спробе апраўдаць злачынствы сталінскага рэжыму і распаліць міжнацыянальную варажнечу. Знешнепалітычнае ведамства Украіны выказала афіцыйнае незадавальненне заявамі генконсула, у якіх ён абразіў карэннае насельніцтва паўвострава. У сваю чаргу, МЗС РФ адрэагавала заявай, згодна з якой словы Андрэева ў дачыненні крымскіх татараў былі прызнаныя некарэктнымі. Андрэеў выказаў нязгоду з пазіцыяй свайго ведамства і падаў у адстаўку. Саму ж заяву расійскага МЗС ён назваў «беспомощное, глупое и беспринципное позорище МИД России». Гэта, аднак, не паўплывала на яго далейшую дыпламатычную кар’еру.

Вызначана, што незадоўга да сваёй адстаўкі Андрэеў асабіста ўдзельнічаў у арганізацыі ў 2013 годзе прапагандысцкай акцыі «Наша великая победа» на тэрыторыі Крыму. Яе правядзенне ініцыяваў расійскі рух «Боевое братство». Пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны адным з суарганізатараў гэтай акцыі, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, стаў «Антимайдан».

«Боевое братство» ў Брэсце

«Боевое братство» ў Брэсце


Характэрна, што ў студзені 2011 года падчас першага афіцыйнага святкавання ў Крыме чальцамі «Партыі рэгіёнаў» і прарасійскіх рухаў гадавіны так званай «Пераяслаўскай рады» Уладзімір Андрэеў  заявіў, што палітычныя перашкоды на шляху яднання і адзінства народаў Украіны і Расіі пераадоленыя.


Тады ён зазначыў, што маюцца ўсе мажлівасці для эфектыўнай супрацы, для рэалізацыі самых амбіцыйных супольных праектаў, і Крым стане адным з самых яскравых праектаў у бліжэйшыя гады.

Андрэеў не памыліўся, Крым стаў сапраўдным увасабленнем рэваншысцкай неаімперскай палітыкі Расіі ў XXI стагоддзі, праявай падступнай і цынічнай ваеннай агрэсіі супраць суседніх з РФ краін, сімвалам татальнай мілітарызацыі, прыдушэння правоў і свабодаў і поўнамаштабных рэпрэсіяў акупаванага насельніцтва.

Відавочна, што з дапамогай генконсульства РФ у Сімферопалі здзяйснялася агульная каардынацыя дзеянняў большасці прарасійскіх палітычных сілаў Крыму з моманту стварэння консульскага прадстаўніцтва і да расійскага ваеннага ўварвання на паўвостраў у лютым-сакавіку 2014 года. Выкананая роля дарадцы-пасланніка Уладзіміра Андрэева, які да нядаўняга часу з’яўляўся другой асобай Амбасады РФ, можа мець ключавое значэнне ў стратэгічным плане Расіі па поўнамаштабным разгортванні так званага «Союзного государства» (СГ).

Яшчэ адным супрацоўнікам расійскай Амбасады ў Беларусі, шчыльна звязаным з дзейнасцю ў Крыме, з’яўляецца капітан 1 рангу Кірыл Калючкін. З 2017 года ён выконвае функцыі вайсковага і вайскова-паветранага аташэ расійскага дыппрадстаўніцтва ў нашай краіне. Яго можна ўмоўна аднесці да каманды колішняга амбасадара Аляксандра Сурыкава.

Кірыл Калючкін. Фота vsr.mil.by

Кірыл Калючкін. Фота vsr.mil.by

Кірыл Сяргеевіч Калючкін нарадзіўся ў 1969 годзе ў Балційску. У 1991 годзе скончыў Ленінградскую вышэйшую вайскова-марскую вучэльню радыёэлектронікі. З 2012 па 2014 гады быў вайскова-марскім аташэ амбасады РФ ва Украіне. Паводле дадзеных Цэнтру «Міратворац» і групы «Інфармацыйны супраціў», з’яўляецца падпалкоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў РФ (колішняе ГРУ, далей выкарыстоўваецца гэтая абрэвіятура). 30 красавіка 2014 года ў выніку правядзення паспяховай контрвыведвальнай аперацыі Калючкін быў затрыманы супрацоўнікамі СБУ на месцы здзяйснення ім агентурнай акцыі. Падчас затрымання ў яго былі выяўленыя дакументы сілавых ведамстваў Украіны з грыфамі сакрэтнасці. Яго дзейнасць была прызнаная несумяшчальнай са статусам дыпламата, ён быў абвешчаны персонай non grata і высланы з Украіны.


Праз тры гады пасля раскрыцця Кірыл Калючкін быў пераведзены на беларускі напрамак. З таго часу ў адкрытых крыніцах інфармацыі маецца няшмат звестак пра яго дзейнасць, збольшага гэта перадача ўзнагародаў ветэранам ВАВ або іх сваякам. Высветлена, што Калючкін  падтрымлівае непасрэдныя кантакты з Беларускім саюзам вайсковых маракоў. А ў верасні 2019 года ён асабіста прысутнічаў падчас пахавання на Аршанскім цвінтары загінулага расійскага вайсковага пілота Арцёма Лычова, які быў родам з Горак і загінуў у Сірыі.

Варта асабліва зазначыць, што Кірыл Калючкін да моманту раскрыцця ва Украіне падтрымліваў шчыльныя сувязі з камандаваннем Вайскова-марскімі сіламі Украіны і, перадусім, з камандуючым — Юрыем Ільіным. У 2016 годзе Генпракуратура Украіны абвесціла Ільіна ў дзяржаўны вышук за ўдзел у злачыннай арганізацыі і дэзерцірства. Кірыл Калючкін, з улікам яго раскрытай агентурнай дзейнасці, цалкам мажліва, мае непасрэднае дачыненне да правядзення актыўных мерапрыемстваў расійскіх спецслужб наконадні і падчас спецаперацыі па захопе Крыму. Відавочна, у арсенал сродкаў расійскай агентуры ўваходзілі ў тым ліку подкуп і вербаванне каманднага складу ВМС Украіны. У святле гэтай інфармацыі да персоны Кірыла Калючкіна павінна быць падвышаная ўвага з боку грамадзянскай супольнасці, а таксама сілавых ведамстваў Беларусі.

Памочнікам апарату вайсковага аташату пры Амбасадзе РФ у Беларусі з’яўляецца Ілля Мелітоўскі. У склад расійскага дыппрадстаўніцтва ў нашай краіне ён быў пераведзены, як і Кірыл Калючкін, у 2017 годзе.

Ілля Мелітоўскі. Фота gp.by

Ілля Мелітоўскі. Фота gp.by


Ілья Вячаслававіч Мелітоўскі нарадзіўся ў 1985 годзе ў сям’і вайскоўца ў горадзе Гайжунай Літоўскай ССР, пражываў у Омску. Мае вайсковае званне маёра. Яго адкрытая дзейнасць таксама абмяжоўваецца перадачай узнагародаў ветэранам ВАВ або іх сваякам. Захапляецца экстрэмальнымі відамі спорту, мае выдатную фізічную падрыхтоўку. У 2016 годзе Мелітоўскі ўдзельнічаў у пешым марафоне на адлегласць 70 кіламетраў па перасечанай мясцовасці «Тропа мужества — лето 2016». Паводле шаўронаў і нагрудных знакаў, з’яўляецца афіцэрам Камандавання Паветра-дэсантных войскаў УС РФ, адмыслоўцам другога класу. Аднак гэта можа быць прыкрыццём, з вялікай доляй верагоднасці Мелітоўскі можа з’яўляцца афіцэрам ГРУ Генштабу УС РФ.

Паводле інфармацыі праекту «Інфармацыйны супраціў», Ілья Мелітоўскі з’яўляецца адмыслоўцам у правядзенні гібрыдных аперацыяў, можа быць заангажаваны ў рэалізацыю агрэсіўнага сцэнару па дэстабілізацыі і паглынанні Беларусі Расіяй.

Цікава, што бацька Ільі Мелітоўскага — Станіслаў Васільевіч Мелітоўскі (змяніў імя з Вячаслава на Станіслаў) — ваяваў у Афганістане і Косаве, меркавана, мае званне падпалкоўніка, і з 2015 года знаходзіцца ў Сімферопалі, на тэрыторыі акупаванага Расіяй Крыму.

Характэрна, што на гэты момант вайсковы аташат пры Амбасадзе РФ у Беларусі застаецца пакуль без свайго кіраўніка. Напачатку кастрычніка 2019 года аташэ ў пытаннях абароны Раман Спірыдонаў быў адкліканы з Мінска, меркавана, праз раскрыццё яго выведвальна-агентурнай дзейнасці. Паводле інфармацыі некаторых крыніцаў, ён з’яўляецца кадравым контрвыведнікам з вялікім баявым досведам і Зоркай Героя Расіі. У Беларусі ён працаваў працяглы час і мог спрычыніцца да значнага павелічэння ўразлівасці ўсёй сістэмы нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Яшчэ адным прадстаўніком сілавога блоку ў складзе расійскай амбасады ў Беларусі з 2018 года з’яўляецца дарадца Антон Іванавіч Аляксандраў.

Антон Алясандраў. Фота duma.bryansk.in

Антон Алясандраў. Фота duma.bryansk.in


Палкоўнік паліцыі Антон Аляксандраў непасрэдна прадстаўляе ў нашай краіне Міністэрства ўнутраных спраў РФ. Падтрымлівае сувязі з наменклатурай і прадстаўнікамі МУС РБ на нацыянальным і рэгіянальным узроўні.

Адной з найбольш знакавых постацяў з дыпламатычнага складу расійскай амбасады ў Беларусі можна назваць першага сакратара Леаніда Макурава, які пачаў выконваць свае паўнамоцтвы ў Беларусі з першай паловы 2017 года.

Леанід Макураў 

Леанід Макураў 

З гэтага ж года ён пачаў здзяй­сняць абавязкі старшыні, а зараз з’яўляецца намеснікам старшыні прадстаўніцтва ў Беларусі Федэральнага агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, што жывуць за мяжой, і па міжнароднай гуманітарнай супрацы. Гэты дзяржаўны орган, падначалены МЗС РФ і падпарадкаваны непасрэдна Пуціну, мае скарочаную назву «Россотрудничество». Сваю гісторыю ён вядзе ад Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, які напачатку 1990-х гадоў быў трансфармаваны ў «Росзарубежцентр». Усе гэтыя органы выкарыстоўваліся для забеспячэння легальнай дзейнасці за мяжой супрацоўнікаў КДБ, а затым іх пераемнікаў з ФСБ. У функцыі «Россотрудничества» ўвахо­дзяць культурніцкія і навуковыя сувязі за мяжою, але перадусім гэтае федэральнае ведамства ёсць поўнамаштабным сродкам расійскай прапаганды, інкубатарам шматлікіх (пра)расійскіх арганізацый і рэалізатарам стратэгіі «мяккай сілы» ў краінах свайго базавання.

Леанід Генадзевіч Макураў нарадзіўся ў 1955 годзе ў Ніжнім Тагіле. Вядома, што на працягу чатырнаццаці гадоў, з 1976-га па 1990-ы, ён праходзіў вайсковую службу ва Узброеных сілах. У 1995-м, дзякуючы значнаму вайсковаму досведу, ён увайшоў у экспертна-кансультатыўную раду Дзяржаўнай Думы РФпа праблемах нацыянальнай бяспекі, чальцом якой быў да 2001 года. Таксама ў 1995-м ён ачоліў Балтыйскае рэгіянальнае грамадскае аб’яднанне «Безопасность Отечества», у якое ўваходзілі адстаўныя вышэйшыя і старшыя афіцэры. У 1999 годзе Макураў скончыў Акадэмію пры прэзідэнце РФ, а ўжо напачатку 2000-х выступіў у ролі пасярэдніка ў перамовах па пастаўках у Грэцыю караблёў на паветранай падушцы «Зубр» і сродкаў супрацьпаветранай абароны. У 2001-м ён стаў віцэ-прэзідэнтам выдавецкага дому, а потым і медыягрупы «Русский предприниматель», станам на 2006 год быў галоўным рэдактарам аднайменнага часопіса, сярод заснавальнікаў якога, апроч іншых, была рэгіянальная грамадская арганізацыя ветэранаў знешняй выведкі. Цікава, што гэты часопіс выступіў адным з заснавальнікаў установы «Центр динамического консерватизма» Віталя Авяр’янава — намесніка старшыні чарнасоценнага «Изборского клуба».

Леанід Макураў падчас кіравання гэтым выданнем стаў адным з ініцыятараў стварэння так званай «Русской Доктрины», якую яго стваральнікі называюць у якасці патэнцыйнага асноўнага праграмнага дакумента «русского мира». Адным з экспертаў, які ўдзельнічаў у напісанні асобных палажэнняў гэтай дактрыны, стаў Аляксандр Барадай удзельнік спецаперацыі па захопе Крыму, колішні так званы прэм’ер-міністр і старшыня Савету міністраў тэрарыстычнага ўтварэння «ДНР», кіраўнік «Союза добровольцев Донбасса».

Аляксандр Барадай. Фота topwar.ru

Аляксандр Барадай. Фота topwar.ru

У 2005 годзе Макураў заснаваў выдавецтва з вельмі характэрнай назвай «Лубянская площадь». З 2005-га па 2009-ты працаваў у структурных падраздзяленнях «Газпрома». У 2008 годзе скончыў Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт нафты і газу. З 2009-га стаў галоўным дарадцам, намеснікам начальніка Дэпартамента інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння Упраўлення прэзідэнта РФ. Прыблізна ў гэты ж час у яго кар’ернай біяграфіі пачынаецца «казацкі» перыяд.

Пэўны час Макураў быў чальцом кіравання Цэнтральнага казацкага войска, дзе адказваў за аналітычную працу. З 2011-га ачольваў Камітэт па справах казацтва Масквы і паралельна з’яўляўся атаманам рэестравай маскоўскай акруговай казацкай грамады. Апроч гэтага быў дарадцам старшыні Савета пры прэзідэнце РФ па справах казацтва. Менавіта Макураву належыць ідэя патрулявання расійскай сталіцы казацкімі спецатрадамі, якіх пачалі актыўна ўжываць для разгонаў акцыяў расійскай апазіцыі.

Казацкі палкоўнік Леанід Макураў

Казацкі палкоўнік Леанід Макураў


Не дзіўна, што з самага пачатку сваёй дзейнасці Макураў актыўна пачаў прасоўваць у Беларусі вельмі блізкую яму тэму казацтва. У верасні 2017 года ён асабіста курыраваў сустрэчу, ініцыяваную прадстаўніцтвам «Россотрудничество» з казацкімі парамілітарнымі фарміраваннямі, якія функцыянуюць на тэрыторыі нашай краіны. Фармальнай мэтай сустрэчы было абмеркаванне пытанняў пашырэння сувязяў з расійскім казацтвам. Для прыкрыцця гэтай дзейнасці было запланавана стварыць Цэнтр вывучэння казацкай культуры, які б дзейнічаў пры Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Мінску. У траўні 2019-га ён асабіста прысутнічаў на Фэсце славянскіх адзінаборстваў у Гродна, аднымі з арганізатараў якога з’яўляецца парамілітарнае казацкае аб’яднанне «Нёманские казаки» і клуб «Аридан», які ўзначальвае так званы гродзенскі казацкі атаман Уладзімір Адамаў. А ў чэрвені Макураў асабіста адкрываў Фэст казацкай песні «Гайда».

У жніўні 2019-га Леанід Макураў удзельнічаў у адкрыцці чарговага расійска-беларускага злёту так званай казацкай моладзі ў Смаленскай вобласці. Прадстаўнікі сілавых ведамстваў РФ навучалі дзяцей, у тым ліку з Беларусі, разборцы-зборцы аўтаматаў Калашнікава, праводзілі з імі заняткі рукапашнага бою.

Фота: рсм67.рф

Фота: рсм67.рф


Апроч курыравання казацкага напрамку, Леанід Макураў у статусе першага сакратара Амбасады РФ вельмі актыўна займаецца ў Беларусі пытаннямі культурніцкага і адукацыйнага ўзаемадзеяння ў расійска-беларускім памежным рэгіёне.

У кастрычніку 2018 года ў Віцебску прайшоў расійска-беларускі Фэст моладзі памежжа з красамоўнай назвай «С чего начинается Родина?», на якім Макураў прысутнічаў асабіста. Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, гэтае мерапрыемства сабрала прыблізна 500 удзельнікаў з Віцебскай і Смаленскай абласцей. Непасрэдную супрацу з беларускім школьніцтвам і студэнцтвам здзяйсняе «Российский союз молодежи», які практычна штомесяц праводзіць супольныя мерапрыемствы са студэнтамі Віцебшчыны. У межах форуму адбыўся таксама сход маладых настаўнікаў.

Вельмі актыўна дзейнічае Макураў і на Магілёўшчыне. На гэты момант рэгіён перанасычаны супольнымі з Расіяй навучальна-адукацыйнымі ўстановамі, (пра)расійскімі грамадскімі і культурніцкімі арганізацыямі, праваслаўнымі парамілітарнымі фарміраваннямі. Падобная актывізацыя інстытуцыяў «русского мира» вельмі нагадвае сітуацыю, якая склалася на Данбасе на этапе падрыхтоўкі да пачатку ваеннай гібрыднай агрэсіі РФ супраць Украіны. Расійскія дыпламатычныя структуры досыць шчыльна працуюць з магілёўскім сацыяльна-культурніцкім грамадскім аб’яднаннем «Наследие» і смаленскай асацыяцыяй «Агентство интеграционных инициатив» перадусім у праектах транспамежнай рэгіянальнай супрацы. Кіраванне справамі прэзідэнта Расіі здзяйсняе пры гэтым грантавую падтрымку. Напрыклад, сёлета фінансаванне атрымаў праект «Днепро-Двинский регион — регион возможностей», які скіраваны ў першую чаргу на непасрэднае заангажаванне моладзі Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай абласцей у інтэграцыйны працэс СГ.

Згаданае аб’яднанне «Наследие» — таксама адно з арганізатараў разнастайных творчых мерапрыемстваў, якія праводзяць у Магілёве, у тым ліку з падтрымкай мясцовага Беларуска-Расійскага ўніверсітэту. Значная іх частка прысвечана пераважна ВАВ, а магістральная тэма — «защита единого Отечества» і «борьба многонационального народа Советского Союза с фашизмом». У гэтыя мерапрыемствы залучаюць навучэнцаў не менш чым дзесяці сярэдніх школаў Магілёва. Асабістая прысутнасць на іх Макурава ў якасці першага сакратара можа сведчыць пра здзяйсненне своеасаблівага ментарскага нагляду з боку расійскай амбасады.

У снежні 2018 года Макураў удзельнічаў у адкрыцці канферэнцыі, якая была прысвечаная асобе Жукава і праходзіла ў Доме Масквы ў Мінску. У гэтае мерапрыемства былі залучаныя беларускія вучні. А ў 2019 годзе Леанід Макураў быў адным са стваральнікаў у Беларусі літаратурнага конкурсу «Мы помним. Мы гордимся», у якім апроч некалькіх сотняў навучэнцаў з больш як 80 адукацыйных устаноў Беларусі, удзельнічалі таксама і прадстаўнікі «ДНР».

Падобныя мерапрыемствы, якія выкарыстоўваюць тэму вайны, а насамрэч з’яўляюцца неад’емнай часткай расійскай прапаганды так званага «единого Отечества» і «одного (разделенного) народа», структуры расійскай амбасады і «Россотрудничество» рэгулярна праводзяць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Аб’ектам выступаюць перадусім навучэнцы беларускіх адукацыйных устаноў. Пры гэтым здзяйсняюцца і спробы аб’яднання адукацыйнага працэсу. Леанід Макураў анансаваў рэалізацыю праекту «Кадетство», які павінен аб’яднаць не толькі кадэцкія вучэльні, але нават кадэцкія класы на тэрыторыі Расіі і Беларусі.

У выніку правядзення расследавання выяўлены яшчэ адзін «казацкі» прадстаўнік са складу расійскага дыппрадстаўніцтва ў Беларусі, які можа ўтвараць разам з Леанідам Макуравым цэлую асобную групу па пытаннях казацтва. Ім з’яўляецца аташэ Амбасады РФ Кірыл Адзінёў (рус. — Кирилл Одинев), які пачаў выконваць свае функцыі на тэрыторыі Беларусі, меркавана, з першай паловы 2015 года.

14_adziniou.jpg

Кірыл Уладзіміравіч Адзінёў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Маскве. У 1996-м скончыў Вайсковую акадэмію імя Дзяржынскага (сёння — ВА РВСН імя Пятра Вялікага), навучаўся на Кафеды аўтаматызаваных сістэм кіравання і сувязі. У 2005-м скончыў Дыпламатычную акадэмію МЗС РФ. Праходзіў курс польскай мовы ў Польскім інстытуце ў Мінску.

Падчас вывучэння акаўнту сацсеткі «VK» Адзінёва сярод ягоных сяброў выяўленыя не толькі прадстаўнікі расійскага казацтва, але і баевікі тэрарыстычнага ўтварэння «Л/ДНР».

Скрыншот акаунту сацсеціва «VK» Кірыла Адзінёва

Скрыншот акаунту сацсеціва «VK» Кірыла Адзінёва


Нягледзячы на тое, што Адзінёў з’яўляецца супрацоўнікам расійскай амбасады, ён адкрыта спрабуе насміхацца з жыхароў Беларусі і кіраўніка дзяржавы, у якой здзяйсняе свае дыпламатычныя функцыі.

Скрыншот акаунту сацсеціва «FB» Кірыла Адзінёва

Скрыншот акаунту сацсеціва «FB» Кірыла Адзінёва

Больш прыстойна і з захаваннем дыпламатычнага пратаколу паводзіць сябе кіраўнік Гандлёвага прадстаўніцтва пры Амбасадзе РФ Юрый Залатароў, які пачаў дзейнасць у нашай краіне з 12 красавіка 2019 года. Важная асаблівасць — ён шчыльна звязаны з Міхаілам Бабічам.

Як і афіцэр ГРУ Аляксей Сухаў (гл. першую частку) быў памочнікам і намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай Федэральнай акрузе (ПФА), дзе курыраваў блок сацыяльных праектаў. Характэрна, што перад сваім прызначэннем у ПФА Залатароў працаваў менавіта ў Мінэканомразвіцця РФ, меў пасаду намесніка дырэктара Дэпартаменту Азіі і Афрыкі.

Юрый Залатароў. Фота fo.gov.ru

Юрый Залатароў. Фота fo.gov.ru


Пасля адклікання з пасады амбасадара ў Беларусі Міхаіл Бабіч быў прызначаны намеснікам кіраўніка Міністэрства эканамічнага развіцця РФ, а 30 верасня яго падвысілі да першага намесніка міністра. Паводле слоў кіраўніка Мінэканомразвіцця Максіма Арэшкіна, адна з галоўных задачаў Бабіча на новай пасадзе — актыўны ўдзел у максімальнай ступені інтэграцыі ў межах СГ. З улікам велізарнай дыспрапорцыі эканамічных патэнцыялаў Беларусі і Расіі вядзецца перадусім пра эканамічнае, а разам з гэтым і палітычнае паглынанне нашай краіны.

Відавочна, Юрый Залатароў адыгрывае вельмі важную ролю ў межах рэалізацыі пастаўленых перад Міхаілам Бабічам задачаў па беларуска-расійскай эканамічнай інтэграцыі.


У наступнай частцы мы працягнем раскрыццё звестак пра прадстаўнікоў расійскай амбасады ў Беларусі, зробім акцэнт на непасрэдных рэалізатарах расійскай стратэгіі «мяккай сілы» ў нашай краіне.