Юрась Беленькі: Стварэнне наднацыянальных органаў — антыканстытуцыйная дзейнасць
Усякія перамовы па стварэнню нейкіх наднацыянальных органаў Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі фактычна накіраваны супраць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, яны з’яўляюцца злачынствам, — лічыць намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.
Па яго словах, так званая дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, падпісаная амаль 20 гадоў таму, з’яўляецца цалкам антыканстытуцыйнай, юрыдычна нікчэмнай і не мае юрыдычнай сілы. Таму ўсе дзеянні, перамовы ў межах гэтай дамовы носяць антыканстытуцыйны характар, — кажа Юрась Беленькі.
— Антыканстытуцыйныя дзеянні цягнуць за сабой уключэнне ў дзеянне Крымінальнага кодэкса. І гэта не проста нейкія словы. Гэта мы, дэпутаты 12 склікання, праходзілі, калі ў 90-я гады з боку Кебіча былі памкненні аб’яднаць грашовыя сістэмы. І тым ініцыятарам было адкрыта ў твар сказана: вы ідзяце на парушэнне дзеючага заканадаўства, і такую адказнасць вы будзеце несці адпаведна з Крымінальным кодэксам. І гэта паўздзейнічала. Яны тады далі ход назад.
Таму і сённяшнім чыноўнікам таксама трэба памятаць аб гэтым. Многія проста не задумваюцца, наколькі гэта сур’ёзна, і аб той жорсткай адказнасці за падобныя дзеянні, якія можна трактаваць як здраду Радзіме, — заявіў Юрась Беленькі.