Павел Севярынец: Плошча Каліноўскага, 7 снежня
Увечары 29 лістапада стала вядома пра яшчэ адзін крок да інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй. Амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка паведаміў news.tut.by, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб стварэнні агульнага ўраду і парламента.
На навіну адгукнуўся сустаршыня незарэгістраванай БХД Павел Севярынец:
.«Новы Час» папрасіў спадара Паўла пракаментаваць гэтае паведамленне.
— Чаму менавіта 7 снежня, ці не будзе позна? Варта ўзгадаць, як ва Украіне: "Встречаемся в 22:30 под монументом Независимости. Одевайтесь тепло, берите зонтики, чай, кофе, хорошее настроение и друзей. Перепост всячески приветствуется!"
— Падпісанне планавалася на 8 снежня, таму і як папярэдняя дата абмяркоўвалася 7 снежня. Ці не будзе позна? Хтосьці мне ў стужцы піша, што позна, хтосьці, што рана і трэба падрыхтавацца. Папярэдне я гаманіў з асноўнымі лідарамі дэмакратычнага руху пра сёмае, але не было пэўнасці, што падпішуць і ці падпішуць. Цяпер мы бачым, што збіраюцца падпісаць: прысуд незалежнасці. За апошнія два месяцы я праехаў каля 20 гарадоў Беларусі з сустрэчамі, і казаў пра сёмае як верагодную дату.
— Які сцэнар развіцця падзей 7 снежня найбольш верагодны, да чаго рыхтавацца?
— У 1996 годзе, калі ішлося пра здачу незалежнасці, выйшлі дзясяткі тысячаў людзей, і краіну ўдалося адстаяць. Зараз нашмат цяжэй. Цёпла апранацца ў любым разе будзе трэба.
— Ці плануецца калабарацыя з іншымі дэмакратычнымі сіламі?
— За заклік да такіх акцыяў зараз прэвентыўна даюць да 15 сутак, таму лепш не заяўляць вялікай групе лідараў (папярэдне пабяруць усіх). Так, 5 снежня мяне будуць судзіць, каб ізаляваць перад падпісаннем - значыць, маўчаць у любым разе не мае сэнсу. Таму і раблю, што магу — заклікаю (пэўна, дабавяць яшчэ і за гэта).
Хто падтрымаў — паглядзіце пад пастом. Гэта пачатак. Калі будзе арганізоўвацца шырэйшая акцыя — я гатовы падтрымаць і яе, калі буду на волі.
«Для Плошчы патрэбны Народ»
Ініцыятыва Паўла Севярынца выклікала шмат пытанняў, у тым ліку, у вядомых палітыкаў. Напрыклад, Уладзімір Някляеў у каментары да публікацыі напісаў: "Павел, што значыць: "мы пра гэта гаманілі па рэгіёнах?.." Гэта значыць, што рэгіёны (Беларусь) будуць 7 сьнежня на Плошчы? Хоць бы тысяч дзесяць (не кажучы пра сто)? Не думаю, бо пра нейкую сумесную нараду апазіцыі, дэмакратычных арганізацый па НАЙГАЛОЎНАЙ праблеме, якая паўстала сёння перад Беларуссю, я нічога не чуў. Тады хто прымаў рашэнне пра акцыю 7 сьнежня? БХД? АГП? Правацэнтрысцкая кааліцыя?.. Калі так, дык, ведаючы звычкі апазацыі, магу наперад сказаць, што людзей з арганізацый, якія не маюць да заяўленай акцыі дачынення, на Плошчы не будзе. Падыходы дружнай беларускай апазіцыі вядомыя: хто заявіў акцыю — той яе і праводзіць. Астатнія назіраюць збоку, як усё праваліцца. Увогуле (не табе пра гэта казаць) для ПЛОШЧЫ патрэбны НАРОД, а не апазіцыя, а для для таго, каб выйшаў НАРОД, неабходная ці сур'ёзная інфармацыйная падрыхтоўка (як у 2010-м), ці нейкая ПАДЗЕЯ (як тое было нядаўна ў Вільні). Інакш нават самы беларускі беларус з самымі патрыятычнымі заклікамі будзе выглядаць Піліпам, які выскачыў з канапель".
Вядомы блогер і паэт Стась Карпаў разважае: «Разумееце, такой навіны "Лукашэнка вырашыў здаць незалежнасць і пагадзіўся на статус губернатара северо-западного" — не будзе ніколі. Будзе шмат дробных эпізодаў, ніводны з каторых — не будзе па-асобку фатальным, але фатальных у цэлым. І ў святле апошніх навінаў, як мне падаецца, трэба проста назначаць дату збору».