Financial Tiimes: Расія вярбуе ўкраінскіх падлеткаў для дыверсій

Нягледзячы на складаныя абставіны, Украіна мае поспехі на фронце. Расія вярбуе для дыверсій украінскіх дзяцей і для ўдзелу ў вайне — замежных грамадзян. А Еўропа імкнецца дамовіцца пра далейшыя санкцыі супраць РФ. Ідзе 1223-ці дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

_viyskoviy_dron_pidrozdil_udarnih_bezpilotnikiv_kamikadze_gostra_kartuza_vesna_2024_r_harkivska_oblast___gettyimages_2152788960_1742ab6b0f6752546a8b824e467f37ee_650x410.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 137 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 30 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Русіна Яра, Мірнага, Міралюбаўкі, Малінаўкі, Мірнаграду, Арэхавага, Удалага, Луча, Лісоўкі, Новасергіеўкі, Аляксееўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Капанкі, Надзеі, Рэдкадубу, Грэкаўкі, Торскага, у Серабранскім лесе і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы спынілі 16 штурмавых дзеянняў расіян.

На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Мірнага, Запарожжа, Фёдараўкі, Багатіру, Шаўчэнка і іншых.

Па сем атак на кожным зафіксавана на Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) і Тарэцкім кірунках. Па пяць атак на кожным адбылося на Купянскім, Краматорскім і Прыдняпроўскім кірунках.

* * *

Нягледзячы на заявы расійскага боку аб значных поспехах у Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях гэтыя сцвярджэнні толькі часткова адпавядаюць ацэнкам ўкраінскіх і заходніх крыніц.

Расійскія сілы ажыццявілі прасоўванне ў межах вёскі Малінаўка ў Запарожскай вобласці на Гуляйпольском кірунку, паведамляе ўкраінскі аналітычны рэсурс DeepState. Лінія фронту ў гэтым рэгіёне, па даных DeepStateMAP, застаецца дынамічнай. Украінскія вайскоўцы бесперапынна адбіваюць атакі расійцаў каля гэтага населенага пункта.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй справаздачы адзначыў, што 28 і 29 чэрвеня расійскія войскі спрабавалі працягваць наступ каля Малінаўкі, аднак істотнага прасоўвання зафіксавана не было.

* * *

Украінскія войскі прасунуліся на поўначы Сумскай вобласці і ў раёне Часавага Яра, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле геалакацыйных звестак, сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Аляксееўкі ў Сумскай вобласці.

Украінскія войскі прасунуліся ў кірунку Часавага Яра ў Данецкай вобласці. Пра поспехі расійцаў ISW у гэтай зводцы не паведамляе.

* * *

У ноч на 30 чэрвеня Расія атакавала Украіну 107-мю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 74 БПЛА: 64 збіта агнявымі сродкамі, 10 —лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

Харкаўская вобласць падвергнулася атацы расійскіх беспілотнікаў, у выніку якой у некалькіх населеных пунктах пашкоджаны грамадзянскія будынкі, СТА, сталовая санаторыя. Восем чалавек звярнуліся па дапамогу да медыкаў, сярод іх адно дзіця.

Расійскія войскі атакавалі Днепрапятроўшчыну беспілотнікамі, у выніку траплення пашкоджана сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Сінельнікаўскім раёне.

* * *

514074294_1079596127686798_6945384840964816056_n.jpg

* * *

Расія вярбуе ўкраінскіх падлеткаў праз Telegram, абяцаючы «лёгкія грошы» за дыверсіі. Дзяцей прымушаюць перадаваць каардынаты вайскоўцаў, паліць аб'екты і закладваць выбухоўку, піша Financial Tiimes.

Як адзначае выданне, дзяцей завабліваюць праз месэнджары, прапаноўваючы грашовую ўзнагароду за «простую працу» — сфатаграфаваць вайсковую тэхніку, адправіць каардынаты ці зладзіць падпал.

Паводле звестак СБУ, толькі за апошні год затрымалі больш за 700 чалавек, якія маюць дачыненне да шпіянажу і дыверсій, з іх больш за 170 — непаўналетнія. Часам усё гэта маскіруюць пад «квэст», дзе «пераможцу» абяцаюць прыз ад 100 да 1000 долараў.

Адзін з такіх выпадкаў — выбух у Харкаве, калі 19-гадовая дзяўчына ўзарвала электрасамакат, перададзены арміі. Загінуў ваенны. Яшчэ адна трагедыя здарылася ў Івана-Франкоўску: там двух хлопцаў 15 і 17 гадоў завербавалі для тэракту. Адзін з іх загінуў пры выбуху — паводле звестак СБУ, бомба здэтанавала дыстанцыйна.

Каб прадухіліць тэракты, СБУ і паліцыя працуюць у школах, запускаюць ролікі і SMS-папярэджанні.

* * *

Расія спрабуе павялічыць у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве вытворчасць баявых самалётаў, аднак гэты працэс запавольваецца праз шэраг фактараў. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе публікацыю фінскага выдання Yle, якое атрымала спадарожнікавыя здымкі. Яны паказваюць, што Расія ў перыяд з сярэдзіны 2024 года да траўня 2025-га пабудавала або пашырыла не менш за пяць будынкаў на Казанскім авіяцыйным заводзе — на 19 тысяч квадратных метраў.

Прадпрыемства вырабляе і мадэрнізуе расійскія стратэгічныя самалёты, такія як Ту-160М, Ту-160М2 і Ту-22М3, а таксама верталёты. У Расіі ў студзені 2025 года паведамлялі, што ўжо пабудаваны новы цэх. Сцвярджалася, што на Казанскім заводзе плануецца пабудаваць чатыры самалёты Ту-214 да 2025 года, сем да 2026 года, 17 да 2027 года і 28 да 2028 года.

Аднак, па даных ISW, завод з цяжкасцю спраўляецца з мадэрнізацыяй і планамі па вытворчасці самалётаў з-за санкцый і недахопу працоўнай сілы ў Расіі. У 2024 годзе прадпрыемства паставіла толькі два Ту-160М2 і два Ту-160М.

«Санкцыі, а таксама недахоп дэталяў і працоўнай сілы, верагодна, працягнуць запавольваць вытворчасць самалётаў у Расіі, нават нягледзячы на тое, што Расія працуе над пашырэннем фізічных вытворчых магутнасцяў», — адзначылі ў ISW.

* * *

Еўрасаюз вернецца да абмеркавання 18-га пакета санкцый супраць Расіі пасля таго, як Славакія ўлагодзіць з Еўракамісіяй пытанне аб адмове ад расійскага газу, паведамляе ўкраінскі канал «Суспільне» са спасылкай на дыпламата ЕС, які размаўляў на ўмовах ананімнасці.

«Бессэнсоўна абмяркоўваць гэта да візіту прадстаўніка ЕК у Браціславу. Пакет у асноўным узгоднены. Для таго, каб дзве дэлегацыі знялі свае пярэчанні, неабходна вырашыць іншыя пытанні. Адна дэлегацыя мае праблему. Іншая падтрымлівае яе. Але фармальна гэта два пярэчанні», — сказаў дыпламат.

Раней прэм'ер Славакіі Роберт Фіцо паведамляў, што на наступным тыдні ў краіну павінна прыехаць спецыяльная місія Еўрапейскай камісіі, падчас якой будуць абмяркоўваць прапанову REPowerEU.

Нагадаем, новы пакет санкцый супраць Расіі накіраваны на даходы Масквы ад энерганосьбітаў, яе банкі і вайсковую прамысловасць. Венгрыя і Славакія заблакавалі рашэнне ЕС: у Славакіі заявілі, што гатовыя падтрымаць пакет санкцый пры ўмове прадастаўлення Еўрасаюзам «гарантыі энергетычнай бяспекі» і 20 млрд еўра патэнцыйных арбітражных рызык.

* * *

Вайскоўцы УСУ на Северскім кірунку ўзялі ў палон двух грамадзян Камеруна, якія ваявалі супраць Украіны на баку РФ. Палонных камерунцаў клічуць Метугена Унана-на Жан Пафе і Анатоль Франк. Яны пераконваюць, што накіроўваліся ў Расію «рабіць шампунь» і «лячыць зубы». Аднак у аэрапорце Масквы іх сустрэлі як «танных заменнікаў баявых ваньёк».

Абодва мужчыны разумелі, для чаго іх наймаюць, але ўсё роўна падпісалі кантракт. У якасці ўзнагароджання ім паабяцалі 1 млн 100 тысяч рублёў, што значна менш, чым РФ прапануе сваім грамадзянам.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі Расія вярбуе на вайну супраць Украіны грамадзян іншых краін. Усяго некалькі дзён таму УСУ ўзялі ў палон яшчэ аднаго грамадзяніна Кітая, што ваяваў у складзе расійскай арміі.