Як ЗША з дыктатарамі супрацоўнічалі. Дасье ў карыкатурах
Місія ў Мінск Кіта Келага выклікала эйфарыю ў прадстаўнікоў рэжыму і надзею на падтрымку Штатаў. Між тым, гісторыя паказвае, што сяброўства з ЗША для дыктатараў можа быць непрадказальным. Расказваем пры дапамозе графікі.
Клан Самосы. Гады кіравання: 1936-1979. Краіна: Нікарагуа
Анастасіё Самоса Гарсія, Луіс Самоса Дэбайле і Анастасіё Самоса Дэбайле (бацька і два браты) — кіравалі Нікарагуа 43 гады, абапіраючыся на падтрымку Вашынгтона. Пра першага з тыранаў Франклін Рузвельт па легендзе калісьці сказаў крылатую фразу: «Можа гэта і сукін сын, але гэта — наш сукін сын».
Глядзіце таксама

Мясцовыя графікі любілі выяўляць сябраў клану Самоса ў выглядзе парсюкоў. Але нават для «сваіх сукіных сыноў» у амерыканцаў існуюць чырвоныя лініі. Калі па загадзе апошняга Самосы спецслужбы забілі рэдактара найбуйнейшай апазіцыйнай газеты, у краіне пачалося масавае паўстанне. Самоса маліў ЗША дапамагчы, але Амерыка на дапамогу ісці не захацела. У выніку ўладу ў краіне захапілі паўстанцы, а дыктатар збег.

Пол Пот (Салот Сар). Гады кіравання: 1975-1979. Краіна: Камбоджа
Пол Пот лічыцца адным з галоўных зладзеяў XX стагоддзя: за тры з паловай гады існавання ў Камбоджы рэжыму чырвоных кхмераў было знішчана каля 3 мільёнаў чалавек. Што цікава, нягледзячы на марксісцкую рыторыку Пол Пота, ЗША яго ўрад прызналі. Прычына — у антыв'етнамскай пазіцыі дыктатара. У выніку ў 1979 году войскі Пол Пота ўварваліся ў В'етнам, але... былі практычна імгненна разгромленыя дасведчанымі суседзямі. Самога дыктатара зрынулі.
Глядзіце таксама

Тым часам ЗША яшчэ доўга працягвалі прызнаваць Пол Пота законным кіраўніком. Праўда, таксама да часу, пакуль не змянілі пазіцыю і нават падтрымалі рэпрэсіі супраць апошніх чырвоных кхмераў. На гэтым малюнку рэшткі ахвяр дыктатуры вітаюць суд над кіраўніцтвам партыі Пол Пота.

Садам Хусейн. Гады кіравання: 1979-2003. Краіна: Ірак
Занепакоенасць з нагоды Ісламскай рэвалюцыі 1979 года ў Іране і інтэрвенцыя СССР у Аўганістан заахвоцілі ЗША сур'ёзна перагледзець характар сваіх адносін з рэжымам Садама Хусейна (на той момант у Шатаў нават не было дыпламатычных адносін з Багдадам). ЗША выключылі Ірак са спісу краін, якія падтрымліваюць тэрарызм, каб дапамагчы Садаму Хусейну выйграць ірана-іракскую вайну, далі Іраку крэдыты. Больш за тое, ЗША прадавалі Іраку матэрыялы, у тым ліку ўзбуджальнікаў сібірскай язвы і батулізму, і не заблакавалі выкарыстанне хімічных нападаў па курдах. Але калі Садам аўтаномна вырашыў захапіць Кувейт, яго запісалі ў спіс ворагаў. Усё, як вядома, скончылася ўварваннем ЗША і іх саюзнікаў у Ірак і пакараннем смерцю дыктатара. Адзін з графікаў адрэагаваў на гэтую навіну наступным чынам.

Хосні Мубарак. Гады кіравання: 1981-2011. Краіна: Егіпет
Мубарак доўгі час быў ці не ключавым партнёрам ЗША на Блізкім Усходзе. Прычым гэта шматлікім арабам не падабалася. У 1991 годзе ён падтрымаў агрэсію ЗША супраць Ірака, вядомую «Буру ў пустыні», што выклікала шок. Але калі пачалася арабская вясна, у Вашынгтоне вырашылі, што Мубарак больш не патрэбны і дазволілі яго зрынуць. Гэта натхніла шматлікіх мастакоў.

Первез Мушараф. Гады кіравання: 1999-2008. Краіна: Пакістан
Первез Мушараф — вайсковец, які прыйшоў да ўлады падчас перавароту, і цалкам адмаўляў любыя дэмакратычныя нормы. Вось так выявіў яго рэжым адзін з мастакоў.

Але ва ўсіх знешнепалітычных справах Пакістан як ісламская краіна, якая валодае ядзернай зброяй, падтрымлівала ЗША і палітыку Вашынгтона — у тым ліку, атакі на Ірак і Аўганістан. Аднак нягледзячы на падтрымку янкі Мушараф не вельмі верыў у супрацоўніцтва. Будучы ўпэўненым, што ЗША аднойчы яго проста «злюць», Мушараф пайшоў у 2008 годзе ў адстаўку — і, напэўна, правільна зрабіў. Чым не прыклад для іншых?