Чаму «памілаванні» Лукашэнкі — гэта не свабода
Учора на праўладных каналах Беларусі з'явілася інфармацыя аб 16 палітычных зняволеных, якіх «памілавалі» і выпусцілі з турмаў. Гэта не першы выпадак: з ліпеня 2024 года падобныя працэдуры зазналі ўжо 330 чалавек. Пры гэтым з 2002 года з Беларусі былі дэпартаваныя восем «памілаваных» палітвязняў: Алег Груздзіловіч, Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук, Сяргей Ціханоўскі, Наталля Дуліна, Ігар Карней, Кірыл Балахонаў, Сяргей Шэлег. Самі яны ў інтэрв'ю падкрэсліваюць, што іх дэпартавалі з краіны без права выбару.

Здавалася б: чалавек вызвалены — чаго яшчэ вам трэба? Аднак за гучнымі заявамі аб міласэрнасці хаваецца цэлы спектр новых метадаў кантролю, ціску і дыскрэдытацыі, піша dissidentby.
Два тыпы «вызваленняў»
У апошнія месяцы мы назіраем два розныя сцэнары, якія падаюцца як «памілаванне» ці «вызваленне»:
Памілаванне са знаходжаннем у Беларусі
У гэтым выпадку чалавеку афіцыйна афармляюць памілаванне — і ў дакументах сапраўды з'яўляецца адпаведны запіс. Здавалася б, фармальная працэдура выканана. Але рэальныя наступствы такія, што «свабодай» гэта назваць немагчыма. Вось што адбываецца:
- Людзей масава і гвалтоўна прыцягваюць да супрацы спецслужбы пад пагрозай новай крымінальнай справы і ціску на іх сем'і.
- Патрабуюць падпісваць паперы аб супрацоўніцтве, згаджацца здымацца ў прапагандысцкім відэа.
- Забараняюць выезд з краіны.
- Прымушаюць перадаваць інфармацыю аб дзейнасці дэмакратычных структур і фондаў дапамогі рэпрэсаваным.
- Часта пад гэтай падставай на прылады былых зняволеных усталёўваюць шпіёнскае ПА, каб весці назіранне і агентурную дзейнасць у рэжыме рэальнага часу.
Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава, вызваленая па памілаванні ў снежні 2024 года, падрабязна распавяла пра рэальнасць, з якой сутыкаюцца вызваленыя:
«Ты быццам бы ёсць, але цябе няма. Ты не можаш адкрыць банкаўскі рахунак, аформіць зарплатную карту, адправіць ці атрымаць пасылку. Пры гэтым ад цябе патрабуюць уладкавацца на працу. Калі ты ў “экстрэмісцкіх” спісах, у цябе проста няма правоў. А потым пачынаюцца “сустрэчы” з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, дзе табе прапануюць стаць даносчыкам, намякаюць, што твае дзеці — закладнікі, і абяцаюць уладкаваць цябе на завод пад іх назіраннем».
Гэта мала падобна на вызваленне. Гэта новы этап рэпрэсій у форме сацыяльнага і псіхалагічнага ціску. Фактычна, гэта форма дэсацыялізацыі людзей і выцісканне непажаданых дыктатуры за мяжу.
Гвалтоўнае перамяшчэнне за межы краіны
Іншая катэгорыя «вызваленняў» яшчэ больш палохаючая. Так, 12 лютага 2025 года з удзелам Дзярждэпартамента ЗША былі вызвалены і фактычна вывезены Алена Маўшук, журналіст Андрэй Кузнечык і Мікалай Шугаеў. 21 чэрвеня пасля візіту ў Мінск спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа — яшчэ 14 чалавек, уключаючы Сяргея Ціханоўскага.
Часцей за ўсё гэтая практыка выглядае так:
- Зняволенага выцягваюць з калоніі ці турмы без папярэджання.
- З мяшком на галаве дастаўляюць да мяжы еўрапейскай дзяржавы.
- Пазбаўляюць дакументаў.
- Фактычна выкідваюць за межы Беларусі.
Пры гэтым воля чалавека, яго жаданне застацца ў роднай краіне ці хоць неяк падрыхтавацца не ўлічваюцца. Найбольш поўна і ёміста падобную практыку характарызуе тэрмін «гвалтоўнае перамяшчэнне» (англ. forcible transfer або forcible displacement ).
Упершыню ён выразна замацаваны, напрыклад, у Рымскім статуце Міжнароднага крымінальнага суда, які ў артыкуле 7 (злачынствы супраць чалавечнасці) вызначае:
Артыкул 7(2)(d)
«Дэпартацыя або гвалтоўнае перамяшчэнне насельніцтва» азначае гвалтоўнае перамяшчэнне асоб у межах або за межы тэрыторыі, на якой яны законна знаходзяцца, без падстаў, дапушчальных у міжнародным праве.
Многія вызваленыя паведамляюць, што не звярталіся з хадайніцтвам аб памілаванні і не падавалі ніякіх заяў, якія маглі б стаць фармальнай падставай для вызвалення. Наталля Дуліна, адна з вызваленых 21 чэрвеня, распавядала ў інтэрв'ю :
«Нас пасадзілі ў гэты мікрааўтобус, зашпілілі кайданкі і надзелі медыцынскія маскі на вочы, каб мы нічога не бачылі. Мы паехалі і не разумелі куды. Варыянтаў было шмат. Выглядала гэта як якое-небудзь бандыцкае выкраданне. Зусім незразумела, што адбываецца. Потым прывезлі ў СІЗА КДБ, там мы пераначавалі. Нічога нам зноў-такі не казалі. На наступную раніцу, сказалі: "Рэчы ўсё збярыце, трымайце напагатове, хутка вас будуць адсюль выводзіць". Мы спыталі, што адбываецца. Адказалі, што ня ведаюць. Затым зноў вывелі, ужо не ў медыцынскіх масках, а з мяшком на галаве — ён як балаклава, але без прарэзаў. Пасадзілі ў мікрааўтобус, і мы паехалі. Мне заставалася сядзець паўгода, і я была цалкам у сілах дацягнуць да канца. Я не прызнавала віны, не пісала хадайніцтва аб памілаванні. Больш за тое, я катэгарычна адмовілася гэта рабіць».
Глядзіце таксама

«Дэпартавалі і пазбаўлялі грамадзянства дысідэнтаў»
Як нагадвае праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка, у гісторыі Савецкага Саюза і Беларусі ў яго складзе дэпартацыі былі шырока распаўсюджанай практыкай дзяржаўнай палітыкі. У савецкі час дэпартавалі розныя этнічныя групы і асоб, якіх лічылі палітычна небяспечнымі або "непажаданымі". Напрыклад, у 1940–1950-х гадах адбываліся масавыя дэпартацыі цэлых народаў — балканцаў, чачэнцаў, інгушаў, калмыкаў, крымскіх татараў і іншых — з іх традыцыйных месцаў пражывання ў аддаленыя рэгіёны СССР, часта ў Сібір або Цэнтральную Азію. Дэпартавалі ўглыб СССР прадстаўнікоў балтыйскіх народаў, украінцаў і беларусаў.
"Гэтая палітыка мела мэту кантролю над насельніцтвам і ліквідацыі магчымых супраціўнікаў рэжыму. Дэпартавалі за мяжу і пазбаўлялі грамадзянства дысідэнтаў – часам менавіта пад выглядам добраахвотнага выезду.
У сучаснай Беларусі, асабліва ў XXI стагоддзі, назіраецца новая хваля дэпартацый, аднак ужо ў іншым кантэксце — не этнічныя групы, а палітычныя, якія ўлады лічаць "непажаданымі". Гэта не адзінкавыя выпадкі, а сістэмная практыка выдалення ўласных грамадзянаў
Дэпартацыі ў Беларусі сёння — гэта частка палітычнай сістэмы, якая выкарыстоўвае выдаленне "непажаданых" асоб як сродак кантролю і рэпрэсій. Гэта працяг гістарычнай традыцыі, але ў новых умовах і з новымі мэтамі".
«Спосаб пазбавіцца ад нязручных людзей»
Павел Сапелка адзначае, што такое "вызваленне пад умовай выезду" з'яўляецца не актам гуманнасці, а інструментам палітычнага ціску.
"У гэтай з’явы ёсць назва – дэпартацыя. Дэпартацыя, асабліва ў палітычным і крымінальным кантэксце, — гэта не проста прымусовы выезд з краіны. Гэта сур'ёзнае парушэнне правоў чалавека, якое цягне за сабой глыбокія асабістыя, прававыя і палітычныя наступствы.
Гэта спосаб пазбавіцца ад нязручных людзей, выключыць іх з унутранага грамадска-палітычнага жыцця. Варта падкрэсліць, што прымусовая дэпартацыя – гэта і выцісканне грамадзян іх краіны пад пагрозай катаванняў і адвольнага пазбаўлення волі, такіх людзей – сотні тысяч. Але сёння мы спынімся ў асноўным на тых, хто па розных прычынах не выехаў да таго, як трапіў пад рэпрэсіі, прайшоў праз катаванні, забароненае абыходжанне і турмы – і быў прымусова выдвараны са сваёй краіны".
Праваабаронца "Вясны" падкрэслівае, што гэта з'яўляецца комплекснай формай палітычнага пераследу:
"Мы гаворым пра вымушаную дэпартацыю, якая суправаджаецца шантажом, псіхалагічным ціскам і пагрозамі. У праваабарончай практыцы гэта можа разглядацца як выгнанне пад прымусам — з адсутнасцю вольнага выбару заставацца на Радзіме. Такая практыка цалкам укладваецца ў азначэнне палітычнага пераследу".
Чаму важна пра гэта казаць?
Некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху паддаюцца ілюзіі, быццам такія «вызваленні» — прыкмета дамоваздольнасці рэжыму ці яго «чалавечнасці». Але насамрэч мы бачым сістэмную палітыку знішчэння суб'ектнасці чалавека; ціск, шантаж і вярбоўку; гвалтоўнае выцясненне і ізаляцыю былых зняволеных; спробу разбурыць сеткі ўзаемадапамогі і салідарнасці, звяртае ўвагу ініцыятыва dissidentby.
Калі правесці мысленны эксперымент і ўявіць, што падобным «вызваленням» падвергнуцца ўсе палітычныя зняволеныя, то з улікам бесперапынных рэпрэсій і ўсё новых людзей, якія трапляюць у турмы, спатрэбілася б невялікая выспа або тэрыторыя памерам з кампактная дзяржава, каб размясціць усіх, каго рэжым Лукашэнкі вырашыць перамалоць у жорнах рэпрэсіўнай сістэмы і потым гвалтоўна выправадзіць з краіны.
Падобны працэс адбываецца па-за ўсякімі юрыдычнымі рамкамі, без рашэнняў якіх-небудзь органаў і часцяком з адабраннем усіх дакументаў у «вызваленых». Яшчэ можна казаць пра «шанцаванне», калі палітвязень мае пэўную медыйнасць ці вядомы бэкграўнд — у такім выпадку грамадзянская супольнасць хутчэй падхоплівае гэтага чалавека, дапамагае яму адаптавацца ў іншай краіне, легалізавацца, атрымаць базавую падтрымку.
Але што рабіць, калі гэтая практыка распаўсюдзіцца на ўсіх палітвязняў і тысячы людзей будуць літаральна выкінутыя ў невядомасць чужой дзяржавы без дакументаў, без разумення, дзе шукаць дапамогу і да каго звяртацца?
Невялікую частку людзей перастаюць катаваць у турмах — так. Аднак на змену катаванням прыходзяць новыя знявагі і рэпрэсіі. Толькі спыненне ўсіх форм пераследу, вызваленне і поўная рэабілітацыя палітвязняў , а таксама сістэмныя змены ў Беларусі здольныя вярнуць у краіну каштоўнасць правоў чалавека.