Палітзняволенага Мікіту Самарына судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. Хронікі рэпрэсій 3 ліпеня

 «Гарадзенскай Праваабароне» стала вядома, што палітвязню Мікіту Самарыну інкрымінуюць арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да міліцыянтаў), а таксама арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

1_1097_1.png

На працэс Самарына прывезлі з штрафнога ізалятару, туды ж яго зноў адправілі пасля пасяджэння. Другое пасяджэнне па судовай справе прызначана на 8 ліпеня.

Нагадаем, пра затрыманне палітвязня стала вядома 27 сакавіка. Як паведаміла МУС, мужчыну спынілі ў Гродне — дакументаў пры ім не было, таму яму прапанавалі прайсці ў пастарунак. Беларус нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з іх руку.

Стала вядома пра вызваленне прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева

Адзін з самых таленавітых піяршчыкаў краіны, які адначасова рабіў шмат для культуры, выйшаў на свабоду 11 чэрвеня 2025 года, піша «Наша Ніва». Ён цалкам адбыўшы прызначаны чатырохгадовы тэрмін.

Мікалаю Брэдзелеву цяпер 38 гадоў

Кіраўнік упраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалай Брэдзелеў быў затрыманы 10 снежня 2021 года. Сілавікі збілі яго — суседзі па Акрэсціна казалі пра фіялетавыя ногі піяршчыка — і прымусілі прызнацца, што ён нібыта перадаваў «экстрэмістам» звесткі пра абанентаў мабільнага аператара. Кампанія А1 пасля гэта тлумачыла, што Брэдзелеў не меў доступу да інфармацыі пра кліентаў.

Абвінавачванне ў перадачы звестак дайшло да суда як «злоўжыванне ўладай» — але Брэдзелеў быў апраўданы па ім.

А вось за данаты блогеру Антон Матольку прэс-сакратара А1 асудзілі на чатыры гады калоніі. Прычым праект Матолькі стаў «экстрэмісцкім фармаваннем» ужо пасля арышту Брэдзелева.

Мікалай адбываў пакаранне ў калоніі №22 Ваўчыныя норы пад Івацэвічамі.

Сталі вядомыя імёны чатырох палітзняволеных жанчын, вызваленых па папярэднім памілаванні

Belarus Women’s Foundation даведаўся імёны чатырох жанчын, якія выйшлі на волю 9 траўня, піша «Наша Ніва». Гэта:

48-гадовая шматдзетная маці Людміла Ліхачэўская. Яе арыштавалі 29 сакавіка 2024 года і асудзілі за «заклікі да санкцый» і «распальванне варожасці» да 2 гадоў калоніі.

65-гадовая Наталля Антонава з Гродна, якую спачатку адпраўлялі на «хатнюю хімію» за ўдзел у пратэстах. Пазней Наталлю судзілі за «паклёп на Лукашэнку», «распальванне варожасці» і адправілі ў гомельскую калонію.

67-гадовая Таццяна Макеева, якая правяла за кратамі роўна год. Яе асудзілі да 3 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах, «абразу прадстаўніка ўлады», «абразу суддзі», «абразу Лукашэнкі».

32-гадовая Карына Маліноўская, якую асудзілі за ўдзел у пратэстах, а таксама «распальванне варожасці» і «заклікі да санкцый».