Больш за 1700 палітычных затрыманняў з пачатку года. Хронікі рэпрэсій 4 ліпеня
«Вясна» апублікавала агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў чэрвені. Як з яго вынікае, яна складаная: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў пратэсных ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў.

Улады Беларусі працягваюць хаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, аднак у ПЦ «Вясна» працягваюць рэгулярна паступаць даныя аб затрыманнях і пераследзе па палітычных падставах.
З пачатку года вядома пра больш за 1 700 затрыманняў, гэта толькі частка сістэматычных і шырока распаўсюджаных рэпрэсій па палітычных матывах.
Агулам «Вясне» вядома пра больш за 7 116 асуджаных (у тым ліку 33 былі накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года.
Нягледзячы на тое, што з калоній вызваляюцца палітвязні ў сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на канец чэрвеня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 164 палітвязняў (з іх 169 — жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 29 чалавек.
Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 3 945 чалавек. 2807 чалавек, з якіх 578 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання.
Між тым, сярод палітвязняў застаюцца тыя, хто пазбаўлены волі ўжо больш за пяць гадоў.
*****
21 чэрвеня пры пасрэдніцтве амерыканскай дыпламатыі былі вызваленыя 11 палітвязняў, уключаючы журналіста Ігара Карнея, апазіцыйнага палітыка і блогера Сяргея Ціханоўскага, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, навукоўцу Наталлю Дуліну і некалькіх замежных грамадзян, асуджаных па палітычных матывах; пасля вызвалення ўсе яны былі дэпартаваныя з Беларусі.
*****
Працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у чэрвені «Вясна» зафіксавала 67 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у т.л. затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.
Працягваюцца затрыманні па крымінальных справах, звязаных з уцечкай у лютым 2025 года даных з чата, куды бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн» перанакіроўваў паведамленні ад людзей з Беларусі: па стане на канец чэрвеня вядома ўжо пра 26 чалавек, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і гэта толькі частка фігурантаў справы. Вядомы першы прысуд па гэтай справе — чатыры гады пазбаўлення волі атрымаў Віталь Чавусаў. Усяго за перадачу даных гэтай ініцыятыве за перыяд з 2022 года было асуджана як мінімум 40 чалавек. Таксама было вынесена некалькі дзясяткаў адвольных прысудаў за перадачу інфармацыі пратэсным медыя.
*****
Па-ранейшаму застаюцца ў няволі мінімум 164 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы, несумяшчальным са знаходжаннем у няволі: з цяжкімі захворваннямі, непаўналетнія, шматдзетныя, з сямейнымі цяжкасцямі або на прымусовым псіхіятрычным лячэнні.
*****
У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум восем палітвязняў: Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Аляксандр Францкевіч, а таксама з 13 мая — Мікіта Самарын.
*****
Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана са спыненнем доступу да раскладу судоў — адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе.
*****
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых форм недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах.
*****
Рэгулярна папаўняюцца спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», «экстрэмісцкіх» фармаванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій.
У чэрвені было вынесена 75 судовых рашэнняў па прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Усяго з пачатку года такіх рашэнняў адбылося 829. За аналагічны перыяд мінулага года было вынесена 722 судовыя рашэнні.
Падпіскі, рэпост, перасылкі і рэакцыі на матэрыялы з спісу прыраўноўваюцца да захоўвання і распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта выкарыстоўваецца як падстава пераследаваць людзей па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях з прызначэннем арышту або буйнога штрафу.
Тры пункты дададзеныя ў спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў». У цяперашні час гэты спіс уключае 296 суб'ектаў. Іх дзейнасць забаронена, а стварэнне, удзел і любое ўзаемадзеянне з імі крыміналізавана. За бягучы год экстрэмісцкімі прызнаныя 39 суб'ектаў, за той жа перыяд мінулага года іх было 54.
У спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, у чэрвені ўключылі 124 чалавекі. За 2025 год у спіс дададзена 658 чалавек. За першае паўгоддзе мінулага года іх было 537. Агулам з канца сакавіка 2022 года ў спіс унесена 5 466 чалавек.
Такім чынам, рэпрэсіўныя практыкі не слабеюць, а па многіх паказчыках наадварот набіраюць сілу. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць пра якое-небудзь змякчэнне або паслабленне палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі.