У Беларусі сталі актыўней судзіць за ўдзел у пратэстах. Хронікі рэпрэсій 7 ліпеня
Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю, што ў апошнія месяцы сталі актыўней прад'яўляць абвінавачванні паводле «народнага» арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта звязана з тым, што хутка міне 5 гадоў з моманту акцый пратэсту, а значыць скончыцца тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле гэтага крымінальнага артыкулу, пасля чаго іх удзельнікаў нельга будзе асудзіць.

Вядома, што судовыя справы паводле арт. 342 КК апошнія тыдні пастаўленыя амаль на канвеер. Але варта звярнуць увагу, што працягнецца пераслед паводле арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
У Мінску сарвалі вечарыну памяці Ларысы Геніюш
У мінскай галерэі «Парасон» на вуліцы Дразда 8 ліпеня мелася адбыцца вечарына, прысвечаная беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Пра яе жыццёвы і творчы шлях меўся расказаць паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла.
Аднак вечарына выклікала пільную ўвагу прапагандыстаў, піша Еўрарадыё. На яе ў сваіх тг-каналах абрынуліся Рыгор Азаронак, Людміла Гладкая, Вадзім Гігін, Вольга Бондарава ды іншыя. Праз нейкі час Азаронак з задавальненнем канстатаваў, што абвестка пра вечарыну знікла.
Ларыса Геніюш уваходзіла ў Раду БНР, у 1943 годзе была прызначаная генеральным сакратаром урада БНР. Хаця яна ніколі не была грамадзянкай СССР, у 1948 годзе чэхаславацкія ўлады арыштавалі Геніюш разам з мужам і перадалі ў СССР. Перад гэтым іх пазбавілі чэхаславацкага грамадзянства, якое пасмяротна вярнулі толькі ў 2024 годзе. У СССР Ларыса Геніюш была асуджаная на 25 гадоў зняволення. Была вызваленая ў 1956 годзе, пасля чаго разам з мужам жыла ў Зэльве.
Геніюш не была рэабілітаваная ні ў канцы 1980-х, ні ў незалежнай Беларусі. Некалькі гадоў таму прапагандысты пачалі новы крыжовы паход супраць памяці паэткі. Каля царквы ў Зэльве быў прыбраны помнік, пастаўлены з дабраславення мітрапаліта Філарэта.
Блогерку з Мазыра асудзілі да калоніі за ўдзел у пратэстах
За пратэсты асудзілі блогерку з Мазыра
Як стала вядома @MAYDAYMog, палітзняволеную блогерку і актывістку Паліну Зыль асудзілі паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе ён прызначылі адзін год калоніі.
Вядома, што ў 2020 годзе дзяўчына падтрымала пратэсты, адбывала адміністрацыйны арышт.
Паліна была затрыманая ў лютым 2025 года.
Шосты год Беларусь займае апошняе месца ў Індэксе забароны катаванняў на постсавецкіх краінах
Рабочая група па барацьбе з катаваннямі Платформы «Грамадзянская салідарнасць», у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з шасці краін рэгіёну АБСЕ (Арменія, Беларусь, Казахстан, Малдова, Расія і Украіна), прадставіла штогадовыя вынікі вымярэння Індэкса забароны катаванняў у гэтых краінах.
Шосты год Беларусь займае ў ім апошняе месца.
«Адмоўнымі лідарамі Індэкса забароны катаванняў, як і ў папярэднія гады, працягваюць заставацца Беларусь і Расія. У абедзвюх краінах за 2024 год не назіралася ніякая станоўчая дынаміка, паказчыкі Індэкса застаюцца вельмі нізкімі, па Беларусі выніковая лічба знізілася на 1,19 пункта, па Расіі — на 1,72 пункта».
У Мазыры жанчыну затрымалі на выхадзе з анкадыспансера
Як піша «Гомельская Вясна», 25 чэрвеня затрымалі пацыентку анкалагічнага дыспансера ў Мазыры Ірыну Левіну. На выхадзе з дыспансера жанчыну затрымалі некалькі чалавек у поўнай экіпіроўцы і з дручкамі. На вачах пацыентаў і медперсанала анкадыспансера яе змясцілі ў мікрааўтобус.
Вядома, што жанчына ў цяперашні час праходзіла хіміятэрапію. На 30 чэрвеня ёй прызначалі чарговую працэдуру хіміятэрапіі. Адсутнасць належнага лекавання можа прывесці, у тым ліку і да смерці пацыенткі. Жанчына мае малалетняе дзіця.
Як удалося высветліць праваабаронцам, Ірыну затрымалі ў сувязі з нейкай палітычна матываванай справай. Верагодна, затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая. Паводле апошняй інфармацыі, жанчыну змясцілі ў СІЗА ў Гомелі.