Аб'яднаны Пераходны Кабінет прызнаны ў Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй». Хронікі рэпрэсій 9 ліпеня
Адпаведнае рашэнне было прынятае Вярхоўным судом па заяве генпракурора Андрэя Шведа.

«Удзельнікі кабінету на рэгулярнай аснове арганізуюць зборы грошай, закупляюць сродкі паражэння і іншую маёмасць у інтарэсах тэрарыстычнай арганізацыі — палка імя Кастуся Каліноўскага, тым самым яны непасрэдна фінансуюць тэрарыстычную дзейнасць. Устаноўленыя факты датычнасці сяброў фармавання і да функцыянавання тэрарыстычнай арганізацыі ByPol», — такую заяву Генпракуратура выпусціла яшчэ ў красавіку, піша Свабода.
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі быў створаны ў жніўні 2023 году. Як тады заявіла яго кіраўніца Святлана Ціханоўская, адной з мэтай АПК будзе абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі. А таксама распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных перамен у Беларусі.
«Экстрэмісцкай» прызналі старонку польскага прафесійнага фатографа, які здымае беларускія акцыі і міграцыйны крызіс на мяжы
Гаворка пра Instagram-старонку «michalkosc», якая мае больш за 600 падпісантаў. Як пазначана ў апісанні, Міхал — член Асацыяцыі польскіх мастацкіх фатографаў, фатограф Польскага агенцтва фатографаў FORUM. На яго старонцы, сярод іншага, фотаздымкі з беларускіх акцый салідарнасці ў Польшчы, а таксама міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. Рашэнне аб прызнанні старонкі «экстрэмісцкай» прыняў суд Пухавічскага раёну 8 ліпеня.
Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:
Instagram старонкі «sherry15_», «v_itali_ty», «denis.vetoshkin», «shine_safronova»;
Старонка ў «Аднакласніках «Иваново»;
Старонкі ў TikTok «Алексей Романов», «Голос Ваканды».
Лідара гурта «Палац» Алега Хаменку прызналі палітычным зняволеным
Алег Хаменка — вядомы музыка, выкладчык і радыёвядоўца, які быў затрыманы ў чэрвені. Як цяпер вядома, у дачыненні да яго распачатая крымінальная справа за супрацу з незалежным беларускім медыя, якое знаходзіцца ў спісе гэтак званых «экстрэмісцкіх фармаванняў» (канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса на дадзены момант невядомы).
«Праваабарончая супольнасць Беларусі неаднаразова адзначала, што антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі краіны для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці і іншадумства. МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы. Экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя і 38 СМІ і медыя-арганізацый. Гэта адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх супрацоўнікаў, удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на свабоду асацыяцый і свабоду выказвання меркаванняў», — гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.
Рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Алега Хаменкі з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

Алег Хаменка, архіўнае фота
105 «выйшлі», 167 «зайшлі». Ці зменшылася колькасць палітвязняў у Беларусі за сем хваляў памілавання з пачатку году?
З 18 студзеня ў Беларусі адбыліся сем хваляў памілавання палітзняволеных — агулам было вызвалена 105 чалавек. Апошняя на сёння частка памілаваных, паводле праўладных крыніц, выйшла на волю 2 ліпеня.
За гэты час праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла 20 заяваў аб наданні новым фігурантам крымінальных палітычных спраў статуса палітвязень — з 21 студзеня па 30 чэрвеня такі статус атрымалі 167 чалавек. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўросту і сацыяльнага статуса, якія абвінавачваюцца па шэрагу палітычных артыкулаў.
Такім чынам, са студзеня на волю па памілаванні выйшлі 105 палітвязняў, а 167 іншых чалавек атрымалі статус палітычнага зняволенага.