Брата Ігара Лосіка асудзілі па справе «Беларускага Гаюна». Хронікі рэпрэсій 8 ліпеня
25-гадовага Мікіту Лосіка — брата палітзняволенага Ігара Лосіка — асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ («хіміі») паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Мікіту вызвалілі ў зале суда.

Як мяркуецца, Лосік быў затрыманы ў красавіку за нібыта перасылку некалькіх фатаграфій перамяшчэння ваеннай тэхнікі ў 2022 годзе Telegram-каналу «Беларускі Гаюн».
Дом палітзняволенага пенсіянера Васіля Дземідовіча прадалі з аўкцыёну
За дом хацелі атрымаць 6280 рублёў. У выніку знайшлося двое жадаючых набыць нерухомасць, яны перабівалі стаўкі адзін аднаго. У выніку дом купілі за 10393,4 рубля, піша «Люстэрка».
Гэта ўжо чацвёртая спроба прадаць нерухомасць на аўкцыёне. Першапачаткова за дом хацелі выручыць 15 700 рублёў, але не знайшлося жадаючых яго набыць.
73-гадовага Васіля Дземідовіча судзілі як мінімум 9 разоў паводле палітычных крымінальных спраў. Апошні судовы працэс адбываўся ў лютым у судзе Смалявіцкага раёну. Агулам пенсіянера асудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх чатырох судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць амаль тры гады.
Палітзняволены Максім Урбановіч не абскардзіў прысуд — яго этапуюць у калонію
Максім Урбановіч, брат беларускага добраахвотніка з палка Каліноўскага Дзяніса Урбановіча, вырашыў не абскарджваць прысуд — паўтара года пазбаўлення волі — і чакае этапу ў калонію, паведаміла «Позірку» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
27 чэрвеня суд Заводскага раёна Мінска за адзін дзень разгледзеў крымінальную справу палітвязня Максіма Урбановіча, узбуджаную паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Чакаецца, што Урбановіч будзе этапаваны ў калонію на наступным тыдні. Але ў якую менавіта калонію, пакуль невядома.
Пра яго затрыманне стала вядома 2 красавіка. Адзначалася, што кватэру, у якой Максім Урбановіч пражываў са сваёй дзяўчынай, пасля ператрусу апячаталі. Спачатку Урбановіча ўтрымлівалі ў следчым ізалятары КДБ, а затым перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах (Мінскі раён).
Сілавікі масава затрымліваюць беларусаў, што трапілі ў кадры дакументальнага фільму пра пратэсты
Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра тое, што ў Беларусі апошнім часам масава ідуць затрыманні людзей паводле «народнага» арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Як кажуць самі сілавікі людзям, нагодай для затрыманняў стаў польскім дакументальны фільм пра пратэсты, дзе ёсць незаблюраныя твары ўдзельнікаў акцый.
Сілавікі працягваюць ідэнтыфікаваць беларусаў, што ўдзельнічаюць у акцыях салідарнасці за мяжой
Праваабаронцам вядома пра новыя выпадкі пераследу беларусаў, што жывуць за мяжой, але ўдзельнічаюць у вулічных акцыях, звязаных з нашай краінай. У дачыненні да такіх людзей распачынаюць крымінальныя справы і накладаюць арышт на іх маёмасць, што ёсць у Беларусі.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» польскі сайт «Kresy24.рl»
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 1 ліпеня. «Экстрэмісцкім» таксама прызналі лагатып сайту і любы візуальны матэрыял, які мае тэкст «Kresy24.рl».
Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:
Telegram-каналы і чаты «Беларуская Академiя. Пытаннi i адказы», «Батальён "Палессе"»;
Instagram старонкі «moondragon_wkad», «neza.budem», «denismatrixon», «сheshirskii_kot», «maryna.pr_», «аlleko83», «интернет-магазин группы "ДД"», «Этнацэнтр "Свiтанак"»;
Старонка ва «Укантакце» «Анархический Черный Крест-Беларусь»;
Старонкі ў «Аднакласніках «Alena», «Лилия Ахремчик», «ХАЙ ТАК TV»;
Старонка ў TikTok «Stylski_dd».