У Мікашэвічах арыштаваны прадпрымальнік. Меркавана, за падтрымку Украіны. Хронікі рэпрэсій 10 ліпеня

З 18 чэрвеня перасталі працаваць крамы 52-гадовага мікашэвіцкага прадпрымальніка Андрэя Арла, дзе прадаваліся дзіцячыя цацкі, адзенне, ровары і іх рамонт. Прычынай прыпынення працы стаў арышт уладальніка крамаў, піша Вясна.Брэст.

1_1097_1.png

Па даных праваабаронцаў, цяпер Арол знаходзіцца ў СІЗА-7 Берасця. А прычынай арышту стаў ці то лайк, ці то каментар у інтэрнэце пасля нападу Расіі на Украіну.

На сайце ініцыятывы dissidentby з'явіўся раздзел з датычнымі да рэпрэсій над палітвязнямі

На dissidentby.com (stayrebel.fun — працуе без VPN) з'явіўся асобны раздзел з датычнымі да рэпрэсій над палітзняволенымі.

Тут можна знайсці звесткі пра суддзяў і дзяржаўных абвінаваўцаў, следчых, турэмных наглядчыкаў, а таксама іншых супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы.

Калі націснуць на картку канкрэтнага(-ай) суддзі, можна ўбачыць спіс палітвязняў, у дачыненні да якіх ён або яна вынеслі карныя прысуды. На картцы кожнага палітвязня таксама пазначаюцца ўсе датычныя да яго/яе рэпрэсій.

У турмах Беларусі працягваюць прыгнятаць зняволеных вернікаў 

Праваабарончая арганізацыя Forum 18 апублікавала новую справаздачу аб парушэннях свабоды сумлення ў беларускіх турмах. Заснаваны ён на апавяданнях чатырох палітвязняў, вызваленых і высланых у Літву 21 чэрвеня, а таксама на маніторынгу Хрысціянскай Візіі, прысвечаным свабодзе рэлігіі для пераследуемых па палітычных матывах.

Права на вызнанне веры фактычна абмежавана праваслаўнай службай — і нават туды палітвязняў пускаюць далёка не заўсёды. "Бог можа клікаць цябе ў царкву, але вырашае турэмная адміністрацыя», — кажа журналіст Ігар Карней. Сведкі кажуць аб сістэматычных адмовах у доступе да службаў, споведзі, духоўнай літаратуры. Прадстаўнікам іншых канфесій — каталікам, пратэстантам, мусульманам — візіты святароў забараняюць або ігнаруюць іх просьбы.

Так, Сяргею Ціханоўскаму, праваслаўнаму верніку, не дазволілі ні спавядацца, ні прычасціцца за больш чым пяць гадоў зняволення. У шклоўскай калоніі каталіку прапанавалі перайсці ў праваслаўе, каб трапіць у храм. Біблію можна атрымаць толькі праз бібліятэку, але зняволеным дазволена толькі адна кніга, і толькі з загадзя зацверджанага праваслаўнага спісу. За цікавасць да Карану зняволенага пакаралі.

Forum 18 падкрэслівае, што такія абмежаванні парушаюць не толькі беларускія законы, але і міжнародныя нормы — у прыватнасці, правілы Мандэлы. Адміністрацыі калоній адмаўляюцца каментаваць сітуацыю.