Выйшлі на сябе. Сілавікі раскрылі сутнасць прысуду прэс-сакратару «A1» і фактычна прызналі фабрыкацыю справы

ГУБАЗіК раскрыў падрабязнасці справы Мікалая Брэдзелева. Гэта дазволіла пабачыць, як фальсіфікуюцца палітычныя справы, піша «Н*ша Ніва».

bredzelei_891_kamv1.jpeg

Пасля таго, як былому прэс-сакратару «A1» Мікалаю Брэдзелеву абвясцілі прысуд (чатыры гады калоніі), сілавікі вырашылі раскрыць падрабязнасці справы.

Згодна з гэтай інфармацыяй, яму ставілі ў віну арт. 361-2 («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання») за тое, што блогер Антон Матолька на сваім канале піярыў «A1» і быў знаёмы з Брэдзелевым. Адбывалася гэта ў перыяд са жніўня па снежань 2020 года. Праўда, тут ёсць два нюансы.

Першы ў тым, што на той момант канал «М*толькоПомоги» не быў прызнаны ані экстрэмісцкім фарміраваннем (канал прызналі такім 17 сакавіка 2022 года), ані нават экстрэмісцкімі матэрыяламі (ён з'явіўся ў гэтым спісе 20 сакавіка 2021 года).

Гэта значыць, фактычна, закону надалі зваротную сілу.

У цяперашнім беларускім заканадаўстве да «экстрэмісцкай» патрапляе любая дзейнасць, крытычная адносна ўлады Лукашэнкі.

У саміх рэкламных допісах няма нічога крымінальнага: там блогер расказвае пра новыя праекты «A1» і час ад часу троху «накідвае» на канкурэнтаў кампаніі.

Такім чынам, быццам бы «A1» фінансавала «экстрэміста» Матольку.

Другі нюанс: ніводная з дамоваў, апублікаваных у канале сілавікоў, не была падпісана ўласна Брэдзелевым. Матолька заключаў кантракт з PR-кампаніяй «Сетэ Студыя», якая, уласна, і была нанята для піяру «А1».

photo_2022_10_24_15_19_371_ibek6.jpg

Паколькі суд быў закрытым, дэталі яго невядомыя.

Мікалай Кірылюк, прававы дарадца Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва эмацыйна пракаментаваў гэту справу:

«Галоўная рэч у тым, што Мікалая Брэдзелева ўвогуле не мусілі затрымліваць. Няма розніцы ў прававым сэнсе, прызнана нейкая супольнасць экстрэмісцкім фарміраваннем ці не — гэта палітычны пераслед.

І сам гэты закон не прававы. Заканадаўства, датычнае экстрэмісцкіх фарміраванняў, створана выключна для пераследу праціўнікаў дзеючай улады. Яно супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным прававым актам у галіне правоў чалавека, якія Беларусь падпісала, і любы міжнародны суд апраўдаў бы Брэдзелева».

Нагадаем, Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня 2021 года. Падчас затрымання яго катавалі, а пасля выклалі ягоныя інтымныя фота ў праўладныя каналы.

Гэта не першы выпадак, калі законам фактычна надаюць зваротную сілу. Артыкул 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім») не раз выкарыстоўвалі, каб адправіць у калонію журналістаў.

Так, фрылансера Андрэя Кузнечыка асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за супрацу з «Радыё Свабода». Журналіста затрымалі 25 лістапада 2021 года, медыя прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем толькі праз месяц пасля гэтага (23 снежня).

Галоўрэду БелаПАН Ірыне Леўшчынай прысудзілі 4 гады калоніі. Яе арыштавалі 18 жніўня 2021-га, агенцтва прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем толькі 1 лістапада.

3 лістапада 2021 года ў той жа спіс унеслі Белсат. Журналістку Ірыну Слаўнікаву, якую затрымалі за пару дзён да гэтага, асудзілі ў тым ліку па артыкуле 361-1 на 5 гадоў калоніі.

Пад гэты артыкул падганяюць і прысуды актыўным грамадзянам. Так, у сакавіку мінулага года затрымалі маці пяці дзяцей Вольгу Залатар. Сярод абвінавачванняў — стварэнне чатаў «Ждановічы сёння», «Ждановичи 2020 — клуб любителей песен Цоя», якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі толькі праз 7 месяцаў пасля арышту жанчыны (у спіс МУС чаты ўнеслі 22 кастрычніка 2021-га).