Беларусь, якая чакае. Паўночнае сузор’е (ФОТА)
Калі мы ўбачылі чарговую параду-замову аднаго з чытачоў, то амаль аднагалосна выдыхнулі: «Нарэшце!» Наведванне гэтых мясцінаў даўно было ў планах, але нешта ўвесь час перашкаджала — час, надвор’е, нейкія іншыя справы. Але ж нарэшце ўсе зоркі супалі і можна пачынаць нашае доўгачаканае падарожжа на поўнач Беларусі. Паехалі!
Нават дождж з раніцы не здольны сапсаваць настрой, бо гэта прыродная з’ява ў нашых рэаліях успрымаецца ўжо як нейкі неад’емны элемент лета-2025. Тым больш, што некалькі дзён мы пільна сачылі за прагнозамі на тэрыторыі, што нас цікавіла, і таму ўпэўненыя ў сённяшней прыроднай добразычлівасці. Так і адбылося — праз першую сотню кіламетраў хмары пачалі знікаць, а праз другую ўжо нічога не нагадвала аб мокрым пачатку вандроўкі. За вокнамі аўтамабіля прамільгнуў шчыт з папярэджаннем аб памежнай зоне, і праз некалькі хвілінаў перад намі паўстае сапраўдны цуд і прыгажосць. Нарэшце мы тут!
Сар’я і абрысы гэтага храму вядомыя далёка за межамі Беларусі. Амаль ніводны агляд турыстычных цікавостак ці выбітных помнікаў архітэктуры нашай краіны не абыходзіцца без згадвання царквы Успення Прасвятой Божай Маці. «Якая царква? Не можа быць! Гэта ж касцёл!» — менавіта так у розных варыяцыях рэагуе абсалютная большасць турыстаў і нават беларусаў. І яны маюць рацыю — храм у Сар’і спачатку сапраўды будаваўся як касцёл. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя маладая жонка мясцовага шляхціца Ігнація Лапацінскага заўчасна пайшла з жыцця, і ля магілы ён вырашыў пабудаваць касцёл, які стаў бы вечным напамінам пра яе прыгажосць. Будаўніцтва доўжылася больш за чатыры гады, і ў 1857-м касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі зрабіў мары Ігнація Лапацінскага рэальнасцю. Існуе версія, што падчас будавання нейким чынам высветлілася, што Лапацінскі ніяк не ўзгадніў гэтую справу з уладамі, якія менавіта ў тыя часы праводзілі вялікую антыкаталіцкую кампанію. У выніку Ігнаці ледзьве не трапіў у Сібір, але сумнавядомы генерал-губернатар Мураўёў замяніў ссылку на буйны штраф. Ну а пасля паўстання 1863 году шанцаў ў «каменных карункаў» не засталося ўвогуле, і ў 1865 годзе касцёл быў канфіскаваны ўладамі і перададзены ў праваслаўе. Матывацыя прычын канфіскацыі храму была выбітна цынічнай — «за хараство»!
За савецкім часам храм працаваў да 1935 году, а пасля выкарыстоўваўся як сховішча хімікатаў і ўгнаенняў. У сярэдзіне 1980-х мясцовы «бізнесмэн» нават спрабаваў зрабіць у будынку бар з дыскатэкай і пачаў пераабсталяванне, але справа спынілася, і ў 1989 годзе «каменны дыямент» перадалі каталікам. А менш чым праз год улады змянілі сваё рашэнне і шматпакутны храм ізноў стаў праваслаўным. Толькі ў пачатку 2000-х пачалася ягоная рэстаўрацыя, якая доўжылася больш за 10 год. Цяпер ля царквы месціцца помнік святым Пятру і Фяўронні, якія ў праваслаўных лічацца заступнікамі сям’і і шлюбу. Трапіць унутр у нас не атрымалася і нават свабоднага ўваходу на тэрыторыю ля храму няма, але побач з ім на месцы фамільных могілак роду Лапацінскіх стаіць камень з крыжом і прыгожая невялікая алея. Туды і пойдзем!
Час бяжыць і мы рушым далей. Не дарма гэтыя месцы клічуць «жураўлінымі» — не праходзіць і дзясятка хвілінаў, як вострае вока нашага фатографа недзе далёка заўважае жураўліную чараду, якая штосьці вельмі ўважліва даследвае на полі. Некалькі кадраў і мы хутка даязджаем да вёскі Росіца, на ўскрайку якой стаіць амаль зруйнаваная званіца Свята-Еўфрасіннеўскай царквы. Драўляная ўніяцкая царква з’явілася ў Росіцы ў 1778 годзе і была пабудавана на грошы мясцовага шляхціца Мікалая Лапацінскага (дзеда Ігнація, якога мы вышэй згадвалі). У 1866 годзе яе разбурылі і на гэтым месцы пабудавалі мураваны праваслаўны храм. Сёння ад яго засталася напаўразбураная званіца — Свята-Еўфрасіннеўская царква была зруйнавана ў 1935 годзе падчас бальшавіцкай барацьбы з рэлігіяй. Такая вось грымаса лёсу — можа не трэба было чапаць стары ўніяцкі храм?
Але ж першапачатковая мэта наведвання Росіцы — прыгожы касцёл Найсвяцейшай Тройцы, пабудаваны напачатку ХХ стагоддзя. Стары драўляны храм быў пабудаваны ў Росіцы ў тым жа 1778 годзе па фундацыі таго ж Мікалая Лапацінскага і цягам часу ўжо стаў непрыдатным для набажэнстваў. Новы касцёл будаваўся з цэглы сар’янскага заводу, і існуе паданне, што цагліны перадаваліся па жывым ланцугу ад Сар’і да Росіцы. У савецкі час касцёл стаяў зачыненым. Да сярэдзіны 1930-х гадоў вежы касцёлу былі нашмат вышэйшымі ды нават бачнымі з Польшчы. З гэтай нагоды савецкія ўлады вырашылі іх знішчыць, бо, на іх думку, вежы маглі быць выкарыстаны для наводкі артылерыі.
Падчас нямецкай акупацыі ў гады Другой Сусветнай вайны касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў адчынены і менавіта з ім звязана адна з самых жахлівых старонак гісторыі не толькі Росіцы, але і ўсёй Беларусі. У лютым 1943 году фашысты цягам некалькіх дзён зганялі ў памяшканне касцёлу жыхароў Росіцы ды іншых вёсак — карная аперацыя «Зімовае чараўніцтва» прадугледжвала стварэнне 40-кіламетровай зоны без аніводнай вёскі і аніводнага чалавека. З касцёлу дазвалялася выхадзіць толькі мясцовым святарам Антонію Ляшчэвічу і Юрыю Кашыры, якія здабывалі ежу і ваду для людзей. Праз некалькі дзён акупанты прапанавалі святарам пакінуць касцёл, але яны адмовіліся. І былі спалены жыўцом ў стайні на другім беразе возера разам з яшчэ 1526 жыхарамі Росіцы і навакольных вёсак. На месцы гэтай жудаснай расправы цяпер стаіць мемарыяльны знак. Штогод у лютым і жніўні тысячы пілігрымаў наведваюць Росіцу і праходзяць гэты непрацяглы апошні шлях святароў і вернікаў каб ушанаваць іх памяць. Антоні Ляшчэвіч і Юрый Кашыра былі беатыфікаваныя ў 1999 годзе як святыя пакутінікі. А касцёл Найсвяцейшай Тройцы пасля вайны быў і клубам, і сховішчам, і млынам, пакуль яго ў 1990 годзе не аддалі вернікам. У 2000 годзе завяршылася ягоная рэстаўрацыя, і сёння касцёл не зачыняецца ніколі, нават ноччу.
Працягваем нашу вандроўку і спяшаемся на самую мяжу з Латвіяй. Спяшаемся, бо на даляглядзе ўжо пашыхтаваліся чорныя хмары і трэба паскорыцца, каб не трапіць пад залеву. Нам шанцуе і мы высаджваемся ў Друі ля касцёлу Найсвяцейшай Тройцы калі хмары пакуль разважаюць, ці вартыя гэтыя валацугі добрага асвяжальнага дажджу альбо пачакаць яшчэ. Касцёл у Друі быў пабудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя на сродкі Казіміра Льва Сапегі і належыў ордэну бернардынаў.

Падчас Другой Сусветнай вайны касцёл моцна пацярпеў ад пажару, калі ў яго трапіла авіябомба. У пасляваенны час у будынку храму і рэштках бернардынскага кляштару месціўся тэхнікум і вучэльня, а ў 1990 годзе комплекс аддалі вернікам, і дагэтуль там ідуць рэстаўрацыйныя работы. Падчас нашага візіту касцёл быў адчынены, і ў нас атрымалася на свае вочы ўбачыць прыгажосць ягонага ўнутранага аздаблення, частка якога захавалася з часоў будавання.
Хмары чакалі нас цягам усёй нашай экскурсіі, і мы вырашылі яшчэ крыху пашпацыраваць вакол касцёла. Яны ж чакалі і было б зусім не ветліва так проста з’ехаць, не зрабіўшы некалькі фота з імі.
Пераканаўшыся ў тым, што яны назаўсёды застануцца ў сусветнай лічбавай прасторы, дзякуючы нашаму фатографу, хмары пачалі кудысьці спяшацца. Мы вырашылі завітаць да сядзібнага парку Сапегаў, які пазначаны на ўсіх турыстычных мапах. Тым больш, што гэта зусім побач з касцёлам. На самой справе тое, што мы ўбачылі, да Сапегаў, на нашу думку, аніякага дачынення не мае. Так, у сярэдзіне XVII стагоддзя Сапегі не толькі пабудавалі тут бернардынскі кляштар і касцёл, але і аднавілі Друйскі замак з валам і дзвюма брамамі, але ж напрыканцы XVIII стагоддзя ад замку амаль нічога не засталося і сведчанняў аб ягоным абліччы практычна няма. Да таго ж у 1825 годзе Сапегі прадалі частку гэтых земляў Мілашам, і вось яны як раз і маглі пабудаваць сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы на месцы замку. Тым больш архітэктура і стан гаспадарчага будынка не вельмі ўпэўніваюць нас у яго належнасці да XVII стагоддзя. Ад сядзібнага дома не засталося нічога — шклопакеты, няздарная беляніна і чырвоны жалезны дах робяць яго адной з тысячаў правінцыйных медустановаў канца ХХ стагоддзя. А вось стайня і некалькі прадметаў з адваротнага боку былога сядзібнага дому кшталту паілкі для коней дакладна памятаюць сваіх былых гаспадароў.
Рушым далей і даволі хутка спыняемся ля яшчэ аднаго былога сядзібнага дому. На гэты раз усё без здагадак і ваганняў — гэта дакладна вёска Ідолта і калісьці тут жылі чальцы роду Мілашаў. Пасля набыцця гэтых земляў у Сапег ва ўжо згаданым намі 1825 годзе Мілашы ўладкоўваліся тут даволі грунтоўна — пабудавалі сядзібу, дужыя гаспадарчыя пабудовы і капліцу-пахавальню для ўсяго роду на маляўнічым пагорку паўвыспы на возеры. У нашыя дні ў адрамантаванай сядзібе знаходіцца мясцовая адміністрацыя, і бачна, што гаспадарчыя пабудовы павольна аднаўляюцца.
Абавязкова спынімся ля капліцы-пахавальні, што будавалася амаль адразу з сядзібай Яўгенам Мілашам, які такім чынам жадаў ушанаваць памяць сваёй жонкі Эміліі. Тут былі пахаваны і сам Яўген, і шмат чальцой роду. У савецкі час пахавальню разграмілі, а рэшткі нябожчыкаў наўпрост выкінулі вонкі. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, некалькі асабліва натхнёных вандалаў гралі ў футбол чэрапам, а цягам году двое з іх раптоўна пайшлі з жыцця, патануўшы ў возеры.
Немагчыма быць у Ідолце і не спыніцца ля касцёла Маці Божай Шкаплернай! Параўнальна малады (пачаў будавацца ў 1937 годзе, а скончылася будаўніцтва ўжо падчас Другой Сусветнай вайны) храм лічыцца адзіным у стылі мадэрн на Беларусі, але ж мы трошкі не згодныя з такім меркаваннем і прыгадваем вельмі падобны касцёл Сэрца Езуса ў пасёлку Школьны на Стаўпеччыне. Да 1937 году набажэнствы праводзіліся ў бачанай намі капліцы-пахавальні МІлашаў, а потым мясцовы пробашч Станіслаў Эліяш ініцыіраваў будаўніцтва новага вялікага касцёлу.
Пасля 17 верасня 1939 году будаўніцтва на некаторы час спынілася ў сувязі с моцнай антырелігінай прапагандай з боку савецкаіх уладаў. Станіслава Эліяша затрымалі ў ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941 году і некалькі дзён трымалі ў Беразвеччанскай турме ля Глыбокага, а 26 чэрвеня расстралялі разам з іншымі вязнямі падчас спробы эвакуацыі ад наступаючых немцаў. Завяршаў будаўніцтва новы пробашч Баляслаў Грамс, і ў ліпені 1942 году касцёл быў кансэкраваны ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Грамс трымаў сувязь з партызанамі, дапамагаў Арміі Краёвай, апекаваў габрэяў ды цыган. За ўсё гэтае ён па загадзе акупацыйных уладаў быў затрыманы 8 чэрвеня 1944 году і па дарозе ў Дрысу яго застрэлілі пры спробе ўцячы. Пахаваны быў Баляслаў Грамс на могілках ля касцёлу 10 чэрвеня 1944 году, і акупанты спецыяльна сачылі за тым, каб пахаванне не было ўрачыстым.
Нам пашанцавала наведаць касцёл па заканчэнні імшы і без лішніх словаў прапануем вам далучыцца да сузірання ўнутранага хараства гэтага храму.
Надвор’е вырашыла канчаткова сапсавацца і свінцова-чорныя хмары цалкам праглынулі рэшткі сіняга небасхілу. Але ж у нас застаўся апошні пункт плану і аб тым, каб маладушна пакінуць яго невыкананым, не можа і гаворкі ісці! Ляцім у Мёры, дзе нас даўно чакае касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які быў пабудаваны ў 1907 годзе ў нашым улюбёным неагатычным стылі. Да 1832 году на гэтым месцы стаяў кляштар рэгулярных канонікаў з драўлянай капліцай, але пасля здушэння паўстання 1830 году расейскія ўлады кляштар ліквідавалі.
У 1951 годзе ўлады адабралі касцёл пад збожжасховішча, але нечакана ў 1956 яго вярнулі вернікам. Гэта ўнікальны, калі не сказаць адзіны выпадак у гісторыі. Унутр трапіць, на жаль, у нас не атрымалася, бо дзверы былі надзейна зачынены. Што ж, хуценька пагуляем ля касцёлу, падзівімся на надмагільныя пліты роду Святаполк-МІрскіх і ўвогуле на прыгожы магутны храм.
Ну, вось зараз можна і хуценька спяшацца дадому, бо надвор’е канчаткова раззлавалася і пачало паліваць нашыя сціплыя тушкі адборным халодным дажджом. Гэй там, наверсе, уключайце лета ўжо! А пакуль яны там разважаюць, мы будзем чакаць ад вас новых цікавых прапановаў. Не адкладайце на потым, бо лета пройдзе хутка. Бывайце здаровы — пішыце замовы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.