Бацька і сын Гарэцкія

7 снежня 2023 года спаўняецца 95 гадоў Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму — акадэміку, геолагу, грамадскаму дзеячу, пісьменніку, прадстаўніку знакамітага роду Гарэцкіх і Чалавеку, які сваёй шматграннай плённай дзейнасцю ўмацоўвае незалежную Беларусь.

Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 мая 1974 года. Фота: www.movananova.by/

Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 мая 1974 года. Фота: www.movananova.by/

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі — адзін з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, быў абраны акадэмікам у снежні 1928 года, калі ў Мінску нарадзіўся яго другі сынок, названы ў гонар правадыра племя радзімічаў, што жылі ў старажытнасці на ўсходзе нашай краіны. Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі — аднагодак цяперашняй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На сайце акадэміі пра Р. Г. Гарэцкага можна даведацца, што ён вучоны ў галіне геалогіі і геатэктонікі, з’яўляецца замежным членам Расійскай адэміі навук, доктарам геолага-мінералагічных навук, прафесарам, Заслужаным дзеячам навукі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР, а таксама Прэміі НАН Беларусі і Прэміі Расійскай АН, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі і іншымі адзнакамі.

Але згаданы афіцыйны сайт акадэміі не дае даведкі аб усебаковай дзейнасці нашага знакамітага сучасніка. У навуковай, навукова-арганізацыйнай, грамадскай і асветніцкай працы Радзім Гаўрылавіч прадоўжыў справы бацькі, асноўныя напрамкі якіх дзіўна супадаюць: у абодвух любімая навука геалогія, абодва былі дырэктарамі навуковых інстытутаў, абодва працавалі ў вядучых вышэйшых навучальных установах, сталі выбітнымі спецыялістамі ў прафесійнай дзейнасці, абодва — лідары Адраджэння, абаронцы незалежнасці і беларускасці роднай краіны.

Навуковыя дасягненні Р. Г. Гарэцкага ў геалогіі — тэктоніцы і геадынаміцы платформаў і радовішчаў карысных выкапняў — добра вядомы ў колах геолагаў не толькі Беларусі, але і Еўропы, і многіх краін свету. Яны адлюстраваны ў сотнях навуковых публікацый, сярод якіх фундаментальныя манаграфіі і тэктанічныя карты, створаныя на падставе тэорыі тэктонікі пліт і адмыслова распрацаванай методыкі картаграфавання структур зямной кары, матэрыялы міжнародных праектаў, даклады на сесіях Міжнароднага геалагічнага кангрэса, Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА і шматлікіх іншых форумах навукоўцаў свету і розных краін.

Навукова-арганізацыйная праца Радзіма Гаўрылавіча ў якасці дырэктара Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі ў часы яго росквіту (1977–1993 гады), калі інстытут налічваў 300 супрацоўнікаў, стваральніка, прафесара і загадчыка кафедры дынамічнай геалогіі геаграфічнага факультэта БДУ (ён вярнуў у БДУ геалагічную спецыялізацыю), віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, арганізатара і кіраўніка міжнародных навуковых праграм і нарад па тэктоніцы, не могуць не выклікаць захаплення.

Шырока вядомая і няспынная грамадская ды асветніцкая праца Р. Г. Гарэцкага як сябра Рады і Прэзідэнта Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», сябра Рады многіх грамадскіх аб’яднанняў (Таварыстваў беларускай мовы і Беларускай інтэлігенцыі, Беларускага фонду культуры, прэзідэнта Фонду імя братоў Луцкевічаў, старшыні Фонду братоў Гарэцкіх), натхняльніка і аднаго з арганізатараў штогадовых «Чытанняў братоў Гарэцкіх» і навуковых чытанняў, прысвечаных памяці Г. І. Гарэцкага, аўтара шматлікіх публіцыстычных артыкулаў у газетах і часопісах аб важных падзеях у гісторыі Беларусі і сучасным жыцці. Гэтая дзейнасць Радзіма Гаўрылавіча выяўляе яго шырокую эрудыцыю, гарачую ўвагу да пытанняў нацыянальнага развіцця Бацькаўшчыны, глыбока чалавечае, інтэлігенцкае стаўленне да людзей і праблем, якія хвалююць сучаснікаў.

З 2006 года Радзім Гарэцкі — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яго знакавыя літаратурныя творы апублікаваны значна раней за гэту дату. Сярод іх — «Шляхам адраджэння» (1997), «Ахвярую сваім «Я» (1998), «Вечна жыве Беларусь!» (2003) ды інш.

Творчасць пісьменніка Р. Гарэцкага мае трывалыя карані ў родзе Гарэцкіх: яго бабуля Еўфрасіння Міхайлаўна была бардам свайго часу, ад яе запісаны больш за 300 песень, частку якіх сама і стварыла, а дзядзька Максім Гарэцкі стаў прызнаным класікам беларускай літаратуры. Акрамя ўжо названых кніг тэма жыцця і творчасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх распрацоўваецца Р. Гарэцкім на падставе ўспамінаў родных і сяброў, розных дакументаў і асабліва эпісталярнай спадчыны Гарэцкіх у кнігах «Браты Гарэцкія» (2008), «Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Украіна» (2009), «Лісты жыцця і кахання» (2013). У гэтых кнігах Радзім Гаўрылавіч прадоўжыў апісваць гісторыю роду Гарэцкіх, якую распачаў Максім Гарэцкі ў сваёй «Камароўскай хроніцы». Дзмітрый Бугаёў адзначыў: «Кніга пра братоў Гарэцкіх напісана з такімі замілаванасцю і сардэчнасцю, што кожны, хто ўважліва прачытае яе, абавязкова адчуе самаадданасць абодвух братоў у працы дзеля Беларусі, іх чалавечае высакародства, вышыню душэўных памкненняў і вялікую таленавітасць у многіх адносінах» (прадмова да кнігі «Браты Гарэцкія»). Вельмі важным момантам у гэтых творах, якія можна аднесці да дакументальна-эпісталярных, з’яўляецца пастаянная прысутнасць самога аўтара, эпізоды яго ўласных успамінаў аб перажытым сям’ёй і ім самім. Па гэтых эпізодах узнаўляецца дзяцінства, сталенне і шлях у навуцы самога Радзіма Гаўрылавіча, яго стаўленне да бурлівых падзей нашага часу, яго чалавечыя, нацыянальныя і грамадзянскія ідэалы.

У кароткі момант даступнасці да архіваў КДБ на пачатку 1990-х гадоў Радзім Гаўрылавіч здолеў адшукаць і прачытаць справы братоў Гарэцкіх і апублікаваць гаротную праўду пра іх лёс. Радзім Гаўрылавіч здзейсніў подзвіг, вывучаючы матэрыялы следства па прысудах любым бацьку і дзядзьку, іх паказанні, пачварныя абвінавачванні і прысуды, асэнсаваў гэтыя страшныя падзеі і напісаў аб іх, перш-наперш, у кнізе, загалоўкам якой была абрана сутнасць жыццёвага крэда Максіма Гарэцкага: «Ахвярую сваім «Я» ва ймя святога ўсім нам Адраджэння». Немагчыма чытаць без душэўных пакут гэтыя аповеды і лісты ды ісці ўслед за аўтарам па крыжовай дарозе волатаў духу. А ісці павінны, бо толькі на гэтым шляху мы пазнаём Праўду.

…У 1927 годзе Г. І. Гарэцкага прызначаюць дырэктарам новага Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі імя У. І. Леніна. Праз 3,5 гады 24 ліпеня 1930 года яго, ужо акадэміка, арыштоўваюць па справе «Працоўнай сялянскай партыі», якая быццам была арганізавана прафесарамі Пятроўскай (тады Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі, а таксаме па справе неіснуючага, выдуманнага ў ДПУ «Саюза вызвалення Беларусі».

Гаўрыла Гарэцкі з жонкай Ларысай Парфяновіч-Гарэцкай. Масква, жнівень 1926 год.

Гаўрыла Гарэцкі з жонкай Ларысай Парфяновіч-Гарэцкай. Масква, жнівень 1926 год.

Р. Гарэцкі доўга вагаўся, ці варта публікаваць асабістыя лісты паміж ягонымі маці і бацькам, але сыноўні і грамадзянскі доўг перамаглі — і «Лісты жыцця і кахання» пабачылі свет. Ліставанне Гаўрылы Іванавіча і яго любай жонкі Ларысы Восіпаўны, якія большую частку свайго жыцця амаль да вяртання ў Беларусь у 1969 годзе пражылі ў разлуцы, «дапамагло выжыць і быць шчаслівымі, стварыць і захаваць добрую сям’ю, узгадаваць двух сыноў, дасягнуць вышынь у прафесійнай дзейнасці. […] Чытаючы гэтыя лісты, можна яскрава адчуць жыццё не проста адной сям’і, але і многія моманты падзей усёй краіны і свету» (Р. Г. Гарэцкі, «Лісты жыцця і кахання»).

Калі Гаўрылу Іванавіча арыштавалі, меншаму сыну было толькі паўтара гадочкі. Бацьку асудзілі да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў ссылкі ў Салаўкі. Як адукаваны спецыяліст, ён быў накіраваны на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала ў яго самай паўночнай частцы на Кольскай паўвыспе. Пачалося пакутнае, амаль на 40 гадоў, вандроўнае жыццё сям’і Гарэцкіх.

І хаця ў 1934 годзе пасля датэрміновага вызвалення Гаўрылы Іванавіча сям’я аб’ядналася, ёй можна было жыць толькі ў месцах яго зняволення ў Коле, Туломе і Мядзведжай Гары на Кольскай паўвыспе ды іншых далёкіх ад Беларусі краях. Потым былі яшчэ арышты 1937-га і самы страшны — у 1938-ым, пасля якіх Гаўрыла Іванавіч доўгі час працаваў інжынерам-геолагам на будоўлях вялікіх і малых гідраэлектрастанцый, каналаў і плацін у арганізацыях, падпарадкаваных НКУС.

Для Радзіма і яго брата Усяслава лісты бацькі ў дзяцінстве і, бадай, да канца студэнцкіх гадоў былі магутнай падтрымкай, праяўленнем бацькоўскай любові, клопату і дапамогі, выхоўвалі ў іх лепшыя чалавечыя якасці, загартоўвалі характар. У перапісцы з бацькам Радзім з 9-га класа пачаў пісаць па-беларуску, засвойваць родную мову, бо даводзілася жыць і вучыцца ў рускамоўным асяроддзі ды яшчэ ў 13-і розных школах ад Колы ў Мурманскай вобласці да Чкалаўска пад Ніжнім Ноўгарадам. Здзіўляе загадкавая сувязь бацькі і сына праз почырк, бо рукапісныя старонкі Радзіма Гарэцкага цяжка адрозніць па почырку ад лістоў Гаўрылы Іванавіча. Моцная спадчыннасць выявілася, нягледзячы на тое, што бацькі не было побач амаль усе школьныя гады.

Загартоўваўся характар Радзіма Гарэцкага і ў гады ваеннага ліхалецця, калі ён з маці, яе бацькамі і яе братавай з восені 1941 года жылі ў эвакуацыі ў сяле Вавож ва Удмурціі. Пачуццё пастаяннага голаду суправаджала Радзіма Гаўрылавіча з самага ранняга маленства і амаль усе студэнцкія гады, нягледзячы на намаганні маці і бацькі, які рэгулярна прысылаў частку свайго сціплага заробку для падтрымкі сям’і.

Напрыканцы ліпеня 1943 года сям’я з трох чалавек аб’ядналася ўпершыню за доўгі час. Да Гаўрылы Іванавіча, які жыў і працаваў у Чунжыне (пасёлак на беразе ўральскай ракі Чусавая), пераехалі з Вавожа спачатку Ларыса Восіпаўна, потым і Радзім. Старэйшы сын Славік тады працаваў токарам у Маскве на аўтамабільным заводзе імя Сталіна (ЗІС). Малодшага сына паслалі на лесапавал, але Гаўрыла Іванавіч праз некаторы час змог уладкаваць яго рабочым на геалагічнай разведцы.

Акадэмік Радзім Гарэцкі. Фота: «Радыё Свабода»

Акадэмік Радзім Гарэцкі. Фота: «Радыё Свабода»



Кніга «Академик Яншин — дорогой мой учитель и друг» (2005) напісана па-руску, бо выдавалася ў Маскве Інстытутам праблем нафты і газу РАН. Уражанне ад гэтага твора мастацкай літаратуры надзвычай моцнае і незабыўнае, бо гэта і дакументальная аповесць пра знакамітага, сусветна вядомага вучонага — геолага і даследчыка прыроды Аляксандра Леанідавіча Яншына, якім ганарацца і геолагі Беларусі, бо ён — «ліцвін са Смаленска», і цікавыя даследаванні на шляху сцвярджэння ў навуцы 1960-х гадоў новай глабальнай тэктонікі (тэктонікі пліт) і яе важнай часткі — вучэння аб маладых платформах, і пра тое, як выпускнік геолага-разведачнага факультэта Маскоўскага нафтавага інстытута Радзім Гарэцкі стаў знакамітым тэктаністам і лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Роля А. Л. Яншына ў лёсе Радзіма Гарэцкага выявілася ў запрашэнні яго працаваць у Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР. Пры заканчэнні Маскоўскага нафтавага інстытута Радзім Гарэцкі атрымаў накіраванне на працу ў Геалагічнае ўпраўленне БССР. Гэтаму былі рады і бацька, і сын, бо Гаўрыла Іванавіч тады ўжо рабіў намаганні вярнуцца на працу ў Беларусь. Была праверка ў пэўных органах як сына неаднойчы рэпрэсаванага «ворага народа»…

За час згаданай працы (1952–1971 гады) у Радзіма Гаўрылавіча ў поўнай меры развіўся талент вучонага і арганізатара. Яго надзвычайная працавітасць, звычка да напружанай працы, выдатныя веды па спецыяльнасці, адказнасць за даручаную справу, добрасумленнасць, лагодны характар у адносінах з людзьмі, але цвёрды ў прынцыповыя моманты, спрыялі поспехам і аўтарытэту ў калектыве.

У знакавым у навуковай кар’еры Радзіма Гаўрылавіча 1969 годзе яму прысудзілі званне доктара геолага-мінералагічных навук за працу «Тэктоніка маладых платформ Еўразіі», і ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.

У тым жа 1969 годзе Гаўрыла Іванавіч з Ларысай Восіпаўнай пераехалі ў Мінск (у 1954 годзе з Г. І. Гарэцкага была знята судзімасць, а ў 1958-м ён быў рэабілітаваны). У званні акадэміка АН БССР Г. І. Гарэцкі быў адноўлены ў 1965 годзе. На працу ў Беларусь Гаўрыла Іванавіч змог вярнуцца толькі праз 10 доўгіх гадоў пасля рэабілітацыі — спачатку старшым навуковым супрацоўнікам Лабараторыі геахіміі і геафізікі, а пры ўтварэнні ў 1970 годзе на базе гэтай лабараторыі Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР узначаліў аддзел геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену. Пакутлівы шлях да роднай Беларусі завяршыўся, калі Гаўрылу Іванавічу было 69 гадоў. Галоўнай мэтай жыцця і працы ў Акадэміі навук было стварэнне навуковай школы даследчыкаў, вывучэнне геалогіі і выяўленне карысных выкапняў як неабходнай падставы гаспадарчага росквіту Бацькаўшчыны. Заставалася яшчэ гарачае жаданне, каб і яго сын, ужо знакаміты геолаг-тэктаніст, таксама працаваў разам з бацькам у Беларусі. І ў 1971 годзе прэзідэнт АН БССР М. А. Барысевіч запрашае Р. Г. Гарэцкага на працу ў Мінск, у Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР. У снежні таго ж года Радзім Гаўрылавіч вяртаецца на Радзіму і ўзначальвае створаны ў інстытуце аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. У хуткім часе ён становіцца прызнаным лідарам тэктанічнай школы Беларусі і Прыбалтыкі, дырэктарам інстытута, а ў 1992-1997 гадах — віцэ-прэзідэнт НАН Беларусі.

Надмагілле Гаўрылы Гарэцкага на Паўночных могілках Мінска. Аўтар — Валяр’ян Янушкевіч. 1988 год.

Надмагілле Гаўрылы Гарэцкага на Паўночных могілках Мінска. Аўтар — Валяр’ян Янушкевіч. 1988 год.

Праца ў Беларусі адкрыла новыя перспектывы і дала магчымасць апантана служыць на карысць беларускай геалагічнай навукі, культуры і грамадства (падрабязна аб навуковай і грамадскай дзейнасці акадэміка Р. Г. Гарэцкага і калектыву тэктаністаў, геафізікаў, сейсмолагаў ды іншых спецыялістаў-геолагаў Беларусі пры ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам выдатна напісаў адзін з лідараў рэгіянальнай і нафтавай геалогіі Беларусі член-карэспандэнт Р. Е Айзберг — гл.: «Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі. Бібліяграфія вучоных Беларусі». — Мінск, 2013).

А я трымаю ў руках кнігу Радзіма Гарэцкага «Апантаны Бацькаўшчынай. Жыццёвы меланж-2», якая выдадзена ў Мінску ў 2018 годзе накладам 150 асобнікаў. Я адна з нямногіх, хто мае кнігу ды яшчэ з дарчым надпісам! Ёсць і першая кніга — «Жыццёвы меланж» (2013), наклад якой аж… 300 асобнікаў! Гэта кнігі новага жанру мастацкай літаратуры, створанага пісьменнікам Радзімам Гарэцкім. Вось як сам аўтар характарызуе гэты жанр у «Прадмове» да першай кнігі: «Жыццёвы меланж — так я называю жанр кароткіх замалёвак, міняцюр, нярэдка блізкіх да вытрымак з дзённікавых запісаў, якія тычацца розных здарэнняў, праяў, эпізодаў штодзённага жыцця і выкліканых імі пачуццяў, думак. Сюды ж трапляюць успаміны ці роздумы пра розных сяброў, знаёмых, выдатных дзеячаў літаратуры, культуры, навукі, часта звязаныя з іх юбілейнымі датамі» («Жыццёвы меланж», 2013). Аўтар тлумачыць, што геолагі ўспрымаюць меланж (ад французскага «сумесь») як назву горнай пароды, якая ўтвараецца пры стрэсавых з’явах, напрыклад, ад насоўвання з вялікай сілай аднаго блока зямной кары на другі, у выніку ў разломныя зоны трапляюць адломкі разнастайных па рэчавым складзе і па колеры парод, якія і ўтвараюць прыгожыя стракатыя адклады пад назвай меланж. І далей — глыбокая філасофская выснова: «Так у жыцці людзей уздзеянне чалавека на чалавека, адной супольнасці людзей на другую, краіны на краіну, прыродных феноменаў і самых разнастайных з’яў выклікаюць стрэсавыя сітуацыі як станоўчыя, так і адмоўныя, якія і застаюцца ў памяці чалавека. Так узнікае «жыццёвы меланж» (там жа). Як сцвярджае сам аўтар, у літаратуры жыццёвы меланж яго пачаўся з кнігі «Вечна жыве Беларусь» (2003), у якой сабраны артыкулы, выступленні, інтэрв’ю акадэміка Р. Г. Гарэцкага за пяць гадоў.

Адметнай рысай сучаснага літаратурнага жыцця ў Беларусі з’яўляецца тое, што многія выдатныя творы беларускамоўных пісьменнікаў упершыню друкуюцца за мяжой. Так здарылася і з «Жыццёвым меланжам» Радзіма Гарэцкага, «лірычная проза» якога ўпершыню пабачыла свет у беларускамоўным часопісе «Тэрмапілы», што выдаецца ў Беластоку (Польшча). У гэтым часопісе таксама публікаваліся творы Ніла Гілевіча і Анатоля Вярцінскага.

Чытаць тэксты Радзіма Гарэцкага — асалода і ўзрушанасць надзвычайна высокія, бо ў іх нанова перажываеш падзеі і з’явы, сведкамі і ўдзельнікамі якіх былі мы самі за апошнія 27 гадоў. Позірк на іх нашага знакамітага Суайчынніка, Вучонага, Інтэлігента, Чалавека высокай духоўнасці, адданага Бацькаўшчыне — невычэрпная крыніца Натхнення, Веры і Надзеі на шчаслівую будучыню Беларусі.

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі да гэтага часу плённа працуе галоўным навуковым супрацоўнікам у лабараторыі геатэктонікі і геафізікі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яго кожны дзень можна «знайсці» на працоўным месцы, абмеркаваць з ім самыя складаныя пытанні, атрымаць параду, падтрымку і дапамогу. З’яўляюцца ў друку яго навуковыя артыкулы і сумесныя манаграфіі з новымі ідэямі і канцэпцыямі, у перыядычным друку — нарысы на хвалюючыя тэмы жыцця нашай незалежнай краіны, аповеды пра знакамітых суайчыннікаў. Абдумваюцца планы і сюжэты новых кніг навуковай і мастацкай літаратуры, рэдагуюцца манаграфіі даследчыкаў Беларусі і другіх краін, чарговыя нумары часопісаў, здзяйсняецца праца па захаванні спадчыны Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, па выданні матэрыялаў штогадовых «Чытанняў братоў Гарэцкіх» (у 2018 годзе адбыліся 25-я чытанні), абмяркоўваюцца дысертацыі, якімі кіруе або якім апаніруе, прапаноўваюцца тэмы новых пошукаў і прагнозаў карысных выкапняў і шмат іншага, што на самым высокім узроўні можа зрабіць толькі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.

Захопленасць навукай, служэнне любай Бацькаўшчыне, высокія чалавечыя якасці прыцягваюць да Радзіма Гаўрылавіча ўсіх, хто яго ведае. Яму ўласцівы шляхетная інтэлігентнасць, аптымізм і добразычлівасць, дэмакратызм, увага да калег і вучняў, здольнасць бачыць галоўнае ў складаных праблемах. Ён — маральны аўтарытэт і жыццёвы арыенцір для ўсіх, каму дарагая Беларусь.

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі — адзін з тых, хто працягвае ствараць Беларусь, аб якой марыў яго бацька: заможнай, культурнай, адроджанай, вольны народ якой сацыяльна і нацыянальна свядомы, не саромеецца «беларусам звацца». «І над усім — ва ўсім — перш за ўсё Вялікае Роднае Слова, Мова, крыніца жыцця, падстава неўміручасці, душа і сэрца народа, яго Бог, яго жыццё, сам народ» (З запісной кніжкі Г. Гарэцкага, «Ахвярую сваім «Я», 1998).

Напярэданні Юбілею вельмішаноўнага Радзіма Гаўрылавіча шматлікія прыхільнікі яго Таленту і яго Спраў, беларусы ўсяго свету зычаць яму моцы духу, добрага здароўя, шчасця і радасці ад сваёй вялікай і так неабходнай сучаснікам працы дзеля светлай будучыні нашай Бацькаўшчыны!

«Новы Час» далучаецца да віншаванняў!