Інстаграм-акаунт праекта «Беларускі мартыралог» і сацсеткі Максіма Каца прызнаныя «экстрэмісцкім». Хронікі рэпрэсій 8 жніўня
Суд Савецкага раёна Мінска 5 жніўня 2025 года прызнаў інфармацыйную прадукцыю інстаграм-акаўнта belarusianmartyrology «экстрэмісцкай». Таксама прызналі «экстрэмісцкімі» ў Беларусі сацсеткі расійскага блогера Максіма Каца. Гаворка пра YouTube-канал, Telegram-канал, а таксама старонкі ў Instagram, Facebook, «X». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Пружанскага раёну 4 жніўня.

«Беларускі мартыралог» — гэта больш за 700 партрэтаў палітвязняў Беларусі, створаных мастачкай Ксішай Ангелавай. Праект рэалізуецца ініцыятывай «Хрысціянская візія» пад каардынацыяй Наталлі Гарковіч і прысвечаны захаванню памяці пра рэпрэсаваных, сведчанням іх мужнасці і стойкасці. Выстава партрэтаў пабывала ў розных краінах, у тым ліку ў Рыме і Капенгагене, дзе суправаджалася перформансамі і публічнымі дыскусіямі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Акрамя таго, «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі Telegram-каналы «Fundacja Tutaka», старонкі ў Instagram «klasby84», «chinchinchannelofficial», «_kosovo_lt», «Andrei», старонка ў Facebook «Ihar Sluchak» і старонка ў TikTok «mahno933».
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1730 дзён, Дзяніс Івашын — 1610 дзён.
73-гадовую беларускую пенсіянерку асудзілі за «абразу Лукашэнкі»
8 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі яшчэ 13 прозвішчаў — цяпер у ім 5589 чалавек
Там з'явілася імя жыхаркі Мінска Надзеі Фёдараўны Фафанавай. Згодна з інфармацыяй МУС, жанчыне 73 гады — у сярэдзіне жніўня ёй споўніцца 74. Яе асудзілі «абразу Лукашэнкі» і «распальванне варожасці».
Які менавіта тэрмін прызначылі жанчыне — невядома. У спісе МУС пазначана, што яе «судзімасць не пагашана».
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
У Магілёўскай вобласці сілавікі збіраюць ДНК сваякоў людзей, што з'ехалі з Беларусі
Як стала вядома @MAYDAYMog, за апошнія два тыдні было некалькі выпадкаў, калі да сваякоў актывістаў і былых палітвязняў, якія з'ехалі з краіны, прыходзілі супрацоўнікі РАУС, каб узяць генетычны матэрыял (сліну).
Прычынай называюць фармаванне базы дадзеных ДНК, каб, у выпадку неабходнасці, людзей за мяжой «можна было апазнаць».
Акрамя таго, MAYDAY атрымала пацверджанне, што такая практыка існуе ў розных гарадах Беларусі.