У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — кааліцыя ініцыятыў «Green Network». Хронікі рэпрэсій 5 жніўня

Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 30 ліпеня. У«Green Network» уваходзяць праекты «Belarus Beehive», «Зялёны Партал» і «Экадом». Паводле ведамства, дачыненне да «Green Network» маюць Герасімавіч Глеб, Мількамановіч Аляксандр, Герасімава Наталля, Бекіш Яраслаў.

1_1097_1.png

Следчы камітэт сцвярджае, што ідэнтыфікаваў яшчэ 207 удзельнікаў святкавання Дня волі за мяжой

Ведамства піша, што гэта актывісты з Польшчы, ЗША, Літвы, Канады і Вялікабрытаніі. Паведамляецца, што ў дачыненні да іх распачалі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

«У ходзе расследавання крымінальнай справы ўстаноўлены аб'екты ўласнасці фігурантаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Вынесены пастановы аб правядзенні ператрусаў і накладанні арышту на маёмасць. Разглядаецца пытанне аб прымяненні механізма спецыяльнай вытворчасці».

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1727 дзён, Дзяніс Івашын — 1607 дзён. 

Прадалі 1/12 долі ў праве ўласнасці на жылы дом палітычнай эмігранткі і ўдзельніцы стачкаму «Гроднапрамбуд» Юліі Сліўко

Адзіны ўдзельнік даў згоду на пакупку, піша @nebovkletku.

У дома ёсць абмежаванні — забарона на здзяйсненне рэгістрацыйных дзеянняў, арышт 1/12 долі, зарэгістраванай за Юліяй Сліўко. Гэта значыць, што нельга прадаць, падарыць, абмяняць, перадаць у заклад долю, на якую наклалі забарону.

Юлія Сліўко стала кіраўніцай страйкаму на  «Гроднапрамбуд» у жніўні 2020 года. Яна з'ехала ў Польшчу пасля пагроз ёй і яе родным.

Мінінфарм прыпыніў дзейнасць пінскага рэкламнага агенцтва

Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзеянне пасведчання выдаўца друкаваных выданняў ТДА «Інфармацыйнае рэкламнае агенцтва "Паляшук"».

«На 10 дзён прыпынена дзейнасць ТДА «Інфармацыйнае рэкламнае агенцтва «Паляшук», якая здзяйсняецца ў адпаведнасці з выдадзеным пасведчаннем аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца друкаваных выданняў, у сувязі з парушэннем абзаца пятага пункта 1 артыкула 32 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб выдавецкай справе"».