Пасля 2020 года ў Беларусі па «антыэкстрэмісцкіх» падставах распачата як мінімум 22 500 крымінальных спраў. Хронікі рэпрэсій 7 жніўня

 «ARTICLE 19» і «Human Constanta» прадставілі аналіз законаў аб барацьбе з экстрэмізмам, якія ўсё часцей выкарыстоўваюцца рэжымам у Беларусі для пераследу нязгодных. Абвяшчэнне практычна любой нязгоды «экстрэмізмам» або «тэрарызмам» стала асноўным інструментам рэпрэсій. Пераслед за «экстрэмізм» часта прымае абсурдныя формы — песні, мемы і анімэ.

1_1097_1.png

Аднак наступствы далёка не гумарыстычныя — беларускія суды неаднаразова выносілі жорсткія прысуды за анлайн-ахвяраванні, анлайн-каментары або адміністраванне анлайн-платформаў. Пасля пратэстаў 2020-2021 гадоў улады Беларусі паведамілі пра як мінімум 22 500 крымінальных спраў, узбуджаных па «антыэкстрэмісцкіх» падставах

«Экасістэма» рэпрэсій супраць «экстрэмізму» грунтуецца на спецыялізаваных законах аб барацьбе з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам», адпаведных крымінальных і адміністрацыйных правапарушэннях, шматлікіх «экстрэмісцкіх» спісах, папраўках, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства за «экстрэмісцкія злачынствы», уводзіць смяротнае пакаранне за «акты тэрарызму» і «дзяржаўную здраду», а таксама ўводзіць у турмах грыфы «схільны да экстрэмізму». Палітызаваны характар гэтай сістэмы неаднаразова крытыкаваўся, у тым ліку Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Групай незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, дакладчыкамі Маскоўскага механізму АБСЕ, а таксама міжнароднымі і мясцовымі няўрадавымі арганізацыямі.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1729 дзён, Дзяніс Івашын — 1609 дзён. 

Журналіста Данііла Палянскага асудзілі да 10 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»

Брэсцкі абласны суд 25 ліпеня ў закрытым рэжыме вынес прысуд 53-гадоваму журналісту-фрылансеру Даніілу Палянскаму, піша @bajmedia. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і прызначылі яму 10 гадоў зняволення, а таксама штраф памерам 500 базавых велічыняў (21 000 рублёў). Сутнасць абвінавачвання невядомая. 

53-гадовы Данііл Палянскі — брэсцкі журналіст. У якасці відэааператара ў свой час супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў вядомы ў Брэсце як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».

На пачатку верасня 2024 года Палянскі ездзіў у Расію да сваякоў. У дарозе здарыўся інцыдэнт з расійскімі сілавікамі. Яго аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ФСБ і пасля звінавацілі ў адміністрацыйным парушэнні за непадпарадкаванне — нібыта ён адмовіўся паказваць дакументы.

У Беларусі +8 новых палітвязняў

Гэта Анастасія Гарчакова, Анастасія Сікірская, Павел Аляксееў,  Аляксандр Здаравеннаў, Рычард Логвінаў, Валянцін Нікішын, Кацярына Дзяруга, Ян Пацюпа.

У асноўным яны зняволеныя паводле артыкулаў аб стварэнні або ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

У Беларусі заблакавалі ўкраінскі навінавы сайт «Главком»

Гэта зроблена па пастанове пракурора Магілёўскай вобласці.

Сцвярджаецца, што на сайце «размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчалі заведама ілжывыя звесткі аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, а таксама матэрыялы, накіраваныя на дыскрэдытацыю кіраўніка дзяржавы, органаў улады і кіравання».