У Мінску з аўкцыёну прадаюць кватэру Аляксандры Герамісені. Хронікі рэпрэсій 6 жніўня

На таргі выстаўлены чатырохпакаёвая кватэра і парковачнае месца плыўчыхі, піша «Люстэрка». Кватэра размешчана на вуліцы Філімонава. Яе агульная плошча — 120,5 квадратнага метра. Сярод абцяжарванняў — арышт следчых органаў. У кватэры зарэгістраваны тры чалавекі, у тым ліку адзін непаўналетні.

1_1097_1.png

Даўжніком указана Герасіменя Аляксандра Віктараўна — поўная цёзка беларускай спартсменкі. Яна ж указана ў аб’яве аб продажы машынамесца побач з домам, у якім прадаецца кватэра.

Таргі прызначаны на 19 жніўня.

Нагадаем, у снежні 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў трохразовай медалістцы Алімпійскіх гульняў 12 гадоў калоніі завочна.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1728 дзён, Дзяніс Івашын — 1608 дзён. 

 Алену Гнаўк трымаюць у ПКТ у атачэнні псіхічна-хворых зняволеных 

Пра сітуацыю з палітзняволенымі, якія ўтрымліваюцца ў рэчацкай калоніі для жанчын-рэцыдывістак, Радыё Рацыя распавяла Паліна Шарэнда-Панасюк.

Паводле яе, Алене Гнаўк увесну працягнулі знаходжанне ў памяшканні камернага тыпу за кошт таго, што кінулі на 15 сутак у ШІЗА. А кінулі ў ШІЗА за тое, што яна пачаставала на 8 сакавіка людзей цукеркамі. Таксама яе трымаюць у атачэнні псіхічна-хворых зняволеных. Ёсць звесткі, што 68-гадовую Алену Гнаўк яны збіваюць.

Такая ж цяжкая сітуацыя ў Вольгі Маёравай, яна па-ранейшаму знаходзіцца пад абсалютнай забаронай на перадачы ад родных і грашовых пераводаў ад родных. Па меркаванні Паліны Шарэнды-Панасюк, менавіта пад інфармацыйным ціскам, калі пашлі навіны, што гэтыя жанчыны там утрымліваюцца і ў якіх умовах іх трымаюць у калоніі, праверылі зрок Вользе Маёравай, і быў выстаўлены дыягназ – ірыдацыкліт. Гэта небяспечная хвароба, якая, калі няма лячэння, вядзе да слепаты.

Прапагандыст у эфіры пералічыў адрасы аб'ектаў нерухомасці, якой валодаюць некаторыя з беларусаў, якія з'ехалі за мяжу

Раней афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта заявіў, што ўдзельнікі замежных акцый прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

— Удала супала, што ў мяне ў руках — табліца з фатаграфіямі, асабістымі данымі і пералікам маёмасці гэтых самых 207 грамадзян, што засталася ў Беларусі, — паведаміў Ігар Тур у эфіры АНТ і агучыў імёны, прозвішчы, імя па бацьку і адрасы некаторых з іх.

Асаблівы акцэнт прапагандыст зрабіў на адной з фігурантак пераліку, у якой «два дамы з участкамі ў Бярэзінскім раёне, яшчэ адзін дом — у Бабруйску і там жа яшчэ кватэра», піша «Люстэрка».

— Валянціна Віктараўна, добры вечар. Яно таго варта? — звярнуўся прапагандыст да беларускі, якой належаць пералічаныя ім аб'екты нерухомасці, дадаўшы, што 5 жніўня «па краіне пачаліся ператрусы па адрасах гэтых 207 грамадзян».

У Беларусі +5 новых палітвязняў

Праваабаронцы 6 жніўня прызналі палітычнымі зняволенымі наступных асоб:

Вадзім Здаравеннаў — змешчаны пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;

Ігар Бурдэль — змешчаны пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;

Станіслаў Сіліч — змешчаны пад варту па арт. 367, 368, 369, 130 КК за паклёп і абразу Лукашэнкі, абразу прадстаўніка ўлады і распальванне іншай ссацыяльнай варожасці;

Марына Мазоўка — асуджана па ч. 3 арт. 361 КК за заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый) да пазбаўлення волі ў калоніі;

Вольга Калпакова — асуджана па арт. 188, 368, 369-1 КК за паклёп, абразу А. Лукашэнкі, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.