«Вясна»: З 2020 года мінімум 8 519 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. Хронікі рэпрэсій 4 жніўня
У Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў грамадскіх ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў, вядзецца ў аглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў ліпені, падрыхтаваным ПЦ «Вясна».

- На канец ліпеня ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 184 палітвязняў (з іх 175 — жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 48 чалавек. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 18 былых палітвязняў. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 044 чалавек. 2 860 чалавек, з якіх 593 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання.
Працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у ліпені «Вясна» зафіксавала 64 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.
Агулам з 2020 года мінімум 8 519 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 7 190 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды (у тым ліку 33 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне). Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц.
- Па звестках Вярхоўнага Суда, за шэсць месяцаў 2025 года па палітычных матывах асуджана 17 непаўналетніх: дзевяць асуджаныя за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» паводле арт. 342 КК; два — «за абразу А. Лукашэнкі» па арт. 368 КК, яшчэ два — за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» па арт. 361-4 КК і «здзек над дзяржаўнымі сімваламі» па арт. 370 КК.
- У зняволенні знаходзяцца 37 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
- Улады працягваюць утрымліваць у няволі прафсаюзных лідараў Вольгу Брыцікаву, Вячаслава Арэшку,Генадзя Фядыніча, Аляксандра Ярашука, Андрэя Ханевіча, Аляксандра Кандрацюка і фігурантаў справы «Рабочага Руху».
- Працягваюцца затрыманні па крымінальных справах, звязаных з уцечкай у лютым 2025 года даных з чата, куды бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн» перанакіроўваў паведамленні ад людзей з Беларусі: вядома ўжо пра 35 фігурантаў, і гэта толькі частка. Не менш за шэсць з іх ужо асуджаныя.
- У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум восем палітвязняў: Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Аляксандр Францкевіч. Праваабаронцы атрымалі звесткі, што Алена Гнаук доўгі час не мае сувязі са сваякамі.
- На канец месяца вядома пра 47 палітвязняў, якім тэрмін пазбаўлення волі, прызначаны рашэннем суда, быў адвольна падоўжаны з выкарыстаннем арт. 411 КК за сукупнасць дысцыплінарных спагнанняў, многім неаднаразова. Агулам такім мерам падвяргаліся не менш за 67 чалавек, некаторыя з іх ужо вызваленыя.
- Працягваюць паступаць звесткі аб выбарчым у параўнанні з іншымі асуджанымі абмежаванні правоў палітвязняў у калоніях і турмах. Так, палітвязень Дзяніс Івашын ужо сем месяцаў не атрымлівае магчымасці патэлефанаваць родным і жонцы з турмы.
- Пасля вызвалення з беларускіх турмаў па памілаванні палітвязні ўсё часцей аказваюцца не дома, а за мяжой — прымусова вывезеныя з мяшкамі на галовах, пад наглядам сілавікоў. Так пасля памілавання з краіны былі дэпартаваныя ўжо восем беларусаў, якія не маюць другога грамадзянства.
- У ліпені ўлады працягнулі кампанію па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам. Мэты беларускага ўрада рэзка кантрастуюць з мэтамі міжнародных арганізацый, якія супрацьстаяць тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму, паколькі яго асноўная ўвага засяроджана на падаўленні іншадумства і пратэстаў.
Канвеер цэнзуры інфармацыі працягвае функцыянаваць праз пашырэнне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У ліпені было вынесена 104 судовых рашэнняў, што на 20 больш, чым у чэрвені. Спіс на сённяшні дзень змяшчае больш за 7 000 адзінак экстрэмісцкай прадукцыі, а дакумент — амаль 1800 старонак.
На 31 ліпеня спіс экстрэмісцкіх фармаванняў уключаў 302 структуры і персанальных старонак, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Адпаведна, іх дзейнасць забароненая, а стварэнне, удзел і любое ўзаемадзеянне з імі – крыміналізававана.
93 чалавекі дадалі ў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», што на 30 менш, чым у мінулым месяцы. Агулам у спісе знаходзяцца 5 559 чалавек, у дачыненні да якіх уступіў у сілу прысуд па артыкуле «экстрэмісцкай» накіраванасці.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы адзінаццаці чалавек. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1 326 чалавек, з іх 630 — беларусы, унесеныя ў спіс па палітычных матывах.
Пасля дзесяцімесячнага перапынку ў спіс арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, па рашэнні Вярхоўнага суда ўнеслі новую структуру — Аб'яднаны пераходны кабінет, створаны ў 2022 годзе за мяжой орган дэмакратычных сіл Беларусі, які пазіцыянуе сябе як часовы альтэрнатыўны ўрад для арганізацыі пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратыі. Названыя імёны 10 чалавек, якія маюць дачыненне да дзейнасці АПК.
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1726 дзён, Дзяніс Івашын — 1606 дзён.
Пробашч самага вядомага мінскага касцёла прызнаў, што яго звольнілі па загадзе зверху
Адзін з самых вядомых і заслужаных каталіцкіх святароў Беларусі, шматгадовы пробашч закрытага ўладамі ў 2022 годзе Чырвонага касцёла ў Мінску ксёндз Уладзіслаў Завальнюк упершыню публічна пракаментаваў сваё звальненне, якое адбылося год таму.
У відэа Завальнюк пацвердзіў, што не падаваў прашэння аб адстаўцы, як сцвярджалася афіцыйна. З ягоных слоў, яго адправілі на «незаслужаны адпачынак» «на загад зверху — але не ад Папы».
На пенсію адправілі мяне па загадзе звыш [пры гэтым паказаў уніз], але не Папы [Рымскага]. Адхілілі, адлучылі мяне ад алтара, адпраўлення святой Імшы, ад Касцёла, душпастырства – разумей, ад народа.
Фармальна святара адправілі ў адстаўку ў 2024 годзе па дасягненні ім 75-годдзя. Раней ужо выказваліся меркаванні, што адстаўка ксяндза, які крытыкаваў улады Беларусі, разглядалася як адна з умоў для магчымага вяртання Чырвонага касцёла вернікам. Але касцёл так і не вярнулі.
Фотаздымак журналіста Сяргея Скулаўца змясцілі на стэндзе аб вышуку
Фотаздымак былога журналіста тэлеканала «Белсат» Сяргея Скулаўца змясцілі на міліцэйскім стэндзе сярод асоб, якія знаходзяцца ў вышуку «за здзяйсненне злачынстваў», піша БАЖ.

Фота: з сацсетак Сяргея Скулаўца
Абвестку пра вышук, размешчаную на стэндзе каля аддзела ўнутраных спраў Івацэвіцкага раёна, для Сяргея сфатаграфавалі знаёмыя. З арыентыроўкі вынікае, што супраць былога журналіста распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
«Як доўга вісіць абвестка, я не ведаю. Але найперш кінулася ў вочы, што там напісана “расшукваецца ў сувязі са здзяйсненнем злачынства” — нібыта я ўжо прызнаны вінаватым. З гэтага можна зрабіць толькі дзве высновы: ці міліцыянты не ўмеюць пісьменна фармуляваць свае думкі, ці насамрэч ужо адбыўся нейкі суд. Хаця мне пра гэта нічога невядома», — зазначае Сяргей Скулавец.
Таксама ён распавёў, што на мінулым тыдні супрацоўнікі міліцыі прыязджалі ў вёску Ябланка Івацэвіцкага раёна, дзе журналіст раней трымаў фермерскую гаспадарку. Міліцыянты паказвалі вяскоўцам ягоныя фотаздымкі, спампаваныя з інтэрнэта, і пыталіся, ці ведаюць яны такога чалавека, ці даўно яго бачылі і гэтак далей.
Прыблізна тыя ж пытанні задавалі і маці Сяргея Скулаўца. У мінулым месяцы жанчыну выклікалі ў Следчы камітэт. Пра канкрэтнае абвінавачанне нічога не прагучала, апроч таго, што яно нібыта «звязанае з “Белсатам”». Да таго сілавікі прыходзілі з ператрусамі да маці і бабулі былога журналіста. Пасля таго, як пад Новы год сілавікі зладзілі чарговы ператрус у 86-гадовай жанчыны, яна пражыла ўсяго некалькі тыдняў. Магчыма, адыгрыў сваю ролю атрыманы тады стрэс, мяркуе Сяргей.
Сяргей Скулавец пакінуў Беларусь у чэрвені 2023 года. Да гэтага некалькі гадоў непублічна супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат». Калі яго папярэдзілі, што чакаецца чарговая хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў, яго сям’я вырашыла эміграваць і цяпер жыве ў ЗША. Ужо ў эміграцыі Сяргей Скулавец даў інтэрв’ю пра пераслед з боку ўладаў, свой ад’езд і жыццё ў Амерыцы.
У Беларусі абнавілі спіс забароненых да распаўсюду кніг — сярод іх Муракамі і Вулф
Міністэрства інфармацыі дадала яшчэ 31 кнігу ў спіс забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў. Агулам у спісе 141 пазіцыя.