У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 17 прозвішчаў — цяпер у ім 5576 чалавек. Хронікі рэпрэсій 1 жніўня

 МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

1_1097_1.png

Сярод іншых, у спіс дадалі адразу 10 чалавек, асуджаных паводле «народнага» арт. 342 КК.

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.

Facebook-старонка палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага прызнаная «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Горацкага раёну 31 ліпеня. У «экстрэмісцкі спіс» трапіў і Telegram-канал «Klaskouski».

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Aloisowna», «алоисовна?»;
  • Instagram-старонкі «defenders.bу», «bigviktar, warpunx»;
  • Старонка ў «Х» «MARA – Vereniging van Belarusen in Nederland»;
  • Старонка ў Facebook «Aliaksandr Klachko»;
  • TikTok-старонкі «belarusnovosti2», «102b11», «LIchtar_by», «evreichik_ja», «gomel_novosti», «nnmmmmf».

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1723 дня, Дзяніс Івашын — 1603 дня. 

Былую кандыдатку ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі асудзілі за ўдзел у пратэстах

Маргарыце Шчырэц 40 гадоў. Яна мінчанка. Працавала кантралёрам на заводзе «Сфера», які ўваходзіць у склад холдынга БелАМА і знаходзіцца на вуліцы Макаёнка ў Мінску. Мяркуючы па фота з сацсетак, у жанчыны ёсць дзіця, піша «Наша Ніва».

Маргарыта доўгі час была сябрам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Яна была ў ініцыятыўнай групе Сяргея Гайдукевіча на прэзідэнцкіх выбарах — 2010. А ў 2014-м балатавалася ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў ад партыі — натуральна, прайграла. Пасля гэтага ў публічным полі не з'яўлялася.

Маргарыту затрымалі напрыканцы 2024 года — з канца лістапада яна перастала быць актыўнай адначасова ва ўсіх сацсетках. З таго часу анлайн яна не з'яўлялася.

Жанчыну асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па ч. 1 арт. 342 КК — «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Прысуд, як і сутнасць абвінавачанняў — невядомыя.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «TCU»

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 30 ліпеня.

Паводле ведамства, дачыненне да «TCU» маюць Ілля Сіланцьеў, Кірыл Лялюйка, а таксама Аляксей Кудзін.

У Беларусі +7 новых палітвязняў

Гэта Марына Петражыцкая, Наталля Навіцкая, Ірына Шумейка, Арцём Шынкевіч, Аксана Шаляпіна, Дзмітрый Царук, Дзяніс Цыбульскі.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы папярэджвае аб павышанай пагрозе затрыманняў літоўцаў у Беларусі

Гэта звязана з прызнаннем YouTube-канала «DELFI Литва» ў Беларусі «экстрэмісцкім».

Канал «DELFI Литва» мае больш за сто тысяч падпісчыкаў. Паводле ацэнак ДДБ, уключэнне гэтага канала ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» павялічвае верагоднасць затрымання і адміністрацыйнага арышту грамадзян Літвы, якія ўязджаюць на тэрыторыю Беларусі.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі адзначае, што раней былі выпадкі, калі па прыбыцці ў Беларусь беларускія сілавікі шукалі ў лічбавых камунікацыйных прыладах літоўскіх грамадзян даныя аб наведванні вэбсайтаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». За гэта яны былі арыштаваны, піша Delfi.

Палітзняволеную Насту Лойка перавялі на паўгода ў памяшканне камернага тыпу

Як стала вядома «Нашай Ніве», зняволенай праваабаронцы Насце Лойка пастрожылі ўмовы зняволення.

Праблемы ў Насты пачаліся пасля таго, як восенню 2024-га яе адвезлі з калоніі ў Мінск для ўдзелу ў судзе ў якасці сведкі. Калі Лойку пасля гэтага вярнулі ў калонію, то перавялі ў іншы атрад і працэсу шэраг «парушэнняў» — праз гэта яна і трапіла ў ПКТ.

У ПКТ зняволенага ізалююць ад астатніх людзей, ён пастаянна знаходзіцца ў камеры (можа быць адзін, можа і з некалькімі суседзямі), трапляючы на свежае паветра толькі падчас прагулак. Умовы ў ПКТ лепшыя, чым у ШІЗА, зняволены хаця б мае падушку і коўдру.

Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка 2022-га. Праваабаронцу асудзілі да 7 гадоў зняволення па артыкуле 130 КК («распальванне варажнечы»).